Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч
Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (польск.: Tadeusz Woyniłłowicz, руск.: Тадеуш Антонович Войнилович; 1804, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1878, Слуцк, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя) — слуцкі павятовы маршалак (1845—1863).
Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ян Ігнатавіч Даманскі | ||||||
Пераемнік | Юзаф Ксаверавіч Вайніловіч | ||||||
Нараджэнне |
1804 |
||||||
Смерць |
1878 |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Вайніловічы | ||||||
Бацька | Антон Адамавіч Вайніловіч | ||||||
Маці | Тэафілія з Адынцоў[d] | ||||||
Жонка | Казіміра з Наркевічаў-Ёдкаў[d] | ||||||
Дзеці | 1) Сафія Тадэвушаўна Вайніловіч (24.03.1838—?); 2) Анэля Тадэвушаўна Вайніловіч (1843—раней 1850); 3) Эмілія Тадэвушаўна Вайніловіч (25.10.1848—?) | ||||||
Веравызнанне | каталік | ||||||
Узнагароды | ордэн Святога Георгія |
Паходжанне і сям’я
правіцьНалежаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў гербу «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.
Нарадзіўся ў сям’і Антона Адамавіча Вайніловіча (1773—1855), слуцкага павятовага маршалка (1811—1818), і яго жонкі Тэафіліі Адынец. Бацька Антон Адамавіч Вайніловіч быў сынам Адама Францішкавіча Вайніловіча (1739—1803), новагародскага падкаморага (1783—1797), і яго жонкі Караліны Каралеўны Сулістроўскай, якія пабраліся шлюбам у 1770.
Тадэвуш Вайніловіч ажаніўся з Казімірай Наркевіч-Ёдкай (1817—1866), якая нарадзіла яму трох дачок: Сафія Тадэвушаўна Вайніловіч (24.03.1838—?); Анэля Тадэвушаўна Вайніловіч (1843—раней 1850); Эмілія Тадэвушаўна Вайніловіч (25.10.1848—?). Дачка Анэля памерла ў маленстве. Адна дачка Тадэвуша Сафія Тадэушаўна Вайніловіч выйшла за Леана Міхалавіча Даманскага (1830—1892), маянткоўца Слуцкага павета (за яго бацькам у 1850 налічвалася 364 рэвізскія душы), які служыў дэпутатам па нагляду за правільным продажам гарачых напояў у Слуцкім павеце. А другая дачка Эмілія таксама пайшла за маянткоўца Слуцкага павета — пана Адама Даманскага (1831—1891).
Службовая дзейнасць
правіцьУ маладосці служыў у расійскім войску — у Літоўскім кавалерыйскім корпусе вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, брата расійскага імператара Мікалая I. 14 лютага 1834 паводле ўласнага прашэння быў звольнены ад вайсковай службы з чынам паручніка і ордэнам Святога Георгія, які, як вядома, даваўся толькі за персанальную мужнасць у баі. Стаў жыць у родавым маёнтку ў Слуцкім павеце і займацца гаспадаркай.
21 верасня 1844 у Мінску на дваранскіх выбарах Ян Ігнатавіч Даманскі, былы дваранскі дэпутат (вывадовы дэпутат) Слуцкага павета, быў выбраны на пасаду слуцкага павятовага маршалка (1844—1845), а першым «кандыдатам» (намеснікам) на пасаду слуцкага маршалка быў выбраны Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч. Пасля незапланаванай адстаўкі Даманскага з пасады, 7 мая 1845 Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч быў зацверджаны расійскімі ўладамі на пасадзе слуцкага маршалка. Пасля гэтага Тадэвуш Вайніловіч шэсць разоў абіраўся ў Мінску на пасаду слуцкага павятовага маршалка на новыя трохгоддзі — у 1847, 1850, 1853, 1856, 1859, 1862.
У доме маршалка Тадэвуша Вайніловіча ў Слуцку жыў у свой час яго пляменнік Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928), які тады вучыўся ў слуцкай гімназіі.
Тадэвуш Вайніловіч быў апошнім слуцкім павятовым маршалкам, выбраным павятовым дваранствам, бо пасля 1863 павятовыя маршалкі ў «заходніх губернях» Расійскай імперыі пачалі прызначацца расійскай уладай. Напэўна, Тадэвуш Вайніловіч быў бы і пасля ў 1863 прызначаны на пасаду слуцкага маршалка расійскай уладай, але гэта стала немагчыма з-за гучнага інцыдэнта з «мінскім пратаколам», які адбыўся ў 1862 у Мінску.
Справа з «мінскім пратаколам» (1862)
правіцьНапярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў у патрыятычных мэтах мінскі губернскі маршалак (1859—1863) Аляксандр Дамінікавіч Лапа разгарнуў актыўную дзейнасць, жадаючы дабіцца ад расійскіх улад злучэння Мінскай губерні (а разам з ёй і іншых «паўночна-заходніх губерняў») з польскімі губернямі ў рамках Расійскай імперыі ў нейкую асобную аўтаномію (якая б ахоплівала тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772) і аднаўлення дзейнасці ўніверсітэта ў Вільні (ці ў іншым месцы Беларусі).
