Расійска-беларускі слоўнік
«Расійска-беларускі слоўнік» — найбольш аб’ёмны (з апублікаваных) руска-беларускі перакладны слоўнік першай паловы XX стагоддзя, складзены С. Некрашэвічам і М. Байковым. Выдадзены ў 1928 годзе ў Менску ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі. Змяшчае каля 60 тысяч слоўнікавых артыкулаў[1].
Расійска-беларускі слоўнік | |
---|---|
Аўтар | Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч і Мікола Байкоў |
Выдавецтва | Беларусь |
Выпуск | 1928 |
Месца публікацыі | Мінск |
У аснове рэестра — лексічны матэрыял з выданняў У. Дабравольскага, Ц. Гартнага, Я. Купалы, Я. Коласа, І. Насовіча, А. Сержпутоўскага, Я. Ціхінскага, П. Шэйна, М. Федароўскага[1], рукапісных слоўнікаў П. Шпілеўскага i С. Мядзведзкага[2], а таксама запісы, зробленыя падчас палявых экспедыцый на Бабруйшчыне[1]. Аўтары імкнуліся ўхіляцца ад штучных наватвораў перавагу аддавалі словам, якія існуюць у народнай і літаратурнай мове[2]. Рэестравыя словы перакладаюцца звычайна адным або некалькімі сінанімічнымі беларускімі адпаведнікамі, з якіх на першае месца пастаўлены больш ужывальныя ў тагачаснай літаратурнай мове: объём — аб’ём, абойма, абнім, ахоп; побороться — паборацца, пабарукацца, паду́жацца; растолочь — растаўчы[1].
Спосаб арганізацыі рэестра ў слоўніку — алфавітна-гнездавы; многія слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць зону семантызацыі[1]:
- милость — ла́ска, лю́басьць, мі́ласьць, і́масьць
- быть в милости — быць у ла́сцы
- сделайте милость — калі ла́ска, будзьце ла́ска́вы
- мять — мяць, це́рці (лён), каме́чыць (папе́ру, валасы́), драсава́ць, дратава́ць (траву́)
У слоўніку выкарыстоўваецца разгалінаваная сістэма граматычных і стылістычных памет: драм. (драматургія), м. (мужчынскі род), нареч. (прыслоўе), уст. (устарэлае), физиол. (фізіялогія), юрид. (юрыдычны тэрмін) і інш[1].
Рэцэнзенты лічылі, што слоўнік мае вялікае значэнне для станаўлення лексічнай сістэмы нацыянальнай мовы, аднак адзначалі некаторую нелагічнасць пры перакладзе асобных слоў: навылет — наскрозь; насквозь — наскрозь, скрозь, навылет; сквозь — скрозь, праз, пераз, наскрозь; контур — абрыс; абрис — нарыс; витязь — рыцар; засыреть — завільжэць; ветреность — пустата; дотекать — даплываць і інш[3][1].
У выніку падачы ў беларускай частцы слоўніка значнай колькасці (часам па два і больш, а некаторыя, напрыклад, слова плут — 17) адпаведнікаў рускім словам некаторыя карыстальнікі слоўніка часам губляліся ў вызначэнні таго, пры дапамозе якіх беларускіх слоў трэба перакладаць тое або іншае рускае слова, якая лексема з’яўляецца нарматыўнай[4].
Другое, папраўленае выданне здзейснена ў 2010 годзе, трэцяе — у 2014 годзе пад рэдакцыяй В. Булгакава.
Бібліяграфія
правіць- Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928.
- Расійска-беларускі слоўнік / Сьцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў. — Выд. 2-е, папраўленае. — Менск [Мінск : б. в.], 2010. — 704 с. ; 24 см. — Тэматычны дадатак да нумару «ARCHE», прысвечанага беларускаму мовазнаўству 1920-х гадоў. — Бібліяграфія ў падрадковых заўвагах. — ISBN 83-60456-24-0
- Расійска-беларускі слоўнік / Сьцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў; [рэдактар В. Булгакаў; прадмова С. Запрудскага]. — 3-е выд., папраўленае. — Смаленск : Інбелкульт, 2014. — 703 с. ; 25 см. — Бібліяграфія ў падрадковых заўвагах. — 2000 экз. — ISBN 978-5-00076-013-0 (у пераплёце)
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Дзмітрый Дзятко. ПЕРЫЯДЫЗАЦЫЯ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ЛЕКСІКАГРАФІІ XIII — ПАЧАТАК XX СТ. Працяг. Пачатак у № 3, 4 // «Роднае слова» № 6, 2017
- ↑ а б Расійска-беларускі слоўнік / Сьцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў; [рэдактар В. Булгакаў; прадмова С. Запрудскага]. — 3-е выд., папраўленае. — Смаленск : Інбелкульт, 2014. — 703 с. ; 25 см. — Бібліяграфія ў падрадковых заўвагах. — 2000 экз. — ISBN 978-5-00076-013-0 (у пераплёце)
- ↑ Горбах, Р. [Рэцэнзія] / Р. Горбах // Уздым. — 1928. — Кн. 2. — С. 124—129. — Рэц. на кн.: Некрашэвіч, С. Расійска-беларускі слоўнік / С. Некрашэвіч, М. Байкоў. — Мінск: Белдзжяржвыд, 1928. — 728 с.
- ↑ Запрудскі, С. М. Гісторыя беларускага мовазнаўства (1918–1941) : дапаможнік / С. М. Запрудскі. — Мінск: БДУ, 2015. — С. 14. — 191 с. — ISBN 978-985-566-249-6.