Адкрыць галоўнае меню

Цыянабактэрыі (Cyanobacteria) — група фотатрофных пракарыётаў, што называецца таксама сіне-зялёнымі водарасцямі.

Цыянабактэрыі
Anabaenaspiroides EPA.jpg
Anabaena spiroides
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cyanobacteria Stanier ex Cavalier-Smith, 2002

Сінонімы
  • Cyanophyta
Даччыныя таксоны
Гл. тэкст
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  601
NCBI  1117
EOL  3223
FW  67023

АпісаннеПравіць

Уключаюць аднаклетачныя і шматклетачныя (ніткаватыя) формы. Да бактэрый сіне-зялёныя водарасці адносяць паводле будовы клетак (напрыклад, не маюць абмежаванага мембранай ядра), наяўнасці агульных спецыфічных злучэнняў (напрыклад, мурэіну ў клетачнай сценцы), блізкасці іх генетычных уласцівасцей. Таксама цыянабактэрый уключаюць у батанічную класіфікацыю паводле іх здольнасці, як вышэйшых раслін і водарасцей, да фотасінтэзу з выдзяленнем малекул кіслароду. Многія фіксуюць малекулярны азот. Назва «цыянабактэрыі» выкарыстоўваецца ў мікрабіялагічнай літаратуры, у батанічнай часцей ужываецца назва «сіне-зялёныя водарасці».

СістэматыкаПравіць

Падзяляюцца на 3 класы: храакокавыя, хамесіфонавыя і гармагоніевыя водарасці. Адрозніваюць каля 150 родаў, 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з дакембрыю (узрост некаторых з іх больш за 3 млрд гадоў). На Беларусі 327 відаў, разнавіднасцей і форм з 55 родаў: асцыляторыя (Oscillatoria), насток (Nostoc), мікрацысціс (Microcystis), афанізаменон (Aphanizomenon), глеятрыхія (Gloeotrichia), глеякапса (Gloeocapsa), фармідыум (Phormidium), калотрыкс (Calothrix), спіруліна (Spirulina), афанатэцэ (Aphanothece), сінехакокус (Synechococcus) і інш.

ЭкалогіяПравіць

Аднаклетачныя, каланіяльныя і шматклетачныя (ніткаватыя) арганізмы, мікраскапічныя, часта ўтвараюць буйныя скопішчы ў выглядзе корак і кусцікаў вышынёю да 20 см (у трапічных морах). Афарбоўка ад сіне-зялёнай да чырвонай. Фотасінтэзавальныя, маюць хларафілы, караціноіды і асобныя пігменты — фікабіліпратэіды. Для іх характэрна адсутнасць жгуцікавых стадый і палавога працэсу.

Размнажэнне вегетатыўнае.

Значэнне і выкарыстаннеПравіць

Уваходзяць у склад планктону, бентасу прэсных вод і мораў, жывуць на паверхні глебы, у гарачых крыніцах з тэмпературай вады да 80 °C, у вапнавым субстраце, гарах, Арктыцы і Антарктыцы. З’яўляюцца піянерамі жыцця ў крайніх умовах існавання. Часта знаходзяцца ў сімбіятычных адносінах з іншымі арганізмамі: аднаклетачнымі водарасцямі, што страцілі хларапласты, прасцейшымі, грыбамі (лішайнікі), моха- і папарацепадобнымі, сагаўнікавымі, пакрытанасеннымі. Выконваюць ролю азот-фіксатараў і выкарыстоўваюцца як угнаенне (напр., на рысавых палях). Выклікаюць «цвіценне» вады ў вадасховішчах.

Некаторыя ўжываюцца ў ежу (насток, спіруліна), выкарыстоўваюцца для культывавання (напр., для вырабу лекаў).

ЛітаратураПравіць

  • Міхеева Т. Сіне-зялёныя водарасці // БЭ ў 18 т. Т. 14. Мн., 2002.
  • Цыянабактэрыі // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003.