Разведшкола «Сатурн»

Разведшкола «Сатурн» — разведцэнтр Абвера, абверкаманды-103.

Гісторыя правіць

Арганізаваны ў жніўні 1941 года ў Пячах, у былым ваенным гарадку (6 км на поўдзень ад г. Барысава па дарозе на Мінск). Мела два аддзяленні: радыстаў і разведчыкаў і выпускала дыверсантаў кожныя 2-3 месяцы[1]. Па неправераных звестках, падчас нямецкай акупацыі рэзідэнцыя нямецкай разведшколы «Сатурн» знаходзілася ў Доме афіцэраў ваеннага гарадка Печы.

Узначальваў школу капітан Юнг, затым — капітан Ганс Утгоф. Сярод выкладчыкаў школы значыліся ўнтэр-афіцэр Піч, эстонец — інструктар па радыёсправе; былы ваенны інжынер 1-га рангу Чырвонай Арміі І. І. Мацюшын — выкладчык радыёсправы; былы вайсковец пагранічных войскаў Н. П. Лонкін — выкладчык агентурнай разведкі; А. Д. Казлоў — выкладчык разведкі; былы лейтэнант Чырвонай Арміі Сімавін; былы палкоўнік Чырвонай Арміі Д. З. Шынкарэнка і іншыя.

Паводле іншых звестак (матэрыялы следства па справе Фёдара Лявонцьевіча Каленчанкі, які скончыў гэту школу), устаноўлена, што начальнікам гэтай школы з’яўляўся капітан Утаў, начальнікам бюро дакументацыі — рускі палкоўнік Пятроў, выкладчыкі — старшы лейтэнант Мікалай Пятровіч Лебядзеў, астатнія — немцы[2].

У лютым 1942 года школа была пераведзена ў вёску Катынь каля Смаленска.

У мястэчку Печы было пакінута падрыхтоўчае аддзяленне, дзе агентура праходзіла праверку і папярэднюю падрыхтоўку, а потым накіроўвалася ў Катынь для навучання разведсправе (у красавіку 1943 г. школа была пераведзена назад у Печы). Пры залічэнні ў школу кожнаму «вучню» прысвойвалася мянушка. Катэгарычна забаранялася называць сваё прозвішча і распытваць пра гэта іншых.

Школа рыхтавала агентаў-разведчыкаў і радыстаў. У ёй адначасова навучалася каля 150 чалавек, з іх 50-60 радыстаў. Тэрмін навучання разведчыкаў складаў 1-2 месяцы, радыстаў — 2-4 месяцы[2].

Падрыхтаваныя агенты перакідваліся ў тыл Чырвонай Арміі па 2-3 чалавекі (адзін радыст) і ў адзіночку, галоўным чынам на цэнтральных участках фронту, а таксама ў Маскоўскую, Калінінскую, Разанскую і Тульскую вобласці. Частка агентаў мела заданне прабрацца ў Маскву і застацца там. Акрамя таго, навучаныя ў школе агенты засылаліся ў партызанскія атрады для выяўлення іх дыслакацыі і месцазнаходжання баз.

Перакідка ажыццяўлялася самалётамі з мінскага аэрадрома і пешым парадкам з населеных пунктаў Петрыкаў, Магілёў, Пінск, Лунінец.

Аб колькасці навучэнцаў можна меркаваць па дадзеных савецкай агентуры, якая лічыла, што прыкладна ў снежні 1943 года ці студзені 1944 года чакаўся выпуск 250 шпіёнаў, якія павінны былі быць засланы ў партызанскія атрады БССР[2].

У верасні 1943 года школа была эвакуіравана на тэрыторыю Усходняй Прусіі ў вёску Розенштейн (100 км на поўдзень ад Кенігсберга) і размясцілася ў бараках былога лагера французскіх ваеннапалонных. У снежні 1943 года яна была перадыслакавана ў мястэчка Малет, у жніўні 1944 года — у горад Меве (65 км на поўдзень ад Данцыга), а ў пачатку 1945 года, у сувязі з надыходам Чырвонай Арміі — у горад Бісмарк, дзе ў красавіку 1945 года была расфарміравана. Частка асабовага складу школы сышла ў горад Арэнбург (на р. Эльбе), а некаторыя агенты, пераапрануўшыся ў цывільнае адзенне, перайшлі на тэрыторыю, занятую савецкімі войскамі[3].

Самым вядомым разведчыкам і двайным агентам каманды стаў Аляксандр Іванавіч Казлоў.

Апісанню дзейнасці школы «Сатурн» прысвечана апавяданне І. С. Барысава «„Сатурн“ на далоні», дзе прыводзяцца некаторыя падрабязнасці пра школу[4]. Але форма апавядання не праводзіць мяжы паміж мастацкімі элементамі і гістарычнымі фактамі.

Зноскі

  1. Паводле дадзеных: Помощнику начальника центрального штаба партизанского движения майору госбезопасности тов. Формашеву (секретно) Архівавана 2 лютага 2016. РГАСПИ. Ф. 69. ОП. 1. Д. 862. Л. 78-82 (Об.) цыт. па: Попов А. Ю. Диверсанты Сталина, приложение
  2. а б в Помощнику начальника центрального штаба партизанского движения майору госбезопасности тов. Формашеву (секретно) Архівавана 2 лютага 2016. РГАСПИ. Ф. 69. ОП. 1. Д. 862. Л. 78-82 (Об.) цыт. па: Попов А. Ю. Диверсанты Сталина, приложение
  3. Разведывательно-диверсионные школы фашистской Германии Архівавана 17 снежня 2016., Александр ОКОРОКОВ, доктор исторических наук // Чекист.ru
  4. Борисов И. С. «Сатурн» на ладони: о разведке и разведчиках — Мн.: Беларусь, 1994—270 с., сс. 28, 68

Спасылкі правіць

Кнігі правіць

  • Борисов И. С. «Сатурн» на ладони: о разведке и разведчиках — Мн.: Беларусь, 1994. — 270 с.
  • Ардаматский В. И. «Сатурн» почти не виден (1963)

Фільмы правіць