Пыха і перадузятасць

раман

«Пы́ха і перадузя́тасць» (англ.: Pride and Prejudice) — раман англійскай пісьменніцы Джэйн Осцін, упершыню апублікаваны ў 1813 годзе. Лічыцца адным з найбольш значных яе твораў, а таксама самым вядомым шырокай публіцы.

Пыха і перадузятасць
англ.: Pride and Prejudice
Выданне
Тытульная старонка першага выдання 1813 года.
Жанр раман
Аўтар Джэйн Осцін
Мова арыгінала англійская
Дата напісання 1800-я[1][2]
Дата першай публікацыі 28.01.1813
Папярэдні Розум і пачуцці
Наступны Мэнсфілд-парк[d]
Персанажы Элізабэт Бэнэт, Джэйн Бэнэт[d], Мэры Бэнэт[d], Лідыя Бэнэт[d], Кэтрын Бэнэт[d], Містэр Дарсі, Джордж Уікхэм[d], містэр Бэнэт[d], місіс Бэнэт[d], містэр Уільям Колінз[d], лэдзі Кэтрын дэ Бур[d], Кэралайн Бінглі[d], містэр Гардынер[d], Джарджыяна Дарсі[d], Чарлз Бінглі[d], Мэры Кінг[d], містэр Джонс[d], Хагерстан[d], містэр Філіпс[d], Шарлота Лукас[d], сэр Уільям Лукас[d], місіс Хіл[d], міс дэ Бур[d], містэр Дэні[d], палкоўнік Фіцуільям[d], місіс Гардынер[d], місіс Хёрст[d], місіс Філіпс[d], Марыя Лукас[d], містэр Хёрст[d], капітан Картэр[d], лэдзі Лукас[d], палкоўнік Форстэр[d], місіс Форстэр[d], місіс Джэнкінсан[d], місіс Рэйналдс[d], місіс Янг[d] і містэр Доўсан[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Раман быў напісаны паміж 1796 і 1797 гадамі і ў сваёй першай версіі называўся «Першыя ўражанні». Ён быў адным з самых любімых тэкстаў на сямейных чытаннях Осцінаў. Перапрацаваны ў 1811 годзе, ён быў апублікаваны двума гадамі пазней — у студзені 1813 года. Раман атрымаў імгненны поспех, аднак Джэйн Осцін не набыла праз гэта ніякай вядомасці: раман быў апублікаваны без указання імя аўтара, бо яе становішча «жанчыны з добрага грамадства» перашкаджала прэтэндаваць на статус самастойнай пісьменніцы.

Пачынаючы з 1938 года, раман неаднаразова пераносіўся на тэле- і кінаэкраны. Існуе прынамсі восем прамых экранізацый і яшчэ шэраг твораў па матывах. Акрамя таго на аснове сюжэту або персанажаў рамана ствараліся іншыя літаратурныя творы і нават комікс, выдадзены «Marvel Comics»[3].

У сваім эсэ 1954 года «Дзесяць раманаў і іх аўтары» Уільям Сомерсет Моэм паставіў «Пыху і перадузятасць» на другое месца сярод дзесяці раманаў, якія ён лічыць найвялікшымі[4].

На беларускую мову пераклала Ганна Янкута[5].

Сюжэт правіць

Частка першая правіць

Місіс Бэнэт усцешана навінай: Нэзэрфілд-парк нарэшце арандаваны. Новы сусед Бэнэтаў, містэр Чарлз Бінглі[nl], багаты малады чалавек з поўначы Англіі, і місіс Бэнэт мае цвёрды намер выдаць за яго адну са сваіх пяці дачок. Яна ўгаворвае мужа наведаць суседа і звесці з ім больш цеснае знаёмства. Містэр Бэнэт наадрэз адмаўляецца, каб пакпіць з жонкі, але неўзабаве наносіць візіт маладому чалавеку.