17 лістапада 1862 у Мінску губернскі дваранскі сход на чале з Лапам меў намер прадставіць на імя расійскага імператара Аляксандра II афіцыйны адрас (зварот), у якім мовілася б аб неабходнасці злучыць Мінскую губерню з польскімі губернямі. Планавалася прадставіць такія ж адрасы ад усіх губернскіх дваранскіх суполак краіны. Віленскі ваенны генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў забараніў падачу адрасу, але мінскія дваране ўнеслі яго тэкст у пратакол пасяджэння губернскага дваранскага сходу, які падпісалі 255 чалавек — першым падпісаўся мінскі губернскі прадвадзіцель дваранства Аляксандр Лапа. Слуцкі павятовы маршалак Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч з патрыятычных памкненняў таксама падпісаўся пад гэтым пратаколам. Генерал-губернатар вымушаны быў распусціць дваранскі сход. Усе дакументы, якія тычыліся тых падзей, былі 21 студзеня 1864 выняты па загаду Часовага ваеннага губернатара Мінскай губерні з канцылярый мінскага губернскага маршалка і Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу. У 1863 Аляксандр Лапа быў высланы па загаду новага віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва (1796—1866) у Пермскую губерню за дапушчэнне падпісання «мінскага пратаколу», а яго буйны маёнтак Рудабелка падпаў пад прымусовы продаж.
У 1862, адразу пасля падпісання пратакола і прыезду ў свой маёнтак у Слуцкім павеце з купленым чамаданам і валонкамі, Тадэвуш Вайніловіч адмовіўся падпісаць вернападданы «адрас» да расійскага цара, якія ў той час падпісвалі многія дваране «заходніх губерняў», падаў у адстаўку і рыхтаваўся спакойна да высылкі ўладамі, хоць гэта магло пагражаць канфіскацыяй усяго маёнтка і трагедыяй для ўсёй сям’і.
У 1863, у ходзе паўстання 1863—1864 гадоў, яго брату Адаму Антонавічу Вайніловічу (1806—1874), пагражаў секвестр маёнтка Савічы, бо пісар маёнтка стаў членам слуцкага паўстанцкага атрада, быў арыштаваны і даў сведчанні. Па даручэнні ваеннага начальніка Слуцкага павета некалькі дзён маёнтак знаходзіўся ў акружэнні і распараджэнні атрада казакоў, але слуцкаму павятоваму маршалку (1845—1863) Тадэвушу Вайніловічу (1804—1878) удалося дабіцца зняцця секвестра з маёнтка брата Адама да рашэння суда, якога ў далейшым не адбылося[1].
Так здарылася, што расійская ўлада ніякіх рэпрэсій на Тадэвуша Вайніловіча не распаўсюдзіла. Вайніловіч толькі не прызначаўся на пасаду слуцкага павятовага маршалка пасля 1863, па прычыне нядобранадзейнасці. Аднак у 1863 расійская ўлада на пасаду слуцкага маршалка прызначыла Юзафа Ксаверавіча Вайніловіча, далёкага сваяка Тадэвуша.
Апошнія гады жыцця
правіцьЖонка Тадэвуша памерла раней яго. Пазней, калі агонь спаліў усе яго дамы, як у Слуцку, так і Кларымонце, некалькі год Тадэвуш жыў у Савічах у свайго брата Адама, з якім у яго ўсё жыццё былі прыязныя сямейныя адносіны. Адам быў рады прыняць Тадэвуша, бо ў 1861—1865 сын Адама Эдвард пражываў у Слуцку ў доме Тадэвуша, калі апошні быў слуцкім маршалкам, за што Адам быў рады адплаціць брату.
Памёр у 1878 у Слуцку, дзе і быў пахаваны. Побач пахавана яго жонка i мацi.
Маёнткі
правіцьУ 1845, калі Тадэвуш Вайніловіч займаў пасаду слуцкага павятовага маршалка, то за яго бацькам Антонам у Слуцкім павеце Мінскай губерні меўся спадчынны маёнтак Кларымонт (Кларымонт, Савічы, Пузаў), дзе налічвалася 190 рэвізскіх душ; у набытым маёнтку Каралін (Слуцкі павет) — 116 душ, а ў набытым маёнтку Дучава (Душава) у Слуцкім павеце — 20 душ.
У 1845 бацька Антон перадаў кіраванне гаспадаркай сваім сынам, падзяліўшы свае маёнткі паміж двума сынамі (Тадэвушу — Кларымонт, Каралін; Адаму — Савічы, Пузаў і Браткова), і вырашыў, што будзе жыць у сына Адама ў палацы ў Савічах на прыбыткі з дробнага маёнтка Дучава (Душава). У 1850 у маёнтку Тадэвуша Вайніловіча Кларымонт мелася 86 душ, у Караліне — 116, а ў 1856 — супольна ў Кларымонце і Караліне налічвалася 183 душы.
Зноскі
- ↑ Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 19.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Войнилович, Э. Воспоминания: Пер. с польск. / Общ. ред. В. Завальнюка. — Мн.: Издание Минской римо-католической парафии св. Симона и Елены, 2007. — 380 с. — 250 экз. (руск.)
- Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Wojniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s. (польск.)