Слуцкія могілкі
Слуцкія могілкі — шматканфесійныя могілкі ў горадзе Слуцк (Мінская вобласць, Беларусь), знаходзіцца на вуліцы 14 партызан. Іх плошча складае 5,6 га.
Слуцкія могілкі? | |
---|---|
53°02′25″ пн. ш. 27°33′30″ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьМогілкі ўзніклі на паўночным усходзе Слуцка на некаторай адлегласці ад горада за Астроўскай брамай некалькі стагоддзяў таму. Дакладная дата невядомая. Сюды вяла дарога, якая ў XIX стагоддзі называлася вуліцай Могілкавай, а цяпер гэта вуліца 14 партызан. Могілкі мелі праваслаўную, каталіцкую, пратэстанцкую (кальвінісцкую і лютэранскую) часткі, падзеленыя равамі.
На праваслаўнай частцы ў канцы XVIII стагоддзя была пабудавана невялікая (15 м2) драўляная Варварынская царква, якая згарэла на напярэдадні Вялікадня ў ноч з 7 на 8 красавіка 1953 года. Побач знаходзіўся домік святара. Каля царквы пахаваны іераманах Макарый (памёр у 1928 годзе), падчас пажару яго драўляная агароджа і крыж былі пашкоджаны. З правага боку ад уваходнай брамы на могілках стаяла царкоўная званіца. Яна была пабудавана або адноўлена ў 1875 годзе. Ад уваходнай брамы да храма вяла сцяжынка, якая існуе і цяпер.
Уваход на каталіцкую частку з вуліцы Могілкавай пачынаўся каменнай брамай. У 1820 годзе непадалёк ад яе з’явіўся драўляны касцёл. Ён прастаяў дваццаць гадоў, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя на яго месцы з’явілася драўляная капліца ў гонар «Зняцця з крыжа Збавіцеля», якая да нашых дзён не захавалася.
Паводле даных метрычных кніг, пратэстантаў сталі хаваць на гэтых могілках з 1797 года. Ад лютэранскай часткі практычна нічога не засталося, гэтыя пахаванні адрозніваліся надпісамі на нямецкай мове. Кальвінісцкая частка знаходзіцца ў паўночнай частцы могілак. Захавалася каля 20 магіл з надпісамі на польскай мове, у асноўным гэта пахаванні настаўнікаў слуцкай гімназіі.
У 1945 годзе на могілках з’явіліся брацкія магілы, куды перапахавалі загінулых падчас нямецкай акупацыі.
Рашэннем Слуцкага гарвыканкама ад 13 сакавіка 1947 года былі закрытыя яўрэйскія могілкі, якія знаходзіліся ў раёне вуліцы Будаўнікоў, а ў пачатку 1970 года яны былі ліквідаваныя. З тых часоў на гарадскіх могілках з’явілася яшчэ і яўрэйская частка. Слуцкі пінкас, які вёўся з 1679 па 1924 гады, зарэгістраваў больш за 20 тысяч пахаванняў. У цяперашні час ён захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Ізраіля.
Гарадскія могілкі былі закрытыя ў верасні 1981 года.
Мемарыяльны комплекс
правіцьРашэннем мясцовых уладаў ад 24 сакавіка 1945 года быў пакладзены пачатак узнікнення мемарыяльнага комплексу: «Адвесці на гарадскіх могілках месцы пад брацкія магілы. Туды пераносіць прах воінаў і партызан, пахаваных у палях, агародах, скверах ці іншых месцах, і з ушанаваннямі пахаваць. Скончыць працы да 10 красавіка 1945 года».
У дакументах згадваліся магілы № 1 і № 2. Побач з імі былі ўсталяваныя драўляныя помнікі з чырвонымі зоркамі. З часам яны струхлелі, і ў канцы мая 1956 года замест іх былі ўсталяваныя атынкаваныя каменныя. Пазней на воінскіх пахаваннях з’явілася трэцяя брацкая магіла. Справа ў тым, што ў сярэдзіне 1960-х гадоў падчас пашырэння 1-га ваеннага гарадка на вуліцы Віленскай былі выяўленыя масавыя пахаванні ахвяр Слуцкага канцлагера, які размяшчаўся тут у гады акупацыі. Частка парэшткаў ваеннапалонных і мірных жыхароў былі перанесены ў брацкія магілы.
Мемарыяльны комплекс складаецца з трох брацкіх магіл, сяміметровай скульптуры воіна са звязкам гранат, манументальных бастыёна і брамы з рэльефнымі выявамі. Над праектам працавалі: скульптар Канстанцін Сарока і архітэктар Уладзімір Кузьменка. Меркавалася, што комплекс будзе адкрыты ў 1974 годзе да 30-годдзя вызвалення Беларусі, аднак гэта адбылося 9 мая 1975 года.
У 1984 годзе комплекс быў рэканструяваны і дапоўнены новымі архітэктурнымі элементамі. Работы па яго добраўпарадкаванні працягваліся ў наступныя дзесяцігоддзі і да 70-годдзя Перамогі (2015 год) ён набыў завершанае гарманічнае аблічча.
На слуцкіх могілках маюцца наступныя брацкія магілы:
- Мемарыяльны комплекс — пахавана 360 чалавек.
- Брацкая магіла — пахавана 13 воінаў-казакоў, вядомыя імёны 10 чалавек.
- Брацкая магіла савецкіх воінаў — пахавана 14 тысяч воінаў, партызан, ваеннапалонных і мірных жыхароў, якія загінулі ў канцэнтрацыйным лагеры ў 1941—1944 гадах, які знаходзіўся на тэрыторыі 1-га ваеннага гарадка, імёны невядомыя.
- Брацкая магіла савецкіх воінаў-пахавана 340 воінаў, якія загінулі пры вызваленні Слуцка, вядомыя імёны 2 чалавек.
Магілы вядомых людзей
правіць- Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (1804—1878) — правадыр дваранства Слуцкага павета, дзядзька Эдварда Вайніловіча.
- Вайк Амаякавіч Леванян (1823—1945) — герой Савецкага Саюза.
- Міхаіл Траянавіч Мевес (1835—1905) — генерал ад інфантэрыі, член Ваеннага савета.
- Альгерд Абуховіч (1840—1898) — беларускі пісьменнік, перакладчык.
- Антон Сымановіч (1860—1912) — генерал.
- Мікалай Васільевіч Тыстраў (1833—1870) — генерал-маёр.
Галерэя
правіць-
Магіла Альгерда Абуховіча
-
Пахаванне Вайніловічаў
-
Магіла генерала Міхаіла фон Мевеса
-
Помнік у пратэстанцкай частцы могілак
-
Помнік у яўрэйскай часткі могілак
-
Варварынская царква, не захавалася