Неўзабаве адбываецца баль у Лукас-лодж, куды Бінглі прыязджае ў кампаніі сваіх сясцёр, містэра Хёрста і блізкага сябра містэра Дарсі. Жыццярадасны і адкрыты малады чалавек, Бінглі карыстаецца поспехам у мясцовых. З першага ж позірку ён прыходзіць у захапленне ад Джэйн[nl], старэйшай з сясцёр Бэнэт, адразу ж запрашае яе на танец і ўвесь вечар выдзяляе па-над астатнімі паненкамі. Дарсі спачатку таксама робіць спрыяльнае ўражанне на навакольных, тым больш што яго гадавы даход удвая пераўзыходзіць даход Бінглі — 10 тысяч фунтаў. Аднак пазней таварыства змяняе меркаванне, бо ён паводзіцца напышліва і непрыветна і амаль не танчыць. Бінглі звяртае ўвагу сябра на Элізабэт Бэнэт, аднак той не праяўляе цікавасці і даволі няветліва адзываецца пра паненку. Элізабэт становіцца сведкам гэтай размовы, і ў яе складваецца вельмі непрыхільнае першае ўражанне пра містэра Дарсі.

Неўзабаве сёстры Бінглі запрашаюць Джэйн паабедаць у іх. Місіс Бэнэт задумвае адправіць дачку вярхом на кані пад праліўным дажджом, з-за чаго дзяўчына прастуджваецца і вымушана застацца ў Нэзэрфілдзе. Элізабэт адпраўляецца ў дом Бінглі, каб наведаць хворую сястру, і гаспадар дому пакідае яе даглядаць за Джэйн. Элізабэт не адчувае задавальнення ад зносін з нэзэрфілдскім таварыствам, бо шчырую цікавасць і клопат аб яе сястры праяўляе толькі містэр Бінглі. Між Дарсі і Элізабэт адбываецца некалькі слоўных сутычак, у выніку чаго Дарсі пранікаецца ўсё большай сімпатыяй да Элізабэт, а тая наадварот канчаткова пераконваецца, што ён ёю пагарджае.

Бэнэтаў наведвае іх сваяк — містэр Колінз, святар з Кента. Паколькі у Бэнэтаў няма дзяцей мужчынскага полу, то па законе менавіта ён з’яўляецца спадкаемцам містэра Бэнэта і мусіць у будучым стаць гаспадаром іх маёнтка Лонгбарн. Каб выправіць гэтае становішча і захаваць дом для сям’і, містэр Колінз мае намер ажаніцца з адной з дачок містэра Бэнэта. Ён абірае Элізабэт і пачынае заляцацца да яе. Падчас прагулкі ў Мэрытан сёстры Бэнэт сустракаюць афіцэраў, раскватараваных у гэтым гарадку, сярод іх ёсць новы твар — лейтэнант Джордж Уікхэм[en]. У той самы час міма праязджаюць Бінглі і Дарсі, і Элізабэт заўважае надзвычай халоднае прывітанне апошняга з Уікхэмам. Выбраўшы зручны момант, Элізабэт распытвае новага знаёмага, і той апавядае, як Дарсі падмануў яго, адмовіўшыся даць царкоўны прыход, абяцаны бацькам Дарсі. Цяпер у Уікхэма няма ні грошай, ні відаў на будучыню. Элізабэт пранікаецца да яго моцным спачуваннем і сімпатыяй.

Неўзабаве ў Нэзэрфілдзе адбываецца баль. Захопленая Уікхэмам, Элізабэт, збіраецца правесці гэты вечар у размовах і танцах з ім, аднак афіцэра на балі не апынаецца. Нечакана для Элізабэт, яе запрашае на танец містэр Дарсі. Не паспеўшы прыдумаць адгаворку, яна неахвотна згаджаецца. Назаўтра пасля балю містэр Колінз робіць Элізабэт прапанову, але яна адмаўляе яму. Місіс Бэнэт абурана паводзінамі дачкі і хоча прымусіць Лізі выйсці за Колінза, у той час як бацька бярэ бок дачкі. Зняважаны адмовай, містэр Колінз пакідае Лонгбарн і прымае запрашэнне Шарлоты Лукас, сяброўкі Элізабэт, пагасцяваць у Лукас-лодж. Неўзабаве Шарлота абвяшчае Элізабэт, што прыняла прапанову рукі і сэрца ад містэра Колінза. Гэта непрыемна ўражвае Лізі. Тым часам містэр Бінглі нечакана пакідае Нэзэрфілд і адпраўляецца ў Лондан з намерам застацца там на ўсю зіму.

