Тураўскае Евангелле

Тураўскае Евангелле або Тураўскія лісткі, бо захавалася толькі 10 аркушаў — рукапіснае евангелле-апракас, створанае ў XI стагоддзі, напісана кірыліцай. Захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Адзін з найбольш ранніх помнікаў славянскай кніжнай пісьменнасці, і найбольш ранняя кніга на беларускіх землях, якая дайшла да нашага часу.

Ліст Тураўскага Евангелля
Ліст Тураўскага Евангелля
Тураўскае Евангелле. XI стагоддзе
Матэрыял пергамент
Тэхніка рукапіс
Памеры 22,2 × 17,8 см
Бібліятэка Акадэміі навук Літвы, Вільнюс
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Ад рукапісу захавалася 10 лістоў. Іх знайшлі ў Тураве ў 1865 годзе ў скрыні з-пад вугалю ўдзельнікі археаграфічнай экспедыцыі, якую арганізавала Віленская навучальная акруга — Нікадзім Сакалоў, звышштатны настаўнік Віленскай навучальнай акругі, і Васіль Гразноў, настаўнік малявання Віленскай гімназіі[1].

На двух аркушах захаваліся два ўкладныя запісы пачатку XVI ст. (1508 і 1513 гадоў) на землі тураўскай Праабражэнскай царкве, у тым ліку на сенажаці каля Верасніцы, ад князя Канстанціна Астрожскага[2]. Уклады былі пацверджаны ў 1731 і ў 1790 гадах, пра што на палях таксама зроблены запісы.

Рукапіс паступіў у Віленскую публічную бібліятэку, быў вывучаны і выдадзены. У 1868 годзе было выпушчана хромалітаграфічнае выданне Тураўскага евангелля (якое, аднак, недастаткова якасна перадавала яго выгляд і давала старонкі рукапісу не паслядоўна). У 1869 годзе ў Вільні выйшла даследаванне, якое падрыхтаваў Пётр Гільтэбрант[3] — «Тураўскае евангелле XI ст.: 1. Кароткія звесткі пра Тураўскае евангелле; 2. Старажытны тэкст з сучасным побач і з адзнакамі па Астраміраву евангеллю». У 1876 годзе Ізмаіл Сразнеўскі выдаў яго ў Санкт-Пецярбургу. У 2014 годзе Алесь Суша (Нацыянальная бібліятэка Беларусі) падрыхтаваў факсімільнае ўзнаўленне рукапісу ў суправаджэнні навуковых даследаванняў[4].

Апісанне

правіць
 
Разварот з Тураўскага Евангелля
 
Муляж Тураўскага евангелля. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Рукапіс напісаны ўставам каштанавым чарнілам на шчыльным, лашчоным пергаменце з лінейкамі, праведзенымі шрыфтам. Загалоўкі напісаны кінавар’ю. Выкарыстаны лісты памерам каля 22,2 см даўжынёй і 17,8 см шырынёй, разлінееныя на 17—18 радкоў. У захаваных фрагментах налічваецца адзінаццаць ініцыялаў з літар «О», «Р» і «В»[5].

Загалоўныя літары маляўнічыя, досыць вялікія; асобныя з іх дасягаюць 7,5 см вышыні, займаючы 8 радкоў тэксту. Большасць ініцыялаў мадэліравана ў тры колеры: чырвоны, сіні, зялёяы. Ініцыялы выкананы ў дзвюх манерах — лінеарна-контурнай і сілуэтнай. Сілуэтныя ініцыялы болып выразныя; у асобпых з іх можна адзначыць першапачатковыя формы таго пышнага рэпрэзентатыўнага стылю, які быў характэрны для некаторых познераманскіх рукапісаў.

Крыніцы

правіць
  1. Шумейко М. Ф. История белорусской археографии / Археография: курс лекций. — Минск: БГУ, 2005
  2. Щавинская Л. Л. Полтысячелетия дарственной записи князей Острожских на Туровском евангелии
  3. Гильтебрандт Пётр Андреевич — краткая биография(недаступная спасылка)
  4. Тураўскае Евангелле = Туровское Евангелие = Turaŭ Gospel: Факсімільнае ўзнаўленне. Даследаванні / [Нацыянальная бібліятэка Беларусі; пад агульнай рэдакцыяй А. А. Сушы]. — Мінск, 2014. — 186 с.
  5. Левшун Л. В. Туровское Евангелие Архівавана 12 кастрычніка 2009. // «Ступени». 2005. № 2 (18)

Літаратура

правіць
  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.; Рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1987. — 304 с.; іл.
  • Гильтебрандт П.А. Туровское Евангелие одиннадцатого века. — Вильна: Печатня А.Г. Сыркина, 1869. — 20 с.
  • Суша А. Тураўскае Евангелле — найдаўнейшы кніжны помнік Беларусі // Тураўскае Евангелле = Туровское Евангелие = Turaŭ Gospel: Факсімільнае ўзнаўленне. Даследаванні / [Нацыянальная бібліятэка Беларусі; пад агульнай рэдакцыяй А. А. Сушы]. — Мінск, 2014. — С. 84-108.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 331—332. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16), С. 37.