Субдаміна́нта (фр.: sousdominante, ад лац.: sub — «пад» + dominans — «які пануе») у тэорыі музыкі — чацвёртая ступень мажорнага і мінорнага ладавых гукарадаў. Субдамінантай таксама называюць трохгучанне, пабудаванае на чацвёртай ступені. Субдамінанта — адна з трох асноўных (побач з тонікай і дамінантай) танальных функцый. У аналітычнай разметцы пазначаецца рымскай лічбай IV або лацінскай літарай S.

Субдамінанта (IV) у паслядоўнасці акордаў IV-V-I у до-мажоры Праслухаць 

Кароткая характарыстыка правіць

Тэрмін «субдамінанта» як парны да тэрміна «дамінанта» прапанаваў Ж. Ф. Рамо, у трактаце «Новая сістэма тэарэтычнай музыкі» (Nouveau système de musique théorique, 1726). Пад гэтымі словамі ён разумеў не танальныя функцыі, а гукі ад любой ступені гукараду, размешчаныя на квінту ўверх ад бягучага (дамінанта) або на квінту ўніз ад бягучага (субдамінанта)[1]; тэрмін «субдамінанта» Рамо таксама распаўсюдзіў на трохгучанне, пабудаванае на «субдамінантавай» ступені. Таксама Рамо апісаў субдамінантавы плагальны зварот (пад назвай «недасканалай кадэнцыі») і дамінантавы аўтэнтычны зварот (пад назвай «дасканалай кадэнцыі») як найбольш тыповыя акордавыя звароты танальнае музыкі.

Паняцце субдамінанты як танальнай функцыі, а таксама пазначэнне S для яе, увёў Г. Рыман[2]. У найпозняй тэорыі музыкі трохгучанні і сэптакорды II і VI ступеней і іх звароты былі ўключаны ў так званую «субдамінантавую групу». Тыповыя субдамінанты — секстакорд II ступені (субдамінанта з секстай замест квінты), квінтсекстакорд II ступені (субдамінанта з дададзенай секстай — гэты акорд Рамо назваў sixte ajoutée, гэта значыць дададзеная секста), неапалітанскі секстакорд (мінорная субдамінанта з паніжанай секстай замест квінты) і інш. Прычына гэтага складаецца ў тым, што найбольш характэрнай прыкметай субдамінантавай функцыі з’яўляецца наяўнасць у акордзе, які рэпрэзентуе субдамінанту, шостай ступені ладу, якая мае тэндэнцыю да сыходнага прыцягнення ў квінту танічнага трохгучання[3].

Рэцэпцыя правіць

Паводле Р. Рэці, субдамінантавая функцыя ў танальнай музыцы і ёсць уласна творчая частка кампазіцыі:

Для таго, каб паслядоўнасць I-V-I зацвердзілася, трэба была проста адкрыць гэтую з’яву прыроды. Творчы фактар выступае толькі ў той момант, калі I пераходзіць не ў V, а ў якое-небудзь іншае мелодыка-гарманічнае ўтварэнне (назавём яго x)…[4]

Ю. Цюлін тлумачыць больш слабое прыцягненне субдамінанты ў тоніку параўнальна з прыцягненнем дамінанты музычна-акустычнымі крытэрамі, вынікаючы падыходу Рамо і Рымана[5]. Паводле яго тэорыі, тоніка з’яўляецца вытворнай ад субдамінанты падобна таму як дамінанта з’яўляецца вытворнай ад тонікі (квінтавы тон з’яўляецца другім абертонам у натуральным гукарадзе). Прыцягненнем вытворнага тону ў асноўны тлумачыцца мацнейшае прыцягненне дамінанты ў тоніку і амбівалентнасць субдамінанты. Паводле Ю. М. Халопава, «прыцягненне субдамінанты ў тоніку носіць спецыфічны змякчэлы характар (асноўны тон Т утрымоўваецца ў кансанантным ядры S)»[6]. Гэтаму разуменню пра характар прыцягнення субдамінанты ў тоніку пярэчыць Л. А. Мазель. Паводле яго тэорыі, меладычныя прыцягненні з’яўляюцца кіроўнымі і толькі падмацоўваюцца акустычнымі заканамернасцямі. Субдамінанце адводзіцца роля «цэнтрабежнага» (накіраванага ад тонікі) гарманічнага элемента ў адрозненне ад «даасяродкавай» дамінанты[7].

Зноскі

  1. Дамінанту і субдамінанту ў класічным разуменні Рамо называў, адпаведна, «танічнай дамінантай» і «танічнай субдамінантай».
  2. Riemann, Hugo. Vereinfachte Harmonielehre oder Lehre von den tonalen Funktionen der Akkorden. — London/New York, 1893.
  3. У супрацьлегласць найбольш характэрнаму гуку дамінанты — сёмай ступені натуральнага мажору і гарманічнага мінору, уступнаму тону, які мае тэндэнцыю да ўзыходнага прыцягнення ў прыму танічнага трохгучання.
  4. Рэці, Рудольф. Тональность в современной музыке (перевод с английского Г. Орлова). — Л.: Музыка, 1968. — С. 12. — 132 с.
  5. Цюлін, Ю. М. Вучэнне аб гармоніі. — 3-е выданне. — М., 1966. — С. 150.
  6. Гл. яго артыкул «Субдамінанта» ў Вялікай расійскай энцыклапедыі Архівавана 28 лістапада 2020..
  7. Музычная энцыклапедыя. Т.5. C. 235—250

Літаратура правіць

  • Дубкова Т. А. Субдаміна́нта, у музыцы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 239. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Субдомина́нта // Музыкальная энциклопедия : [в 6 т.] / гл. ред. Ю. В. Келдыш. — М.: Советская энциклопедия: Советский композитор, 1973—1982. — (Энциклопедии. Словари. Справочники. Изд-во «Советская Энциклопедия», Изд-во «Советский композитор»). — Т. 5: Симон — Хейлер. — 1981. — Стб. 343. — 1056 стб., илл. — 102 200 экз. (руск.)