Спецхра́н (руск.: спецхран ад отдел специального хранения — «аддзел спецыяльнага захоўвання») — у СССР асаблівы аддзел у бібліятэцы, рэжымны аб’ект, досяг да якога быў абмежаваны. У гэтых аддзелах знаходзіліся выданні, азнаямленне з якімі шырокай публікі лічылася непажаданым з ідэалагічных меркаванняў, а таксама аднесеныя паводле разнастайных меркаванняў да катэгорыі «Для службовага карыстання» альбо «Сакрэтна».

«Спіс асоб, усе творы якіх належыць выняць» (1960) дзеля далейшай перадачы ў спецсховішчы альбо знішчэння[d]

Сусветная практыка правіць

Аддзелы, у якіх захоўваецца закрытая для грамадства літаратура, існуюць у большасці бібліятэк свету. Найстарэйшы з іх — «Пекла[d]» (фр.: Enfer (bibliothèque)) французскай Нацыянальнай бібліятэкі, які існуе з XVII стагоддзя. Да рэвалюцыі сюды складалі літаратуру, забароненую з палітычных ці рэлігійных прычын, а таксама канфіскаваныя ў часе ператрусаў рукапісы (любога зместу).

СССР правіць

З’явіліся спецхраны ў пачатку 1920-х гадоў. Паводле пастановы Саўнаркама РСФСР ад 30 чэрвеня 1920 року Цэнтральная кніжная палата стала атрымліваць 3 асобнікі сакрэтнай літаратуры — выданняў РСЧА, РВС, УНК. У 1921 року спецхран Кніжнай палаты пачаў атрымліваць эмігранцкія газеты і часопісы.

Спецхраны ў бібліятэках былі створаны пастановай СНК РСФСР ад 12 снежня 1921[1].

12 студзеня 1922 года была прынята пастанова, паводле якой у сакрэтны аддзел пачалі перадаваць канфіскаваныя кнігі, выдадзеныя без дазволу цэнзуры. Паводле распрацаванай інструкцыі, карыстацца сакрэтнымі дакументамі можна было толькі з дазволу старшыні Саўнаркама, народнага камісара асветы ці яго намеснікаў, членаў ЦК РКП(б) або прэзідыуму УНК. Пры гэтым у дазволе штораз трэба было дакладна пералічваць дакументы, якія можна было выдаць, а таксама імя, імя па бацьку і прозвішча ўпаўнаважанай асобы. У 1923 року спецхраны перайшлі пад апеку Галоўнага ўпраўлення літаратуры[d] і Галоўнага палітычна-асветніцкага камітэта[d]. У выніку «чыстак» бібліятэк туды скіравалі вялікую колькасць літаратуры, часам ці не ўсю літаратуру з гісторыі і філасофіі. За сталінскім часам у спецхраны сталі хаваць выданні, дзе якім-небудзь чынам згадваліся імёны «ворагаў народа».

БССР правіць

У 1930-я гады ў спецхраны трапілі сотні кніг беларускіх аўтараў, названых «буржуазнымі нацыяналістамі» або «контррэвалюцыянерамі», беларуская перыёдыка 20-х і 30-х[2].

Літаратура спецхранаў правіць

У спецхранах зберагаліся:

  • Некамуністычныя выданні часоў грамадзянскай вайны.
  • Савецкі кнігі 1918—1936 гадоў, у якіх згадваліся непрымальныя з пункту гледжання ўладаў фігуры, напрыклад Леў Троцкі, Рыгор Зіноўеў, Леў Каменеў, Мікалай Бухарын і іхнія творы.
  • Кнігі, часопісы і газеты рускай мовай, выдадзеныя эмігранцкімі альбо заходнімі выдавецтвамі (незалежна ад зместу).
  • Кнігі, газеты і часопісы замежнымі мовамі.

Любая іншаземная літаратура падзялялася на дзве вялікія катэгорыі: для агульнага выкарыстання і закрытая для агульнага доступу. Закрытая катэгорыя далей падзялялася яшчэ на чатыры паводле ўзроўню доступу: 1 с, 2 с, З с і 4 с. У спіс 1 с уваходзілі толькі ЦК УКП(б) (ЦК КПСС), КДБ, Бібліятэка імя Леніна і Фундаментальная бібліятэка грамадскіх навук АН СССР. Астатнія спісы мелі меншы ўзровень доступу; так, у спецхраны катэгорыі 4 с (як, прыкладам, спецхран Акадэміі навук СССР) трапляла толькі чвэрць забароненай літаратуры[3].

У 1988 року спецхран Бібліятэкі імя Леніна налічваў больш як 300 тысяч назваў кніг, больш як 560 тысяч часопісаў, не менш за мільён газетаў.

Ліквідацыя правіць

Ад сакавіка 1987 року ў сувязі з правядзеннем палітыкі галоснасці пачалася перадача кніг са спецхранаў у адкрытыя фонды, для чаго створаная адмысловая камісія. Да кастрычніка 1988 года ў адкрытыя фонды пераведзеныя 7930 выданняў, 462 выданні пакінутыя закрытымі як «відавочна антысавецкія, паклёпніцкія на Уладізмера Леніна, КПСС, СССР і народ, белагвардзейскія, сіянісцкія, нацыяналістычныя». Творы колішніх савецкіх аўтараў-эмігрантаў таксама засталіся ў спецхранах нароўні з парнаграфічнай, фашысцкай літаратурай, літаратурай пра выбуховыя рэчывы і наркотыкі.

Канчаткова спецхраны ліквідаваныя загадам Галоўнага ўпраўлення ў ахове таямніц у друку СССР 9 ліпеня 1990 года, усе кнігі належала перадаць у агульныя фонды.

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. 1933 год. 16 июня. Секретный циркуляр ЦК ВКП(б) №113/79 (руск.). Руниверс (29 кастрычніка 2011). Праверана 16 лістапада 2023.
  2. Навумчык, Сяргей. «Спецхран» і вогнішча для беларускай літаратуры. На ўзбраенне ўзятыя метады 30-х гадоў. Аналітыка. Радыё „Свабода“ (16 лістапада 2023). Праверана 16 лістапада 2023.
  3. Лютова К. В. Отдел спецфондов в 60—80 гг. // Спецхран библиотеки Академии наук. — СПб: Издательский отдел Библиотеки Академии наук, 1999.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць