Тутчонэ

пералік значэнняў у Вікіпедыі

Тутчонэ (саманазва: Dän’) — плямёны юканскіх атабаскаў. Падзяляюцца на паўночную і паўднёвую групы. Агульная колькасць у Канадзе (2019 г.) — 3100 чалавек[1][2].

Тутутні
(Dän’)
1929 г.
Агульная колькасць 3100
Рэгіёны пражывання Канада
Мова тутчонэ
Рэлігія шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы данэ-заа, славі, гвічын, атабаскі Аляскі

Тутчонэ традыцыйна насяляюць плато на поўдзень ад ракі Юкан. У мінулым вялі вандроўны лад жыцця, займаліся сезонным рыбалоўствам, палявалі на карыбу, ласёў, зайцоў, птушак і г. д. Тутчонэ апрацоўвалі медзь, выраблялі простую кераміку. Важным з'яўляўся абмен з прыбярэжнымі тлінкітамі.

Асновай традыцыйнага грамадства была невялікая сямейная група да́гхалан. Улетку сем'і паасобку займаліся здабычай, большасць рэчаў выраблялі на месцы. Жытло ўяўляла сабою часовыя навесы, хаця групы, што стала кантактавалі з тлінкітамі, таксама будавалі хаціны з дрэва. Увесну або ўвосень сем'і аб'ядноўваліся для супольных святаў, падрыхтоўкі для зімоўкі або летняга палявання. Арганізацыяй рытуалаў і лекаваннем займаліся шаманы. Сваяцтва адлічвалася па жаночай лініі. Сем'і аб'ядноўваліся ў экзагамныя фратрыі крумкача і воўка.

З канца XIX ст. удзельнічалі ў здабычы і гандлі футрам. Пашырэнне кантактаў з еўрапейскімі пасяленцамі, здабытчыкамі золата і паляўнічымі садзейнічала хуткім зменам ладу жыцця, пашырэнню наёмнай працы, распаўсюджванню хрысціянства. У 1993 г. падпісалі дагаворы аб урэгуляванні тэрытарыяльных спрэчак з канадскімі ўладамі. Склалася некалькі арганізацый «першасных нацый», што кантралююць землі на правах аўтаномных рэзервацый. Паўночныя і паўднёвыя тутчонэ маюць супольныя рады. Яны абмяркоўваюць агульныя праблемы, вядуць перагаворы з дзяржаўнымі структурамі.

Значная частка тутчонэ карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці роднай мовай, якая падзяляецца на паўночны і паўднёвы дыялекты з выразнымі адрозненнямі.

Зноскі

Спасылкі правіць