Сакалава (малаг.: Sakalava, літаральна «народ доўгіх далін») — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць заходні Мадагаскар. Агульная колькасць — 1 949 000 чалавек (2022 г.)[1].

Сакалава
(Sakalava)
Агульная колькасць 1949000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Мадагаскар
Мова малагасійская
Рэлігія культ продкаў, шаманізм, хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы іншыя малагасійцы

Гісторыя правіць

Сакалава склаліся як этнічная група яшчэ да прыбыцця на Мадагаскар еўрапейцаў. Яны падтрымлівалі цесныя сувязі з Каморскімі астравамі, Занзібарам, усходнім узбярэжжам Афрыкі і нават краінамі Персідскага заліва. Гандлявалі рысам, мясам, рабамі. У XV ст. на тэрыторыі сакалава склалася першае на Мадагаскары дзяржаўнае ўтварэнне, якое пазней распалася на манархіі Буйна і Менабэ. Да нашых дзён сакалава падзяляюцца на дзве буйныя часткі ў адпаведнасці з прыналежнасцю іх продкаў да адной з гэтых дзяржаў.

У XIX ст. значная частка сакалава ўвайшла ў склад дзяржавы мерына. У 1896 г. астатнія сакалава былі заваяваны французамі і далучаны да калоніі Мадагаскар.

Асаблівасці культуры правіць

Сакалава маюць выразную самасвядомасць і адрозніваюць сябе ад іншых малагасійцаў, у тым ліку дзякуючы падтрыманню традыцыі шанавання сакраментаў, што засталіся ад каралёў Буйна і Менабэ. Акрамя таго, яны размаўляюць на дыялектах малагасійскай мовы, у якіх прысутнічае шмат слоў, запазычаных з моў банту.

Сакалава вядомыя сваімі рамёствамі, у першую чаргу разьбярствам, а таксама спеўным мастацтвам і рытмічнай музыкай, даволі папулярнай на ўсім востраве і нават за межамі Мадагаскара.

Большасць сакалава практыкуюць традыцыйныя культы. Каля 35 % спавядаюць хрысціянства, 5 % — іслам.

Везу правіць

Да сакалава таксама далучаюць групу ве́зу (268 тыс. чал.)[2], назва якіх перакладаецца як «рыбакі». У адрозненне ад іншых сакалава, якія займаюцца пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй, везу звязалі сваё жыццё з морам, займаюцца ловам рыбы і чарапах, значную частку свайго жыцця праводзяць у лодках. Ад астатніх сакалава яны адрозніваюцца матэрыяльнай культурай, будуюць часовыя хаціны, лодкі, часта перамяшчаюцца з месца на месца, гандлююць морапрадуктамі.

Макуа правіць

Яшчэ адной групай, якая размаўляе на дыялекце сакалава і блізкая да іх культурна, з’яўляюцца ма́куа — нашчадкі афрыканскіх рабоў-макуа з узбярэжжа Мазамбіка. Макуа жывуць сярод сакалава, часам рытуальна далучаюцца да іх сем’яў і носяць малагасійскія прозвішчы, але памятаюць аб сваім паходжанні «з-за мора». Найбольш распаўсюджаныя заняткі — сельская гаспадарка, лоў рыбы, вулічны гандаль.

Макуа прынеслі на Мадагаскар традыцыі будаўніцтва асобных відаў лодак, мазання твару белай глінай для абароны ад спякотнага сонца і г. д. У каланіяльны час многія з іх ахвотна супрацоўнічалі з французскай адміністрацыяй і дасягнулі значных поспехаў у кар’еры. Аднак у нашы дні сярод сакалава сацыяльны статус нашчадкаў рабоў разглядаецца як вельмі нізкі. Шлюбы паміж макуа і іншымі сакалава здараюцца рэдка.

Галерэя правіць

Зноскі

Спасылкі правіць