Трыумф смерці (карціна)
«Трыумф смерці» — карціна Пітэра Брэйгеля Старэйшага, напісаная каля 1562 года.
| ||
Пітэр Брэйгель Старэйшы | ||
Трыумф смерці. 1562 | ||
нідэрл.: De Triomf van de Dood | ||
Матэрыял | Дрэва | |
---|---|---|
Тэхніка | Алей | |
Памеры | 117 × 162 см | |
Прада, Мадрыд, Іспанія | ||
(інв. P001393) | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Карціна ўяўляе сабой панараму выпаленай бясплоднай зямлі, на якой армія шкілетаў сее жах, хаос і смерць, падвяргаючы мірных жыхароў разнастайным катаванням. Асуджаныя ў страху разбягаюцца, хтосьці спрабуе даць адпор, а хтосьці проста іграе на лютні, імкнучыся не заўважаць таго, што адбываецца. Шкілет у цэнтры карціны на кані люта косіць людзей велізарнай касой, і звар'яцелы люд натоўпам бяжыць у сховішча, якое насамрэчы з'яўляецца велізарнай пасткай у форме труны. Усе без разбору — ад селяніна да караля — становяцца ахвярамі пераможнай смерці[1]. Свет гіне пад пахавальны бой званоў, у якія званяць шкілеты ў верхнім левым вугле карціны.
Вялікая колькасць элементаў на карціне адлюстроўвае шматлікія аспекты паўсядзённага жыцця XVI стагоддзі — ад дэталяў адзення да папулярных забаў, такіх як ігральныя карты і нарды. Брэйгель намаляваў розныя музычныя інструменты, старадаўні механічны гадзіннік, сцэну палявання і пахавальны абрад, а таксама разнастайныя пакаранні смерцю — калесаванне, павешанне, абезгалоўванне, і нават утапленне з прывязаным да шыі жоранам.
У «Трыумфе смерці» Брэйгель злучыў дзве розныя выяўленчыя традыцыі — звыклую для яго гравюру Паўночнага Адраджэння на тэму Скокаў смерці і італьянскую канцэпцыю Трыумфу смерці, якую ён мог бачыць на фрэсках Палацца Склафані ў Палерма і могілках Кампа-Санта ў Пізе[2].
Большасць мастацтвазнаўцаў сыходзяцца ў меркаванні, што ў «Трыумфе смерці», як і ў іншых працах падобнай тэматыкі — «Вар'яцкай Грэце» і «Падзенні мяцежных анёлаў» Брэйгель выказаў грамадскія настроі трывогі і нявызначанасці, якія панавалі ў суровай атмасферы Іспанскіх Нідэрландаў напярэдадні Нідэрландскай рэвалюцыі.
Гісторыя карціны прасочваецца да 1614 года, калі яна ўпершыню дакладна згадваецца ў вопісе маёмасці Філіпса ван Валкенісэ з Антверпена. Да 1745 года, змяніўшы некалькіх уладальнікаў, карціна апынулася ва ўласнасці Ізабелы Фарнезэ. Да 1827 года яна заставалася ў палацы Ла-Гранха, пасля чаго была перададзена ў музей Прада, дзе і захоўваецца дагэтуль.
Крыніцы
правіць- ↑ Woodward, Richard B. (February 14, 2009). "Death Takes No Holiday". The Wall Street Journal. Праверана December 22, 2011.
- ↑ P. Thon, «Bruegel's Triumph of Death Reconsidered», Renaissance Quarterly Vol. 21, No. 3, Autumn, 1968.