Рагоза (пісар гаспадарскі)

пісар найвышэйшы рускі вялікіх князёў літоўскіх Вітаўта і Свідрыгайлы

Рагоза (2-я палова XIV ст. — пасля 1432) — пісар найвышэйшы рускі вял.кн. Вітаўта і вял.кн. Свідрыгайлы.

Рагоза
Род дзейнасці дзяржаўны служачы
Дата нараджэння XIV стагоддзе
Дата смерці не раней за 1432

На думку С. Палехава, Рагоза быў русінам або доўга жыў на Русі, што пацвярджае яго мянушка добра разумелая з русінскай мовы. Падобныя прозвішчы былі распаўсюджаны як у літоўскай, так і ў маскоўскай частцы Русі.[1]

Пэўны час С. Палехаў лічыў[2], што Рагоза паходзіў з Чарнігаўскай зямлі, якою працяглы час валодаў Свідрыгайла перад вялікім княжаннем, але заснавана гэта, паводле самога даслечыка, было на кантэксце і даволі няпэўнай крыніцы[3]. Пазней С. Палехаў выявіў кароткае апісанне ліста вял.кн. Вітаўта да вялікага магістра, якое праясняе асобу Рагозы[3]. Ліст, напісаны ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1418 года, сам не захаваўся, тычыўся крадзяжа вопраткі, каштоўнасцяў і грошай вялікага князя падчас літоўска-ордэнскай сустрэчы ў Вялёне (13-22.10.1418) трыма русінамі, якія збеглі ў Ордэн, у ім акалічнасці падзей пацвярджае «наш найвышэйшы рускі пісар Рагоза» («unsir obirster Ruwssche schreiber Rahoza»)[4]. На думку С. Палехава, пацверджанне словамі Рагозы сведчыць, што русіны-злачынцы маглі быць яго падначаленымі, а таксама пра пэўны давер да яго вял. кн. Вітаўта[4].

Таксама С. Палехаў звяртае ўвагу на надаўчую грамату вял.кн. Вітаўта нейкаму Санку Андрэйкаву Радзевічу, выдадзеную 22.8.1424 года падчас падарожжа па Заходнім Падоллі. Грамата раней выдавалася Ежы Ахманскім, але ў польскай траслітарацыі, якая дакладна яе не перадае. У правым ніжнім вуглу дакумента ёсць подпіс «Раг», перададзены Ахманьскім як «Ra», які з веданнем месца Рагозы у канцылярыі, і пазнейшай традыцыі скарочаных подпісаў, можна дапусціць за яго подпіс. Такім чынам, напэўна, Рагоза заставаўся на службе і ў 1424 годзе.[5]

Пазней успамінаецца пад 1431—1432 гадамі як давераны вял. кн. Свідрыгайлы. На пачатку ліпеня 1431 года пасланы разам з пісарам гаспадарскім да вялікага магістра па пытаннях сустрэчы[6]. У сярэдзіне жніўня 1431 года — разам з панам Андрушкам Няміравічам пасланы да караля Ягайлы па пытанні спынення баявых дзеянняў у вайне на Валыні, 6 верасня ён паручыўся каралю за літоўскіх палонных[1]. У канцы студзеня 1432 года, разам з навагародскім намеснікам Петрашам Мантыгірдавічам і сакратаром гаспадарскім, Рагоза вёў перамовы з палякамі пра ахоўныя граматы (глейты) для ордэнскіх і малдоўскіх паслоў, якія, па словах вял.кн. Свідрыгайлы, мусілі ўзяць удзел у польска-літоўскай сустрэчы запланаванай на 2 лютага, але ахоўных грамат ім не выдалі[1]. Пасля Рагоза крыніцамі не ўспамінаецца. Усё гэта дазволіла Р. Пятраўскасу сцвярджаць[7], што Рагоза быў набліжаным вял.кн. Свідрыгайлы[1]. На думку С. Палехава, вял.кн. Свідрыгайла «успадкаваў» Рагозу разам з канцылярыяй вял.кн. Вітаўта[8].

Не ясна, ці тоесны гэты Рагоза і Рагоза Якшыч, які ў сярэдзіне XV ст. атрымаў 10 «чалавек» ад вял. кн. Казіміра Ягелончыка[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Polechow, 2019, p. 203
  2. Полехов С. В. Наследники Витовта… с. 189.
  3. 3,0 3,1 Polechow, 2019, p. 204
  4. 4,0 4,1 Polechow, 2019, p. 205
  5. Polechow, 2019, p. 210
  6. Polechow, 2019, p. 202
  7. Petrauskas R. Lietuvos diduomenė… p. 283.
  8. Polechow, 2019, p. 211

ЛітатарураПравіць

  • Petrauskas R. Lietuvos diduomenė XIV a. pabaigoje — XV a.: Sudėtis — struktūra — valdžia. — Vilnius 2003. — 379 p. ISBN 995544567X — P. 283.
  • Polechow S. Rahoza. Przyczynek do dziejów kancelarii i dworu wielkich książąt litewskich w epoce Witolda (польск.)  // Studia z Dziejów Średniowiecza. — Gdańsk: 2019. — Т. 23. — С. 199—215.
  • Полехов С. В. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века. — М.: «Индрик», 2015. — 712 с., ил. ISBN 978-5-91674-366-1. — C. 189.