Пуцявінамі Янкі Купалы
«Пуцявінамі Янкі Купалы» — зборнік дакументаў і матэрыялаў, прысвечаных жыццю і творчасці беларускага паэта Я. Купалы. Выдадзены ў 1981 годзе ў Мінску ў выдавецтве «Навука і тэхніка».
«Пуцявінамі Янкі Купалы» | |
---|---|
Жанр | зборнік дакументаў і матэрыялаў |
Аўтар | Г. В. Кісялёў (укладальнік) |
Мова арыгінала | беларуская |
Выдавецтва | «Навука і тэхніка» |
Колькасць старонак | 312 с., 1 л. партр.: іл. |
Падрыхтаваны гісторыкам і літаратуразнаўцам Г. Кісялёвым.
Змест
правіцьЗмешчаны дакументы і матэрыялы з 16 архіваў, з прэсы дарэвалюцыйнага і даваеннага часу і іх каментарыі. У зборніку змешчаны: расшвфроўка ўсёй радаслоўнай роду Луцкевічаў з XVII ст.; пасямейныя спісы Мінскай мяшчанскай управы (апублікаваныя ўпершыню), дзе згадваецца «Доминика сын Иван» — будучы Купала і яго сваякі; выпіска з метрычнай кнігі Радашковіцкага касцёла за 1882 год; расшыфроўка і каментарыі ўсіх запісаў у пашпарце паэта, якім ён карыстаўся на працягу 1907—1920 гадоў.
У зборніку апублікаваны пісьмы У. І. Самойлы да Б. І. Эпімах-Шыпілы (1909 год) і Б. І. Эпімах-Шыпілы да Л. М. Клейнбарта (1928 год) і іншыя цэнзурныя матэрыялы, што датычыць суіыкненняў Я. Купалы з цэнзурай (забарона брашуры І. С. Свянціцкага, у якой былі надрукаваны вершы Я. Купалы «Што ты спіш?» і «Там», і зборніка вершаў «Жалейка»), таго, як паэт імкнуўся хутчэй правесці праз цэнзуру на сцэну драматычныя творы беларускіх пачынаючых аўтараў (напрыклад, п’есу Л. Родзевіча «Блуднікі»), яго сутыкненняў з цэнзурай як рэдактара «Нашай Нівы» (грунтоўна пракаменціраваны дакументы судовай справы Я. Купалы 1915—1916 гг.).
Упершыню апублікаваны матэрыялы вучобы Я. Купалы ў верасні 1915—студзені 1916 гадоў у Маскоўскім гарадскім народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага. Дзесяць дакументаў з фондаў Дзяржаўнага архіва Смаленскай вобласці раскрываюць яшчэ адну старонку біяграфіі паэта, калі ён вымушаны быў працаваць раз’язным агентам аддзела забеспячэння Заходняй вобласці ў Смаленску ў 1918 годзе.
Шматлікія матэрыялы зборніка расказваюць пра купалавы юбілеі (50-годдзе паэта, 20-годдзе літаратурнай дзейнасці ў 1925 годзе, калі Купалу было нададзена ганаровае званне народнага паэта Беларусі, 25-, 30-, 40-годдзі літаратурнай дзейнасці). У зборніку прыведзены некаторыя пісьмы і публіцыстычныя творы Я. Купалы, якія да гэтага не трапілі ў зборы твораў паэта.
Змешчана 17 ілюстрацый, імянны паказальнік.
Публікацыя
правіць- Пуцявінамі Янкі Купалы: Дакументы і матэрыялы / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы; [Уклад., уступ. арт. Г. В. Кісялёва; Рэд. В. В. Барысенка, М. І. Мушынскі]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 312 с., 1 л. партр.: іл.
Літаратура
правіць- Саламевіч, Я. У. Грунтоўна і ўдумліва // Маладосць. — 1982. — № 6. — С.
- Саламевіч, Я. «Пуцявінамі Янкі Купалы» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 10.