Жоўты план, Гельб-план, План «Гельб» (ням.: Fall Gelb) — кодавая назва нямецкага плана бліцкрыгу супраць краін сучаснага Бенілюкса: Бельгіі, Галандыі, Люксембурга, а таксама Францыі у 1940 годзе. Пазней быў часткова рэалізаваны падчас гітлераўскага наступу, вядомага як Французская кампанія. План стаў адным з этапаў «Дзіўнай вайны», якая была ўмела выкарыстана нямецкім камандаваннем як свайго роду стратэгічная паўза-перадышка. Гэта дазволіла Германіі паспяхова завяршыць Польскую кампанію, рэалізаваць план акупацыі Даніі і Нарвегіі (Дацка-Нарвежская аперацыя), а таксама падрыхтаваць уварванні ва Францыю (уласна План «Гельб»), канчаткова замацаваць вынікі Аншлюса (анексія Аўстрыі) і захопу Судэтаў. Як развіццё гэтага плана разглядаўся План «Рот».

Нямецкі план наступу на Францыю, Бельгію, Люксембург і Галандыю

Альтэрнатывы плана

правіць

Першы варыянт ваеннай кампаніі «Гельб», вядомы як «План ОКХ», меў хутчэй тэарэтычны, пазіцыйны характар. Яму не наканавана было ажыццявіцца. Іншы варыянт, вядомы як «План Манштэйна», апынуўся больш удалым і быў паспяхова рэалізаваны 10 мая 1940 года ў першай фазе Французскай кампаніі. Вынікам ажыццяўлення плана стала акупацыя нямецкімі войскамі тэрыторый Бельгіі, Галандыі, Люксембурга і паўночнай Францыі.

Абазначэнне стратэгічных мэт

правіць

Распрацоўка наступу на Францыю была распачата 27 верасня 1939 года. На зборы галоўнакамандуючых і военачальнікаў штабоў Гітлер падкрэсліў: «Мэта вайны — паставіць Англію на калены, разграміць Францыю».[1]

Супраць плана выступілі галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі Браўхіч і начальнік генеральнага штаба Гальдэр. Яны нават падрыхтавалі план адхілення Гітлера ад улады, але, не знойдучы падтрымкі камандуючага рэзервовай арміяй генерала Фрома, адмовіліся ад спробы.[2]

6 кастрычніка 1939 года нямецкія войскі завяршылі акупацыю Польшчы, а 9 кастрычніка камандуючым відамі ўзброеных сіл Браўхічу, Герынгу і Рэдэру было выслана «Пасланне аб вядзенні вайны на Заходнім фронце». У гэтым дакуменце на аснове канцэпцыі «бліцкрыгу» вызначаліся стратэгічныя мэты будучай кампаніі:

«3. … для далейшага вядзення ваенных дзеянняў загадваю:

а) на паўночным флангу Заходняга фронту падрыхтаваць наступ праз тэрыторыі Люксембурга, Бельгіі і Галандыі. Наступаць неабходна як мага большымі сіламі і як мага хутчэй;
б) мэта гэтай аперацыі — знішчыць, па магчымасці, вялікія аб'яднанні французскай арміі і саюзнікаў, якія знаходзяцца на яе боку, і адначасова захапіць як мага больш тэрыторыі Галандыі, Бельгіі і Заходняй Францыі, каб стварыць плацдарм для паспяховага вядзення паветранай і марской вайны супраць Англіі і пашырыць буферную зону жыццёва важнай Рурскай вобласці.»[3]

Вышэйшы нямецкі генералітэт ставіўся да ўказу Гітлера з сумневам. Адзін з генералаў нават выкрыкнуў: «Францыя — не Польшча!». Але, нягледзячы на апаскі правальнага зыходу аперацыі, галоўнакамандуючы сухапутных войскаў Вальтэр фон Браўхіч даў распараджэнне генеральнаму штабу (ОКХ) распрацаваць «Дырэктыву Гельб аб стратэгічным разгортванні войскаў».

Увасабленне плана «Гельб»

правіць
 
Ротэрдам пасля бамбардзіроўкі

10 мая 1940 года ў 5 гадзін 35 хвілін нямецкія войскі паводле плана «Гельб» пачалі шырокамаштабныя наступальныя дзеянні.

Наступ пачаўся з паветранага налёту на аэрадромы, камандныя пункты, ваенныя склады і самыя важныя індустрыяльныя цэнтры Галандыі, Бельгіі і Францыі. Выкарыстоўваўшы тактыку парашутных і планёрных дэсантаў, немцам атрымалася за кароткі тэрмін паралізаваць унутраныя раёны Нідэрландаў. 13 мая пачаўся штурм «Галандскай крэпасці», а ўжо 14 мая каралевай Галандыі была падпісана поўная капітуляцыя.

11 мая была разбурана абарона бельгійцаў на канале Альберта. З трох мастоў праз канал два былі захоплены нямецкімі дэсантнікамі практычна без бою. Вялікі рэзананс у свеце набыў дэсант на форт Эбен-Эмаэль. Апошнія ачагі супраціўлення бельгійскай арміі былі падушаны да раніцы 28 мая. Праз тэрыторыю Бельгіі, абыйдучы лінію Мажыно з поўначы, нямецкія войскі захапілі амаль усю Францыю. Рэшткі англа-французскай арміі былі адціснуты ў раён Дзюнкерка, дзе яны эвакуіраваліся ў Вялікабрытанію. Францыя вымушана была падпісаць ганебную капітуляцыю ў вядомым з 1918 года вагоне ў Камп’ене.

Зноскі

  1. Гальдэр Ф. Ваенны дзённік — верасень 1939
  2. Halder, F. Kriegstagebuch. Bd. III. Stuttgart, 1984
  3. «Военно-исторический журнал», 1968, № 1, стр.76—78.
  4. Heusinger, A. Befehl im Widerstreit. S. 83 — 84

Літаратура

правіць
  • Лиддел Гарт Б. Г. Вторая мировая война. — М.: АСТ, СПб.: Терра Фантастика, 1999.
  • Паллю Ж.-П. План «Гельб»: Блицкриг на западе 1940. — Эксмо, 2008. — ISBN 978-5-699-24394-5
  • Типпельскирх К. История Второй мировой войны. — СПб.:Полигон; М.:АСТ, 1999.
  • История второй мировой войны. 1939—1945.. — М.: Воениздат.
  • Фуллер Дж. Ф. Ч. Вторая мировая война 1939—1945 гг. Стратегический и тактический обзор.. — М.: Иностранная литература, 1956.
  • Уткин А. И. Вторая мировая война. — М.: Алгоритм, 2002.
  • Тейлор А. Дж. П. Вторая мировая война: Два взгляда. — М.: Мысль, 1995.

Спасылкі

правіць