Частка другая правіць

Элізабэт не дае веры, што Бінглі можа быць такім раўнадушным да яе сястры, і прапануе Джэйн пагасцяваць у іх дзядзькі і цёткі, містэра і місіс Гардынер, якія жывуць у Лондане. Джэйн праводзіць у Лондане шмат месяцаў, але так і не сустракае Бінглі, яна спрабуе працягнуць сяброўства з яго сёстрамі, але тыя адкрыта яе ігнаруюць.

Напачатку вясны Элізабэт адпраўляецца ў Кент, каб пагасцяваць у Шарлоты і яе мужа. Дом містэра Колінза знаходзіцца непадалёк ад Розінгза — рэзідэнцыі лэдзі Кэтрын дэ Бур, і тая часта запрашае Колінзаў і іх гасцей да сябе. Неўзабаве ў Розінгз прыязджае і містэр Дарсі, пляменнік лэдзі Кэтрын. Элізабэт знаёміцца са стрыечным братам містэра Дарсі палкоўнікам Фіцуільямам, які ў размове з ёй згадвае, што Дарсі аднойчы выратаваў сябра ад няроўнага шлюбу. Элізабэт разумее, што гаворка ідзе пра Бінглі і Джэйн, і яе непрыязнасць да Дарсі ўзрастае яшчэ больш. У той жа дзень Дарсі нечакана робіць ёй прапанову, запэўніваючы, што горача кахае яе, нягледзячы на яе нізкае становішча і адсутнасць добрых манер у яе сям’і. Элізабэт са злосцю прапанову адхіляе, указваючы містэру Дарсі на яго пыху і пагарду да пачуццяў іншых. У эмацыйнай прамове яна вінаваціць яго ў нешчаслівым каханні Джэйн і безнадзейным становішчы Уікхэма.

Дарсі піша Элізабэт ліст, дзе тлумачыць свае ўчынкі ў дачыненні да Джэйн і Уікхэма. Ён прызнае, што памыліўся ў пачуццях Джэйн, думаючы, што яна абыякавая да Бінглі, але апраўдваецца тым, што ў яго былі добрыя намеры. Што да гісторыі з Уікхэмам, то са слоў Дарсі ён з’яўляецца нягоднікам, які спрабаваў збегчы з яго 15-гадовай сястрой Джарджыянай, каб атрымаць належны ёй вялізны пасаг. Элізабэт бачыць, што памылялася, і паспытвае пачуццё віны за тое, што яна так груба гаварыла з Дарсі.

Вярнуўшыся ў Лонгбарн, яна даведваецца, што містэр Бэнэт дазволіў яе малодшай сястры Лідыі паехаць у Брайтан у якасці кампаньёнкі жонкі палкоўніка Форстэра. Элізабэт незадаволена рашэннем бацькі адпусціць Лідыю і перасцерагае яго, што паводзіны Лідыі могуць нашкодзіць рэпутацыі сям’і, аднак містэр Бэнэт не змяняе свайго рашэння. Неўзабаве сама Лізі з’язджае з дзядзькам і цёткай Гардынер у падарожжа па Дэрбішыры. Калі яны аказваюцца непадалёк ад Пэмбэрлі[en], маёнтка містэра Дарсі, цётка ўгаворвае Лізі наведацца туды. Папярэдне даведаўшыся, што гаспадары маёнтка летам жывуць у Лондане, Элізабэт пагаджаецца.

