Свінагадоўля ў Беларусі
Свінагадоўля Беларусі — галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй свіней.
Пагалоўе правіць
Па стане на 1 студзеня 2017 года ў гаспадарках усіх катэгорый налічвалася 3152 тыс. свіней. Пры гэтым 2734 тыс. з ніх змяшчалася ў сельскагаспадарчых арганізацыях, 30,7 тыс. — у фермерскіх гаспадарках і 387 тыс. — у асабістых гаспадарках насельніцтва[1]. У 2017 годзе больш за ўсё свіней змяшчалася ў Гродзенскай вобласці (710,6 тыс.), Мінскай вобласці (663,2 тыс.), Брэсцкай вобласці (579,5 тыс.), менш за ўсё — у Гомельскай (488,5 тыс.), Віцебскай (405,2 тыс.) і Магілёўскай абласцях (305,1)[2]. У некалькіх раёнах свіней больш за 100 тыс. галоў — Камянецкім (108,2 тыс.), Гомельскім (149,5 тыс.), Гродзенскім (121,7 тыс.), Шчучынскім (121,1 тыс.)[3].
У 2010—2016 гадах у краіне штогод уводзілася ў эксплуатацыю памяшканняў для ўтрымання свінняў на 32-206 тыс. месцаў (у суме — 562 тыс. месцаў)[4].
На дынаміку рэалізацыі свініны на забой аказала негатыўны ўплыў эпізаатыя афрыканскай чумы свіней (гл. ніжэй):
Год | Усяго (тыс. т)[5][6] (у жывой вазе) |
Δ | Буйнымі с/г арганізацыямі |
Фермерамі | Гаспадаркамі насельніцтва |
---|---|---|---|---|---|
2010 | 512 | 380 | 4 | 128 | |
2011 | 540 | +5,5% | 411 | 4 | 125 |
2012 | 573 | +6% | 434 | 4 | 136 |
2013 | 599 | +4,5% | 460 | 4 | 135 |
2014 | 460 | -23% | 386 | 4 | 71 |
2015 | 460 | н/м | 390 | 4 | 66 |
2016 | 486 | +5,5% | 416 | 4 | 66 |
2017 | 496 | +2% | 431 | 4 | 61 |
2018 | 495 | н/м | 435 | 4 | 57 |
Пагалоўе свіней у Беларусі (тыс. галоў):

Эканамічныя паказчыкі правіць
Вытворчасць свініны ў Рэспубліцы Беларусь характарызуецца няўстойлівай рэнтабельнасцю: за 2012—2018 гады гэты паказчык у розныя гады вар’іраваўся ад −6,2 % (2013 год) да + 19,4 % (2012 год). У 2018 годзе рэнтабельнасць рэалізацыі свініны сельскагаспадарчымі арганізацыямі склала −4,1 %[7].
Эпізаатыі АЧС правіць
16-18 лютага 2012 года ў вёсцы Нязнанава (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) органы ветэрынарнага нагляду канфіскавалі ў мясцовых жыхароў і знішчылі ўсё пагалоўе свіней. Шэраг абставінаў паказваў на тое, што ў вёсцы магла адбыцца ўспышка афрыканскай чумы свіней. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі гэтую інфармацыю абверглі, назваўшы падзеі, якія адбыліся, вучэннямі. Аднак версія Мінсельгасхарча ў незалежнай прэсе была падвергнутая сумневу па шэрагу прыкмет[8]. Не маючы дакладнай інфармацыі аб тым, што здарылася, 29 лютага Дзяржаўная ветэрынарная і фітасанітарная служба Украіны ўвяла забарону на імпарт свініны, іншых адчувальных да хваробы жывёл і прадукцыі з іх з Беларусі, паказваючы на тое, што «існуе верагоднасць таго, што выпадак у с. Нязнанава абумоўлены заносам узбуджальніка афрыканскай чумы свіней у Рэспубліку Беларусь»[9].
Улетку 2013 года ў Беларусі зноў была зафіксавана ўспышка афрыканскай чумы свіней. Паводле афіцыйнай інфармацыі, упершыню захворванне было выяўлена ў вёсцы Чапунь Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці[10]. З прычыны гэтага ў зоне пагрозы ў чатырох суседніх раёнах — Карэліцкім, Навагрудскім, Стаўбцоўскім і Валожынскім — пачалося знішчэнне ўсяго пагалоўя свіней[11]. Па папярэдніх дадзеных, крыніцай інфекцыі стаў імпартны камбікорм[12]. Неўзабаве другі ачаг захворвання быў зарэгістраваны ў вёсцы Копці Віцебскага раёна[13]. Да канца ліпеня абмежаванні для беларускай свініны ўвялі ўсе суседзі Беларусі — Латвія, Літва, Польшча, Расія і Украіна[14]. Суседняя Літва абвясціла аб тым, што з 23 ліпеня ўсе людзі, якія перасякаюць яе мяжу з боку Беларусі, будуць падвяргацца прымусовай дэзінфекцыі[14]. Акрамя таго, у Літве і Польшчы былі абвешчаныя планы будаўніцтва шматкіламетровых загарод для прадухілення траплення АЧС пасродкам дзікоў[12].
Крыніцы правіць
- ↑ СХРБ 2017, с. 127—128.
- ↑ СХРБ 2017, с. 133.
- ↑ СХРБ 2017, с. 141—144.
- ↑ СХРБ 2017, с. 51.
- ↑ СХРБ 2017, с. 15.
- ↑ СХРБ 2017, с. 150.
- ↑ СХРБ 2019, с. 182.
- ↑ Какую тайну скрывают от журналистов в деревне Незнаново?(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 красавіка 2013. Праверана 1 сакавіка 2012.
- ↑ Украина запретила ввоз свинины из Беларуси(недаступная спасылка)
- ↑ В Беларуси официально подтвердили вспышку африканской чумы свиней
- ↑ Свиней продолжают изымать в Кореличском, Новогрудском, Столбцовском и Воложинском районах
- ↑ а б Польша хочет отгородиться от Беларуси забором
- ↑ Россия ввела запрет на ввоз свиней и свинины из Витебской области
- ↑ а б Литва примет только дезинфицированных белорусов
Літаратура правіць
- Сельское хозяйство Республики Беларусь, 2017 (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (26 ліпеня 2017). Праверана 3 кастрычніка 2023.
- Сельское хозяйство Республики Беларусь, 2019 (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 ліпеня 2019). Праверана 3 кастрычніка 2023.
Спасылкі правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свінагадоўля ў Беларусі