Слонімская акруговая арганізацыя КПЗБ

Слонімская акруговая арганізацыя КПЗБ створана ў выніку падзелу Баранавіцка-Слонімскай акруговай арганізацыі КПЗБ на Слонімскую і Навагрудскую акруговую арганізацыю КПЗБ. Дзейнічала падпольна з канца 1932 года да жніўня 1938 года пад кіраўніцтвам Слонімскага акруговага камітэта КПЗБ. У яе ўваходзілі Азярніцкая, Дзярэчынская, Зэльвенская, Косаўская, Ружанская, Слонімская, Шчарынская раённыя арганізацыі КПЗБ; усяго каля 470 камуністаў (1934). Кіраўнікамі ў розны час былі П. Ф. Дзмітрук, М. Е. Крыштафовіч, В. Д. Міхалеўская, М. Я. Міхалоўскі, В. С. Селівонік, Ф. А. Цыгельніцкая. Камуністы арганізоўвалі выступленні працоўных і сялян супраць антынароднай палітыкі польскага ўрада, за вызваленне палітвязняў, заклікалі працоўных выступаць супраць прыняцця новай канстытуцыі і антыдэмакратычнага выбарчага закона, правялі летам 1935 года аднадзённую забастоўку пратэсту і мітынг у Слоніме, наладжвалі сходы і масоўкі ў многіх вёсках павета. У выніку ў дзень выбараў у польскі сейм 8 верасня 1935 на ўчасткі для галасавання прыйшло не больш за палову выбаршчыкаў. У 1934 годзе Слонімскі акруговы камітэт КПЗБ узначаліў забастоўку возчыкаў лесу і лесарубаў 18 вёсак Слонімскага павета, якая скончылася перамогай рабочых. У 1935—1937 асноўная ўвага Слонімскай акруговай арганізацыі КПЗБ была скіравана на аднаўленне адзінства прафсаюзнага руху, арганізацыю стачачнай барацьбы, за мір, у абарону СССР. Праз прафсаюзы камуністы далучалі рабочых да ўдзелу ў выступленнях за свае жыццёвыя інтарэсы. Акруговы камітэт арганізаваў масавы рух рабочых за вызваленне палітычных зняволеных (1935), за выратаванне жыцця С. В. Прытыцкага, які ў студзені 1936 года на судзе ў Вільні страляў у правакатара. 2 красавіка 1936 года ў Слоніме адбыліся дэманстрацыя і мітынг салідарнасці з барацьбой кракаўскіх рабочых. У вёсках павета быў арганізаваны збор сродкаў сем’ям расстраляных рабочых Кракава. У верасні 1936 года Слонімскі акруговы камітэт КПЗБ правёў агітацыйную работу сярод сельскага насельніцтва ў падтрымку забастоўкі сялян на Валыні і Палессі. Вынікам гэтага стала адмова сялян павета ад удзелу 1.10.1936 у слонімскім кірмашы. Летам 1936 працоўныя Слонімшчыны актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы да Сусветнага кангрэсу міру пад лозунгамі «Няхай жыве мір ва ўсім свеце», «Далоў імперыялістычную вайну і напад на сацыялістычную краіну». У прынятых рэзалюцыях сяляне патрабавалі далучэння Польшчы да дагавора аб узаемадапамозе з СССР, Францыяй і Чэхаславакіяй. Члены акруговай арганізацыі ўзначальвалі кампанію дапамогі і салідарнасці з барацьбой іспанскага народа супраць фашызму. Навагрудскі ваявода ў справаздачы за сакавік 1937 года адзначаў, што камуністамі Слоніма «праводзіцца інтэнсіўная акцыя сярод рабочых і гарадскога насельніцтва ў накірунку рэалізацыі рашэнняў VII кангрэса Камінтэрна».Слонімская акруговая арганізацыя КПЗБ накіроўвала работу мясцовых арганізацый КСМЗБ. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ.

Літаратура правіць