Частка трэцяя правіць

Пэмбэрлі выклікае ў Лізі шчырае захапленне. Яна амаль шкадуе, што не пагадзілася стаць гаспадыняй гэтага месца. Яна з увагай слухае апавяданні ахмістрыні пра дабрыню і высакароднасць гаспадара, што моцна разыходзіцца з яе ўласным уражаннем. Шпацыруючы па парку, Элізабэт раптам сутыкаецца з містэрам Дарсі, які, нікога не папярэдзіўшы, рашыў вярнуцца ў маёнтак. Гаспадар дому выказвае небывалую ветлівасць і прыязнасць як да самой Элізабэт, так і да яе родных, што нямала здзіўляе дзяўчыну. Збянтэжаная Элізабэт зноў і зноў перапрашае Дарсі за ўварванне ў яго дом — яны ніяк не разлічвалі яго тут застаць, а ён просіць дазволу пазнаёміць Элізабэт са сваёй сястрой Джарджыянай. Наступныя некалькі дзён яны абменьваюцца візітамі, і Элізабэт заўважае, што ўсё больш прыязна ставіцца да гаспадара Пэмбэрлі.

Элізабэт атрымлівае ліст ад Джэйн, у якім гаворыцца, што іх малодшая сястра Лідыя збегла з містэрам Уікхэмам. У гэты самы момант з нечаканым візітам прыходзіць Дарсі і застае яе моцна расхваляванай. Ёй даводзіцца прызнацца яму ў прычынах свайго расстройства. Дарсі выслухоўвае яе, выказвае спачуванне, але спяшаецца сысці. Элізабэт са шкадаваннем думае, што, магчыма, больш ніколі яго не ўбачыць. Разам з Гардынерамі яна спешна вяртаецца ў Лонгбарн. Спадзеючыся, што справу яшчэ можна неяк замяць, містэр Бэнэт і містэр Гардынер спрабуюць адшукаць Лідыю ў Лондане, аднак беспаспяхова, і неўзабаве містэр Бэнэт вяртаецца ў Лонгбарн. Праз нейкі час ад містэра Гардынера прыходзіць ліст, у якім ён піша, што Лідыя і Уікхэм знойдзены і хутка пажэняцца. Містэр Бэнэт перажывае, што дзядзька заплаціў Уікхэму вялікую суму грошай, каб прымусіць яго жаніцца, а ён не зможа яму столькі вярнуць.

Пасля вяселля Лідыя і Уікхэм прыязджаюць пагасціць у Лонгбарн. У адной з размоў Лідыя неасцярожна прагаворваецца, што на іх з Уікхэмам вяселлі быў містэр Дарсі. Элізабэт гэта агаломшвае, і яна піша ліст цётцы, каб атрымаць тлумачэнні. Місіс Гардынер адказвае пляменніцы, што гэта Дарсі знайшоў Лідыю і аплаціў ўсе выдаткі, уключаючы даўгі Уікхэма. Пагасціўшы некаторы час у Лонгбарне, маладыя адпраўляюцца на поўнач, дзе Уікхэм атрымаў месца ў рэгулярнай арміі.

Не паспявае жыццё сям’і Бэнэт увайсці ў звычайную каляіну, як ваколіцу аблятае навіна: Бінглі вяртаецца ў Нэзэрфілд. Пасля некалькіх візітаў у Лонгбарн Дарсі пераконваецца ў пачуццях Джэйн і просіць прабачэння ў свайго сябра за ўмяшальніцтва — неўзабаве той робіць Джэйн прапанову. Тым часам да лэдзі Кэтрын даходзяць чуткі, што яе пляменнік заручаны з Элізабэт. Раз’юшаная, яна наносіць нечаканы візіт у Лонгбарн, дзе ў гутарцы з Элізабэт дапытваецца пра яе заручыны з Дарсі. Яна настойвае, каб Элізабэт адмовілася ад сваіх намераў і абвяшчае, што Дарсі мусіць ажаніцца з яе дачкой Эн. Элізабэт адмаўляецца даць такое абяцанне, і дашчэнту раззлаваная лэдзі Кэтрын з’язджае. Падчас чарговага візіту Дарсі ў Лонгбарн Элізабэт дзякуе яму за дапамогу ў справе Лідыі. Ён жа, падбадзёраны гісторыяй з лэдзі Кэтрын, зноў робіць прапанову Элізабэт — і гэтым разам яна ахвотна згаджаецца. Неўзабаве адбываецца двайное вяселле Бінглі з Джэйн і Дарсі з Элізабэт.

