Дамавы сыч або Сіпель[1] (Athene noctua) — птушка роду сычы сямейства савіныя.
Дробная сава, даўжыня цела 21-27 см, размах крылаў 54-60 см, маса 150—210 г. Самцы і самкі афарбаваныя аднолькава: спінны бок светла-буры, з белаватымі стракацінамі, брушны — белы з бураватымі падоўжнымі плямамі.
Птушка з прысадзістым сілуэтам, параўнальна вялікай галавой, якая з-за формы «тварнага дыска» выглядае прыплюшчанай. Хвост кароткі, вочы жоўтыя з белымі «брывамі». Актыўны таксама і ўдзень. Калі падпільноўвае здабычу, робіць прысяданні і нахілы. Паварочвае галаву да 180°. Палёт хвалісты.
Распаўсюджаны ў Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе, Азіі (выключаючы Паўночную), Паўночнай Афрыцы і ад Эфіопіі да Самалі. У Еўразіі жыве на поўдзень ад Латвіі, Маскоўскай і Арэнбургскай абласцей, Паўночнага Казахстана, Паўднёвага Алтая і Забайкалля. На Беларусі трапляецца рэдка, пераважна на поўдні.
Насяляе разнародныя адкрытыя ландшафты ад лесастэпаў і гор да пустынь. Перавагу аддае культурнаму ландшафту. Імкнецца жыць у населеных пунктах і гаспадарчых пабудовах, размешчаных на адкрытых прасторах. Пазбягае густых лясоў, моцна зарослых тэрыторый, балот і адкрытых палёў.
Сілкуецца дробнымі грызунамі, насякомымі, радзей птушкамі.
Вядзе аселы спосаб жыцця. Манагам. Гняздуецца адзіночнымі парамі на гарышчах, пад карнізамі жылых і гаспадарчых пабудоў, у дуплах, а таксама ў штучных гняздоўях.
Пачатак адкладкі яек — другая палова красавіка. У кладцы 4-5 яек памерамі 34,6 x 29,1 мм. Наседжванне працягваецца 26-29 сутак. Корміцца мышападобнымі грызунамі, насякомымі, часам дробнымі птушкамі.
Зноскі
- ↑ Варыянты напісання ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.15., Мн., 2002, С.325.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.