Праводзячы пучок

Праводзячы пучок — асноўны элемент праводзячай сістэмы раслін; складаецца з ксілемы і флаэмы (у выпадку адкрытых праводзячых пучкоў маецца яшчэ і камбій)[1].

Праводзячы пучок злакаў на прыкладзе кукурузы. 1 — міжпучковая парэнхіма; 2 — механічная абкладка праводзячых пучкоў (склеранхіма); 3 — протафлаэма; 4 — суправаджалыя клеткі метафлаэмы; 5 — сітападобныя трубкі метафлаэмы; 6 — сасуды метаксілемы; 7 — сасуд протаксілемы; 8 — ваданосны канал

Сустракаюцца таксама няпоўныя праводзячыя пучкі, якія складаюцца толькі з ксілемы або толькі з флаэмы. Апроч праводзячых элементаў, няпоўныя праводзячыя пучкі могуць уключаць парэнхімныя клеткі[2].

Развіццё правіць

Праводзячы пучок развіваецца з пракамбію. Спачатку ён складаецца з толькі з першасных праводзячых тканак: протафлаэмы, якая дыферэнцыюецца самай першай, і протаксілемы, якая ўтвараецца пазней. У далейшым іх змяняюць метаксілема і метафлаэма[1].

У сцеблах двухдольных яшчэ да заканчэння дыферэнцыяцыі першасных праводзячых тканак з клетак пракамбію, размешчаных у сярэдняй частцы, вылучаюцца клеткі камбію. У гэтым выпадку гавораць, што праводзячы пучок становіцца адкрытым. Камбій дае пачатак другаснай ксілеме і флаэме[1].

Тыпы праводзячых пучкоў правіць

  Абазначэнні:

  ксілема

  флаэма

  камбій

Пучкі: A. канцэнтрычны амфікрыбральны;

B. канцэнтрычны амфівазальны;
C. складаны радыяльны;
D. калатэральны закрыты;
E. калатэральны адкрыты;
F. бікалатэральны.

Паводле ўзаемнага размяшчэння ксілемы і флаэмы, а таксама наяўнасці і адсутнасці камбію[1] вылучаюць наступныя тыпы праводзячых пучкоў:

  • калатэральныя[3] праводзячыя пучкі — пучкі, у якіх флаэма размешчана звонку ад ксілемы[4]. Могуць быць адкрытымі (з камбіем) і закрытымі (без камбію)[5]. Закрытыя пучкі характэрны для аднадольных, пазбаўленых камбію.
  • бікалатэральныя праводзячыя пучкі — пучкі, у якім флаэма прылягае да ксілемы звонку і знутры. Паміж вонкавай флаэмай і ксілемай знаходзіцца камбій, гэта значыць бікалатэральны пучок — адкрыты[6]. Уласцівыя для некаторых двухдольных, напрыклад, гарбузовых[3].
  • радыяльныя праводзячыя пучкі характэрны для каранёў. У іх экзархныя першасныя ксілема і флаэма размяшчаюцца з чаргаваннем радыяльных цяжоў. Колькасць цяжоў ксілемы заўсёды роўная колькасці цяжоў флаэмы[7]. Паводле колькасці цяжоў ксілемы (а значыць, і флаэмы) вылучаюць:
    • манархныя радыяльныя праводзячыя пучкі з 1 цяжам ксілемы і 1 цяжам флаэмы[7]. Сустракаюцца вельмі рэдка, характэрны для некаторых відаў папараці вужоўніку[8].
    • дыархныя — 2 цяжы ксілемы і 2 цяжы флаэмы[7]. Найбольш распаўсюджаны тып радыяльных праводзячых пучкоў[8].
    • тры-, тэтра-, пентархныя — з 3, 4, 5 адпаведна цяжамі ксілемы і флаэмы[7].
    • паліархныя — з вялікай колькасцю цяжоў ксілемы і флаэмы; характэрны для аднадольных[7].
  • канцэнтрычныя праводзячыя пучкі — адна з тканак (ксілема або флаэма) акружае іншую[3]. Адрозніваюць:
    • амфівазальныя канцэнтрычныя праводзячыя пучкі — ксілема акружае флаэму. Маюцца ў некаторых аднадольных, напрыклад, драцэн[3].
    • амфікрыбральныя — ксілема акружана флаэмай. Характэрны для папарацей[3].

Зноскі правіць

Літаратура правіць

  • Лотова Л. И. Ботаника: Морфология и анатомия высших растений. — Изд. 4-е, доп.. — М.: Книжный дом «ЛИБРОКОМ», 2010. — 512 с. — ISBN 978-5-397-01047-4.
  • Лотова Л.И., Нилова М.В., Рудько А.И. Словарь фитоанатомических терминов: учебное пособие. — М.: Издательство ЛКИ, 2007. — 112 с. — ISBN 978-5-382-00179-1.

Спасылкі правіць