Страха
назва даха ў традыцыйным беларускім дойлідстве.
Страха́[1] — назва даха ў традыцыйным беларускім дойлідстве. Невялікая страха або навес над калодзежам ці падобным назваліся стрэшкам.
Канструкцыя
правіць- Закот ці страха закотам (у покат, на лемягах, на гадунах) — распаўсюджана ў асноўным у гаспадарчых пабудовах, як і страха на стаяках. Найчасцей сустракаецца на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Галоўны недахоп закота ў тым, што асноўны цяжар страхі падае на бакавыя шчыты збудавання.
- На стаяках (на козлах, на дзядках, на чапёлках, на крыжах, на сошках) — канструкцыя выкарыстоўвалася ў асноўным у гаспадарчых збудаваннях, але раней, магчыма, будавалася і ў жылых. На папярочную балку ставіліся невялікія цурбаны з развілкай, на якую клалася тоўстая жэрдка (коневае бервяно, пераводзіна, правіліна, пажыліна, доўжнік, кладзь). На яе чапляліся пры дапамозе крука доўгія жэрдкі (ключы, кручча), а пазне збітыя крыж-накрыж жэрдкі. Канструкцыя распаўсюджана даволі спарадычна.
- На сохах — сохі ставіліся ў адзін рад уздоўж вільчыка.
- Кроквы. Страха на кроквах — пачала пераважаць з XIX ст. хаця вядома даўно. Паводле мацавання крокваў стрэхі падзяляюцца на віды:
- Кроквы мацуюцца непасрэдна ў верхні вянок зруба, уздоўж страхі прыбіваюцца з кожнага боку па 10—12 жэрдак (латаў).
- Кроквы ўпускаюцца ў верхні вянок і бервяно ўнутры зруба. Канструкцыя называлася — «на пакраквяніку», з’яўляецца рэліктам закота.
- Кроквы мацуюцца ў падоўжаныя балкі, вынесеныя за сценныя выступы балак, на якіх трымаецца столь. Канструкцыя верагодна прыйшла з Германіі.
- Кроквы мацуюцца ў папярочныя балкі. Набыла распаўсюджанне ў сярэдзіне XX ст.
Форма
правіцьПаводле формы выдзяляюць наступныя віды стрэхаў:
- двухсхільныя, старажытная
- чатырохсхільныя, кампактна ў Гомельскай вобласці.
- трохсхільныя, пераходная ад чатырох- да двухсхільных.
- страха з усечаным знізу франтонам (з прычолкам).
- страха з усечаным зверху франтонам (з вальмай, з залобкам, з лабяком, з начолкам, ламаны дах), магчыма пазычана ў немцаў.
Матэрыял пакрыцця
правіцьНайбольш распаўсюджаным матэрыялам для пакрыцця стрэхаў была салома. Мелі месца два спосабы пакрыцця: уверх і ўніз коласам. Першы спосаб быў больш надзейны, хаця на яго ішло ўдвая больш саломы, чым у выпадку пакрыцця коласам уніз. Таксама вядомы стрэхі крытыя дрэвам (дошкай, дранкай, дранню, гонтам), бляхай, чарапіцай, чаротам і інш.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларускае народнае жыллё / [Э. Р. Сабаленка і інш.] ; рэдактар В. К. Бандарчык ; Акадэмія навук БССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Беларуская навука, 1973. — 125 с. — 2 250 экз.
- Гуркоў У. С. Страха́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 203. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).