Персанажы правіць

  • Элізабэт Бэнэт (англ.: Elizabeth Bennet) — 20-гадовая дзяўчына, другая з сясцёр Бэнэт. Яна прывабная, дасціпная і разумная — але мае схільнасць давяраць свайму першаму, часта перадузятаму, уражанню.
  • Фіцуільям Дарсі (англ.: Fitzwilliam Darcy) — 28-гадовы арыстакрат, уладальнік сямейнага маёнтка Пэмбэрлі ў графстве Дэрбішыр і гадавога даходу ў 10 000 фунтаў, сябра містэра Бінглі. Нягледзячы на тое, што ён прыгожы, статны і разумны, Дарсі не хапае лёгкасці ў камунікацыі, і таму іншыя часта памылкова прымаюць яго стрыманасць за празмерную пыху (што, у некаторых выпадках, не далёка ад праўды).
  • Містэр Бэнэт (англ.: Mr Bennet) — джэнтльмен позняга сярэдняга ўзросту, уладальнік невялікага маёнтка Лонгбарн у Хартфардшыры і гадавога даходу ў 2 000 фунтаў, муж місіс Бэнэт і бацька пяці незамужніх дачок: Джэйн, Элізабэт, Мэры, Кіці і Лідыі. Надзелены цвярозым розумам і пачуццём гумару, ён не прамінае выпадку падсмяяцца з непаслядоўнасці і пошласці сваёй жонкі, а таксама з глупства трох малодшых дачок. Ён шануе добрыя манеры старэйшых дачок і асабліва востры розум сваёй любіміцы Элізабэт. Яго маёнтак Лонгбарн пераходзіць па мужчынскай лініі, таму над сям’ёй навісае пагроза застацца на вуліцы ў выпадку яго смерці.
  • Місіс Бэнэт (англ.: Mrs Bennet), у дзявоцтве Гардынер (англ.: Gardiner) — жанчына сярэдняга ўзросту, жонка містэра Бэнэта і маці іх пяці дачок. Выходзячы замуж атрымала ў пасаг ад бацькі 4 000 фунтаў. Місіс Бэнэт — іпахондрык[en], якой мрояцца прыступы сутаргаў і пачашчанага сэрцабіцця ўсякі раз, калі справы ідуць не па-ейнаму. Галоўная яе жыццёвая мэта — выдаць дачок замуж за заможных мужчын. Яе мала хвалюе, прынясуць такія шлюбы шчасце яе дочкам ці не.
  • Джэйн Бэнэт[nl] (англ.: Jane Bennet) — 22-гадовая дзяўчына, старэйшая з сясцёр Бэнэт. Яе лічаць самай прыгожай дзяўчынай у ваколіцы, а яна сама схільна бачыць у іншых толькі добрае (тым не менш, яе можна пераканаць у адваротным пры наяўнасці бясспрэчных доказаў).
  • Мэры Бэнэт (англ.: Mary Bennet) — трэцяя з сясцёр Бэнэт, самая непрыгожая з сясцёр. Мэры мае сур’ёзны характар, у асноўным чытае і музіцыруе, аднак ёй часта няцерпіцца прадэманстраваць свае дасягненні і яна даволі славалюбівая ў гэтым. Яна часта чытае маралі сваёй сям’і.
  • Кэтрын «Кіці» Бенет (англ.: Catherine “Kitty” Bennet) — чацвёртая з сясцёр Бэнэт. Нягледзячы на тое, што яна старэйшая за Лідыю, яна з’яўляецца яе ценем і пераймае яе ў пагоні за афіцэрамі. Яна не вылучаецца розумам і часта зайздросціць Лідыі.
  • Лідыя Бэнэт[nl] (англ.: Lydia Bennet) — 15-гадовая дзяўчына, малодшая з сясцёр Бэнэт. Яна легкадумная і наравістая. Яе асноўны занятак у жыцці — стасункі з іншымі людзьмі, а асабліва флірт з афіцэрамі. Гэта прыводзіць да таго, што яна ўцякае з Джорджам Уікхэмам, хоць ён і не мае намеру ажаніцца на ёю. Лідыя не праяўляе павагі да маральнага кодэксу свайго грамадства.
  • Чарлз Бінглі[nl] (англ.: Charles Bingley) — прыгожы, ветлівы і заможны малады джэнтльмен, які атрымаў у спадчыну 100 000 фунтаў. Родам з поўначы Англіі, ён арандуе Нэзэрфілд-парк, маёнтак у трох мілях ад Лонгбарна. Па характары ён выгадна адрозніваецца ад містэра Дарсі жыццярадаснасцю, адкрытасцю і прыемнымі манерамі, хоць сам часцяком спадзяецца на параду свайго больш вопытнага сябра. Яму не хапае рашучасці, і ён лёгка паддаецца ўплыву іншых. Прыкладам гэтага з’яўляецца прадухіленне рамана Бінглі і Джэйн з-за бясспрэчнай залежнасці Бінглі ад меркавання Дарсі і праз неўхваленне гэтага саюзу яго сёстрамі.
