Позняе Сярэдневякоўе

(Пасля перасылкі з Позняе Сярэднявечча)

Позняе Сярэдневякоўе, або Позняе Сярэднявечча — паняцце, ужыванае гісторыкамі для апісання перыяду еўрапейскай гісторыі ў XIV—XVI стагоддзях.

Позняе Сярэдневякоўе
Выява
Карта познесярэдневяковых дзяржаў
Месцазнаходжанне
Папярэдні ў спісе Высокае Сярэдневякоўе
Наступны ў спісе Адраджэнне і Ранні Новы час
Дата пачатку каля 1301
Дата заканчэння каля 1500 і 1492
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Позняму Сярэдневякоўю папярэднічае Высокае Сярэдневякоўе, а наступны перыяд завецца Новым часам. Гісторыкі рэзка разыходзяцца ў вызначэнні верхняй мяжы Позняга Сярэдневякоўя. Калі ў савецкай і постсавецкай гістарычнай навуцы прынята звязваць яго канец з англійскай грамадзянскай вайной, то ў заходнееўрапейскай навуцы канец Сярэдневякоўя звычайна звязваюць з пачаткам царкоўнай рэфармацыі або эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Позняе Сярэдневякоўе называюць таксама эпохай Адраджэння.

Жанна д'Арк, мініяцюра другой паловы XV ст.

Каля 1300 года перыяд росту і росквіту Еўропы скончыўся цэлай серыяй бедстваў, такіх як Вялікі голад 1315—1317 гадоў, які здарыўся з-за незвычайна халодных і дажджлівых гадоў, якія загубілі ўраджай. За голадам і хваробамі рушыла ўслед Чорная смерць, эпідэмія чумы, якая знішчыла больш за чвэрць еўрапейскага насельніцтва. Разбурэнне сацыяльнага ладу прывяло да масавых хваляванняў, менавіта тады бушавалі вядомыя сялянскія войны ў Англіі і Францыі, такія як Жакерыя. Дэпапуляцыя еўрапейскага насельніцтва была давершана спусташэннямі, учыненымі мангола-татарскім нашэсцем і Стагадовай вайной.

Нягледзячы на крызіс, ужо ў XIV стагоддзі ў Заходняй Еўропе пачаўся перыяд прагрэсу навук і мастацтваў, падрыхтаваны з'яўленнем універсітэтаў і распаўсюджаннем вучонасці. Адраджэнне цікавасці да антычнай літаратуры (гл. Старажытнагрэчаская літаратура і Старажытнарымская культура) прывяло да пачатку італьянскага Адраджэння. Старажытнасці, у тым ліку кнігі, накопліваліся ў Заходняй Еўропе ў часы крыжовых паходаў, асабліва пасля рабавання крыжакамі Канстанцінопаля і наступнага заняпаду культуры на Балканах, з-за якога візантыйскія вучоныя пачалі перасяляцца на Захад, асабліва ў Італію. Распаўсюджанню ведаў вельмі спрыяла вынаходства ў XV стагоддзі кнігадрукавання. Раней дарагія і рэдкія кнігі, у тым ліку Біблія, паступова станавіліся агульнадаступнымі, а гэта, у сваю чаргу, падрыхтавала еўрапейскую Рэфармацыю.

Дантэ, фрэска Даменіка дзі Мікеліна, 1465 г.

Рост варожай да хрысціянскай Еўропы Асманскай імперыі на месцы ранейшай Візантыйскай абумовіў цяжкасці ў гандлі з Усходам, што заахвоціла еўрапейцаў да пошуку новых гандлёвых шляхоў вакол Афрыкі і на захад, праз Атлантычны акіян і вакол свету. Плаванні Хрыстафора Калумба і Васка да Гамы адзначылі пачатак эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, якія ўмацавалі эканамічную і палітычную магутнасць Заходняй Еўропы.