Рапу́ха зялёная (Bufo viridis) — земнаводнае, якое належыць да роду рапухі.

Рапуха зялёная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Bufo viridis Laurenti, 1768

Сінонімы
  • Bufo viridis Laurenti, 1768
  • Rana sitibunda Pallas, 1771
  • Buffo viridi-radiatus Lacépède, 1788
  • Bufo sitibundus — Schneider, 1799
  • Bufo cursor Daudin, 1803
  • Rana picta Pallas, 1814
  • Bufo schreberi — Oken, 1816
  • Bufo roseus Merrem, 1820
  • Bufo longipes Bonaparte, 1840
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  661888
NCBI  30338
EOL  1019150
FW  94503

Апісанне

правіць

Дарослыя асобіны звычайна маюць даўжыню каля 50-70 мм, найбольшая даўжыня — 140 мм. Маса 12-52 г. Скура гузаватая. Верхняя частка цела светла-шэрага колеру з зеленаватым адценнем. На гэтым фоне раскіданы цёмна-зялёныя плямы, аблямаваныя вузенькай чорнай палоскай. Часта сустракаюцца чырвоныя кропачкі як на саміх плямах, так і паміж імі. Афарбоўка вельмі зменлівая: практычна немагчыма знайсці асобін, якія былі б падобныя па колькасці плям, іх контурах, размяшчэнні, афарбоўцы. Афарбоўка ніжняй часткі цела: брудна-белы фон, часта з цёмнымі плямамі. Сучляноўныя гурбячкі на ніжнім баку пальцаў задніх лапак звычайна адзінкавыя.

Распаўсюджанне

правіць

Зялёная рапуха распаўсюджана ў Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропе, Паўночнай Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі, на ўсходзе — да Заходняга Кітая і Заходняй Манголіі, на поўнач — да 60° пн.ш. Больш паўднёвы від, чым рапуха шэрая, на поўначы даходзіць толькі да Валагодскай і Кіраўскай абласцей Расіі. Жыве ў Крыме, на Каўказе, у Казахстане, Паўднёвай Сібіры (на поўнач — да 50° пн. ш.). На Беларусі зялёная рапуха распаўсюджана на усёй тэрыторыі.

Аддае перавагу адкрытым месцам: палям, лугам, поймам рэк, пазбягаючы суцэльных лясных масіваў. Зялёная рапуха больш за іншых амфібій прыстасавана да жыцця ў сухіх месцах. Скура яе малапранікальная для вады, а сама жывёліна здольна страчваць вялікую колькасць вільгаці без асаблівай шкоды для арганізма. Гэта тыпова сухапутны від, здольны вытрымліваць даволі высокія тэмпературы ва ўмовах сушы.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Зялёная рапуха ўдзень амаль не сустракаецца. Звычайна хаваецца ў розных сховішчах, часта сярод камення на ўскрайках і межах палёў, у норах грызуноў, шчылінах сцен, у ямках, якія рэдка капаюць самі. Рапухі звычайна сядзяць у сховішчах невялікімі групкамі, прытуліўшыся адна да адной. На змярканні выходзяць на паляванне. Часцей ходзяць, чым скачуць, бо у іх слаба развіты мышцы задніх канечнасцяў. Іх можна сустрэць у населеных пунктах (у паляванні тут дапамагае святло ад вулічных ліхтароў і з вокнаў дамоў).

Рацыён складаюць у асноўным бесхрыбетныя, якія жывуць на сушы. Палюючы ў садах, агародах, на палях, зялёныя рапухі знішчаюць жукоў, вусеняў, клапоў, слізнякоў.

Мае два спосабу абароны ад ворагаў: афарбоўка, якая маскіруе, і таксічныя вылучэння на скуры.

На зімоўку зялёная рапуха адыходзіць некалькі раней за іншых земнаводных. Зімуе ў норах, ямах, пад камянямі, а таксама закапаўшыся ў рыхлую зямлю (гэта яна можа рабіць дзякуючы падоўжнай скурнай складцы на ўнутраным баку перадплюсны). Вясною з'яўляецца пазней за шмат якіх іншых амфібій, калі праграваюцца зямля і вада ў вадаёмах.

Зялёная рапуха бывае каля вадаёмаў толькі ў перыяд размнажэння. Выкарыстоўвае вадаёмы са стаячай вадою, часам нават лужыны на вясковых вуліцах. Шлюбны перыяд доўжыцца з мая да сярэдзіны лета. Самцы ў гэты час абзываюцца меладычнымі трэлямі. Горла ў спевака пры раздзіманні рэзанатара, які знаходзіцца пад скурай, набывае форму шара. Самцы маюць шлюбныя мазалі на трох сярэдніх пальцах пярэдніх лапак, што дазваляе ім утрымліваць самак пры спароўванні. Ікра адкладваецца ў выглядзе доўгага (бывае да 7 м) шнура, у якім ікрынкі размешчаны ў два рады. Шнуры развешваюцца на вадзяной расліннасці і вельмі часта заблытваюцца. Пладавітасць адной самкі каля 3000-5000 ікрынак, а часам і больш.

Апалонікі ў перыяд развіцця знаходзяцца часцей на дне і ў сувязі з гэтым маюць пляскатую форму цела. Рыючыся ў глеі, яны жывяцца фітапланктонам і дэтрытам. У іх рацыёне ўсё ж пераважаюць жывёльныя кармы (прасцейшыя, калаўроткі, ракападобныя). Маладыя рапухі, выходзячы на сушу, маюць даўжыню цела каля 10-16 мм.

Літаратура

правіць
  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Пікулік М. М. Навошта нам амфібіі? — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00383-4

Спасылкі

правіць