Уладзімір Уладзіміравіч Гарох

Уладзімір Уладзіміравіч Гарох (нар. 26 мая 1973) — беларускі рамеснік, да свайго затрымання займаўся стварэннем драўляных вырабаў. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Уладзімір Уладзіміравіч Гарох
Род дзейнасці рамеснік, палітычны вязень
Дата нараджэння 26 мая 1973(1973-05-26) (50 гадоў)
Грамадзянства

Біяграфія правіць

Працаваў у «Хойніцкіх рамёствах», дзе ствараў розныя вырабы з дрэва. Вернік, да затрымання пражываў у хрысціянскім цэнтры ў Наваградку. Жонка Надзея. Уладзімір — бацька чатырох дзяцей, адзін з якіх яшчэ няпоўнагадовы. Родны брат бубнача Аляксандра Гароха (Drum Ecstasy, Znich, ROSTANY).

У пачатку ліпеня 2020 прыехаў у Наваградак і ў мэсэнджарах пачаў цікавіцца мясцовай абстаноўкаю. На выбарах прэзідэнта падтрымліваў Святлану Ціханоўскую, на адным з мітынгаў у яе падтрымку на сцэне спяваў песню «Муры» на беларускай мове. Пасля гэтага Гарох запланаваў сам арганізаваць мітынг у падтрымку Ціханоўскай, для чаго пачаў ездзіць па раёне і сустракацца з людзьмі, каб сабраць каманду. Праз недахоп ведаў пра арганізацыю мітынгаў паехаў у Мінск, дзе сустракаўся з актывістамі, каб даведацца падрабязней пра юрыдычныя нюансы. У выніку ад сваёй ідэі Гарох вырашыў адмовіцца, бо «было занадта поздна рабіць мітынг». Пасля гэтага яму пачалі тэлефанаваць з міліцыі, што таксама ўплыла на яго планы, ён вырашыў часова змяніць месца жыхарства, каб не трапіць пад пераслед як іншыя актывісты[1].

Палітычны пераслед правіць

Уладзімір Гарох быў затрыманы 18 жніўня 2020 па так званай «Карэліцкай справе» аб нібыта плануемых беспарадках у Карэлічах і Навагрудку пасля прэзідэнцкіх выбараў, яму было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў), пазней да гэтага дадалося абвінавачванне па арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Сутнасць абвінавачвання грунтавалася на тым, што летам 2020 Гарох наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Навагрудку і некаторых іншых населеных пунктах і намагаўся прыцягнуць да іх вялікую колькасць людзей, для чаго ён планаваў і праводзіў сустрэчы с людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах. Згодна з версіяй следства, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак ён не паспеў нічога зрабіць, бо сёмага жніўня яго дзейнасць выкрылі і спынілі праваахоўнікі. Абраза Лукашэнкі палягала ў тым, што 14 жніўня ён размясціў у чаце «Наваградак для жыцця» допісы з «непрыстойнымі па форме і прыніжальнымі па накіраванасці выказваннямі…якія ўтрымліваюць негатыўную ацэнку А.Лукашэнкі»[1].

7 кастрычніка 2020 года сем беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, апублікавалі супольную заяву, у якой прызналі Уладзіміра Гароха палітычным зняволеным, таксама было адзначана, што «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[2]. Крымінальны пераслед па другім артыкуле, 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), таксама крытыкуецца праваабаронцамі за яго дыфамацыйны характар, сама наяўнасць гэтага артыкула ў крымінальным кодэксе, а таксама фактычны крымінальны пераслед па ім правабаронцы прызнаюць палітычным[3][4].

Спачатку Гарох ўтрымліваўся ў турме г. Гродна, пазней яго справа была перададзена ў Навагрудскі раённы суд, а ён сам пераведзены ў СІЗА-6 Баранавічаў.

15 снежня 2020 ў судзе Наваградскага раёна суддзя Васіль Аляхновіч пачаў разгляд крымінальнай справы ў адносінах да Уладзіміра Гароха, а таксама прадпрымальніка Дзяніса Кірэшчанкі. На судзе Гарох патлумачыў, што допісы зрабіў на эмоцыях: двое яго старэйшых дзяцей, Вера і Уладзімір, працуюць медычнымі работнікамі (фельдшэрамі) і як медыкі дапамагалі пацярпелым ад дзеянняў сілавых структураў пад час акцыяў пратэсту ў Мінску ў першыя дні пасля выбараў, за што сын Уладзіміра Уладзімір Гарох-малодшы быў затрыманы, а пасля затрымання моцна збіты, фактычна патрапіў пад катаванні. Па факце беспарадкаў, якія планаваліся 10 жніўня, Гарох заўважыў, што ён быў затрыманы 18 жніўня, і за 8 дзён — з 10 па 18 жніўня — ні спілаваных дрэваў, ні спаленых адміністратыўных будынкаў, ні кактэляў Молатава ў Навагрудку і іншых датычных справы мястэчках ніхто не пабачыў, то бок адзінае што рэальна можна яму інкрымінаваць — гэта размовы з жыхарамі мястэчак, на якіх ён свядома правакаваў людзей, каб пабачыць іх рэакцыю[5].

18 снежня пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для Дзяніса Кірэшчанкі і восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — для Уладзіміра Гароха, абвінавачаныя віны не прызналі[6].

29 снежня быў агучаны прысуд. Нягледзячы на тое, што абвінавачванне было цалкам пабудавана на паказаннях сведкаў, запісах тэлефонных размоваў і скрыншоце паведамлення, якое нібыта абражае Лукашэнку, а ніякіх матэрыяльных доказаў пададзена не было, суддзя Васіль Аляхновіч прызнаў абодвух падсудных вінаватымі, Уладзіміру Гароху прысудзілі 6 гадоў і 6 месяцаў па ч. 1 арт. 293 і 1 год па арт. 368, і шляхам частковага складання канчатковае пакаранне склала 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На той момант гэта быў самы вялікі тэрмін, дадзены палітвязню пасля выбараў і звязанным з гэтым пратэстамі ў 2020. Дзянісу Кірэшчанку прысудзілі 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму[7].

Прысуд Гарох адбывае ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове.

Зноскі

Спасылкі правіць