Рэчыцка-Вішанская зона падняццяў
Рэ́чыцка-Віша́нская зона падняццяў, Рэчыцкі выступ, Рэчыцкая зона падняццяў — тэктанічная структура ў Акцябрскім, Светлагорскім і Рэчыцкім раёнах, у прыўзнятай частцы Рэчыцка-Шацілкаўскай ступені Прыпяцкага прагіну. Назва паходзіць ад г. Рэчыца і в. Віша ў Светлагорскім раёне.
Распасціранне зоны субшыротнае. Даўжыня больш за 200 км, шырыня 5—10 км. Паверхня фундамента на адзнаках ад -2000 да -4000 м і апускаецца ў паўночным напрамку. Па гэтай паверхні вылучаюцца (з захаду на ўсход) Усходне-Драздоўская, Барысаўская, Вішанская, Мармавіцкая, Давыдаўская, Асташкавіцкая, Рэчыцкая, Васілеўская і іншыя лакальныя структуры, якія ўяўляюць сабою тэктанічныя блокі і паўскляпенні. У разрэзе платформавага чахла зоны ўстаноўлены верхнепратэразойскія (за выключэннем усходняй часткі), дэвонскія (сярэдне- і верхнедэвонскія), ніжне- і сярэднекаменнавугальныя, пермскія, мезазойскія і кайназойскія адклады. Будова Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў па падсалявых і міжсалявых адкладах падобна да будовы паверхні фундамента. У найбольш высокай частцы зоны міжсалявыя адклады амаль знікаюць з разрэзу.
Да зоны прымеркаваны ланцуг саляных падняццяў, у яе межах размешчана большая частка радовішчаў нафты Прыпяцкага прагіну: Асташкавіцкае, Вішанскае, Давыдаўскае, Мармавіцкае, Рэчыцкае, Палескае, Сасноўскае, Цішкаўскае і інш.
Літаратура
правіць- Кудравец І. Рэчыцка-Вішанская зона падняццяў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.