  • Кэралайн Бінглі (англ.: Caroline Bingley) — ганарыстая і снабісцкая сястра Чарлза Бінглі, уладальніца капіталу ў 20 000 фунтаў. Міс Бінглі песціць надзею выйсці замуж за містэра Дарсі і таму зайздросціць яго растучай прыхільнасці да Элізабэт. Яна спрабуе дыскрэдытаваць дзяўчыну ў вачах Дарсі, высмейваючы сям’ю Бэнэт і крытыкуючы знешнасць і паводзіны Элізабэт. Міс Бінглі таксама не ўхваляе прыхільнасць свайго брата да Джэйн Бэнэт і пагардліва ставіцца да таварыства ў Мэрытане. Багацце і дарагая адукацыя — дзве найвялікшыя крыніцы ганарыстасці міс Бінглі.
  • Джордж Уікхэм[en] (англ.: George Wickham) — афіцэр у падпарадкаванні палкоўніка Форстэра. З дзяцінства ён быў знаёмы з містэрам Дарсі, так як з’яўляўся сынам аканома бацькі містэра Дарсі. Будучы вонкава абаяльным і маючы добрыя манеры, ён хутка дасягае прыхільнасці Элізабэт Бэнэт. Пазней ён збягае з Лідыяй без намеру ажаніцца, што прывяло б да поўнай ганьбы яе і яе сям’і, калі б не ўмяшанне Дарсі.
  • Уільям Колінз[en] (англ.: William Collins) — святар, сваяк містэра Бэнэта і спадчыннік яго маёнтка ў Лонгбарне. Ён угодлівы і напышлівы чалавек, схільны да доўгіх і ўтомных прамоў, празмерна адданы сваёй заступніцы, лэдзі Кэтрын дэ Бур.
  • Лэдзі Кэтрын дэ Бур[en] (англ.: Lady Catherine de Bourgh) — цётка містэра Дарсі, багатая ўладальніца маёнтка Розінгс-Парк. Пыхлівая, уладная і паблажлівая, яна даўно плануе выдаць сваю хваравітую дачку замуж за Дарсі, каб аб’яднаць два іх вялікія маёнткі, сцвярджаючы, што гэта самае запаветнае жаданне яе памерлай сястры, маці Дарсі, і яе самой.
  • Містэр Эдвард Гардынер (англ.: Mr Edward Gardiner) і місіс Гардынер (англ.: Mrs Gardiner) — сваякі Бэнэтаў з боку місіс Бэнэт. Эдвард Гардынер, брат місіс Бэнэт, паспяховы гандляр з разумным і джэнтльменскім характарам. Яго жонка, місіс Гардынер, пяшчотная і элегантная жанчына, блізкая да сваіх пляменніц Джэйн і Элізабэт. Гардынеры — бацькі чатырох дзяцей. Яны зыгралі важную ролю ў заключэнні шлюбу між Дарсі і Элізабэт.
  • Джарджыяна Дарсі (англ.: Georgiana Darcy) — 16-гадовая дзяўчына, малодшая сястра містэра Дарсі, уладальніца пасагу ў 30 000 фунтаў. Ціхая, добразычлівая і сарамлівая, дзякуючы шматгадоваму выхаванню пад кіраўніцтвам майстроў, яна дасягнула поспехаў у спевах, ігры на фартэпіяна і арфе, маляванні і вывучэнні моў. Ва ўзросце 15 гадоў міс Дарсі ледзь не збегла з містэрам Уікхэмам, але яе выратаваў брат, якога яна абагаўляе. Яна ўвасабляе сабой ідэю Кэралайн Бінглі аб «адукаванай жанчыне».
  • Шарлота Лукас (англ.: Charlotte Lucas) — дачка сэра Уільяма Лукаса і лэдзі Лукас, суседзяў сям’і Бенет, блізкая сяброўка Элізабэт. Застаўшыся векавухай у свае 27 гадоў, яна баіцца стаць цяжарам для сваёй сям’і і таму ахвотна згаджаецца выйсці замуж за містэра Колінза, каб здабыць камфорт і фінансавую бяспеку. Калі Элізабэт адхіляе прапанову Колінза, Шарлота карыстаецца з гэтае магчымасці, каб здабыць яго прыхільнасць.
  • Палкоўнік Фіцуільям (англ.: Colonel Fitzwilliam) — малодшы сын графа Матлака, 30-гадовы пляменнік лэдзі Кэтрын дэ Бур і лэдзі Эн Дарсі, стрыечны брат Эн дэ Бур, Фіцуільяма Дарсі і Джорджыяны Дарсі. Сумесна з містэрам Дарсі, ён з’яўляецца апекуном міс Джарджыяны. Як малодшы сын, ён не можа ажаніцца, не падумаўшы аб пасагу сваёй будучай нявесты.

