Ток
Ток — традыцыйная гаспадарчая пабудова для сушкі і абмалоту збажыны. На Віцебшчыне і часткова Магілёўшчыне такамі называлася гумно.
Ток — прамавугольнае, квадратнае, многавугольнае ў плане збудаванне слупавой, каркаснай, вянковай канструкцыі з 1-3 варотамі, глінабітнай пляцоўкай для абмалоту пасярэдзіне, накрытае 2- або шматсхільнай страхой. З 16 ст. такі ў заможных феадальных сядзібах і фальварках ставілі на гумнішчы. Звычайна блакіраваўся з ёўняй або асеццю, адкуль высушаныя снапы падавалі ў ток для абмалоту (г. Давыд-Гарадок Столінскага, вёска Бранчыцы Салігорскага раёнаў і іншыя), радзей стаялі асобна ад асецяў і часам уяўлялі сабой крыжовыя ў плане збудаванні (вёска Брожа Бабруйскага раёна). Такамі таксама называлі адкрытыя глінабітныя пляцоўкі для абмалоту снапоў і аналагічныя пляцоўкі ў гумнах, стадолах, клунях.
Сучасны ток — крытая пляцоўка, дзе спецыяльнымі агрэгатамі сушаць і ачышчаюць зерне.
Літаратура
правіць- Ток збожжавы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 482. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Якімовіч Ю. А. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі ў 5-і тамах. Том 5. Скамарохі—Яшчур. — Мн.: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1987.