Слуцкая канфедэрацыя
Слу́цкая канфедэра́цыя — палітычны саюз праваслаўнай, кальвінскай і лютэранскай шляхты Вялікага Княства Літоўскага, утвораны ў Слуцку 20 сакавіка 1767 года[1]. Канфедэрацыя была створаная расійскім урадам для ўраўнаважання правоў некаталікоў і каталікоў. У 1766 годзе расійскі ўрад узняў пытанне пра роўнасць вызнанняў і захаванне liberum veto, згодна з якім кожны дэпутат сойму ці соймік меў права выказаць сваю нязгоду з любой пастановай сойму і такім чынам скончыць паседжанне і скасаваць усе прынятыя пастановы.
Сойм Рэчы Паспалітай не ўхваліў прапановаў расійскага ўрада, і ў Рэч Паспалітую былі ўведзеныя расійскія атрады. З актыўным удзелам маскоўскага пасла Мікалая Рапніна 20 сакавіка 1767 года была створаная канфедэрацыя, ачоленая кальвінскай шляхтай. Заснаванне адбывалася ў Свята-Траецкім манастыры. Маршалкам быў абраны Ян Юрый Грабоўскі[2]. Акт канфедэрацыі падпісалі 248 чалавек, сярод якіх быў епіскап Георгій (Каніскі).[2] Расійская імператрыца Кацярына II прыняла канфедэрацыю пад «найвышэйшую пратэкцыю», даслаўшы ў падтрымку 40-тысячнае войска.[3][2]
Вынікам Слуцкай канфедэрацыі стала ўраўненне праваслаўных і пратэстантаў з каталікамі ў правах. Яно была зацверджана ў лютым 1768 года соймам Рэчы Паспалітай.
Зноскі
Літаратура
правіць- Грыцкевіч А. П. Слуцкая канфедэрацыя 1767 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 29. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Сагановіч Г. 1767. Слуцкая канфедэрацыя // Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Мн., 1997.
- Грицкевич А. П. Древний город на Случи (руск.). — По родному краю. — Мн.: Полымя, 1985. — С. 28—29. — 158 с. — 30 000 экз.