Стратасфера
Стратасфера (ад стар.-грэч. Στρατός — «армія» і σφαῖρα — «шар», «сфера») — слой атмасферы Зямлі, які знаходзіцца на вышыні ад 11 да 50 км. Характэрна нязначная змена тэмпературы ў слоі 11-25 км (ніжні слой стратасферы) і павышэнне яе ў слоі 25-40 км ад −56,5 да 0,8 ° С (верхні слой стратасферы або вобласць інверсіі). Дасягнуўшы на вышыні каля 40 км значэння каля 273 К (амаль 0 ° C), тэмпература застаецца пастаяннай да вышыні каля 55 км. Гэтая вобласць пастаяннай тэмпературы называецца стратапаўзай і з’яўляецца мяжой паміж стратасферай і мезасферай.
Павелічэнне тэмпературы з вышынёй у стратасферы абумоўлена наяўнасцю азону. Азон інтэнсіўна паглынае жорсткае ўльтрафіялетавае выпраменьванне Сонца, за кошт чаго павышаецца тэмпература ў стратасферы.
Павелічэнне тэмпературы з вышынёю надае стратасферы дынамічную ўстойлівасць. Тут амаль адсутнічаюць турбулентнае перамешванне і канвектыўныя токі паветра. Аднак здараюцца выпадкі запаволенага асядання ці падняцця паветра. Для стратасферы больш характэрны гарызантальны перанос паветраных мас, пераважна заходніх напрамкаў.
У стратасферы, як правіла, воблакі адсутнічаюць. Аднак у рэдкіх выпадках на вышыні 20 — 30 км могуць утварацца тонкія яркія воблакі, якія складаюцца з найдрабнейшых пераахалоджаных кропелек вады ці крышталікаў лёду. Днём яны не бачны, а ўначы адліваюць радужным колерам, за што атрымалі назву — перламутравыя воблакі.
ЛітаратураПравіць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
- Каўрыга П. А. Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. — Мн: БДУ, 2004. — 185 с.: іл.