Гісторыя стварэння правіць

Джэйн Осцін пачала працу над раманам, калі ёй ледзь споўніўся 21 год. Выдаўцы адпрэчылі рукапіс, і ён праляжаў пад сукном больш за пятнаццаць гадоў. Толькі пасля поспеху рамана «Розум і пачуцці», які выйшаў у 1811 годзе, Джэйн Осцін змагла нарэшце апублікаваць і свой першы твор. Перад публікацыяй яна дбайна перапрацавала раман, дасягнуўшы незвычайнага спалучэння: весялосці, непасрэднасці, эпіграматычнасці, сталасці думкі і майстэрства.

Экранізацыі правіць

Раман экранізаваўся 8 разоў:

Крыніцы правіць

  1. Pride and Prejudice / D. Gray — 2001. — P. vii. — ISBN 978-0-393-97604-5
  2. Keymer T. The Cambridge Companion to 'Pride and Prejudice'Cambridge University Press, 2013. — ISBN 978-0-511-84459-1, 978-0-521-27958-1, 978-1-107-01015-4 — doi:10.1017/CCO9780511844591
  3. Pride & Prejudice (2009)
  4. W. Somerset Maugham’s Ten Greatest Novels of All Time by Great Novelists and Their Novels
  5. Остэн, Дж. Пыха і перадузятасць: раман / Джэйн Остэн; пер. з англ. Г. В. Янкуты. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2019. — 396 с.: іл. ISBN 978-985-7165-98-8.