Факунда Несцяровіч

Факунда Несцяровіч (8 сакавіка 192914 лістапада 1987) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да мядзельскай і мінскай групы арганізацыі.[1]

Факунда Несцяровіч
Род дзейнасці удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
Дата нараджэння 8 сакавіка 1929(1929-03-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 14 лістапада 1987(1987-11-14) (58 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 8 сакавіка 1929 г. у в. Юшкавічы Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы ў сям'і, якая пераследавалася савецкімі ўладамі. Бацька быў з Магдуліна, а маці з Расохаў. Бацькавага брата ў 1940 г. савецікія ўлады пасадзілі ў турму. Акрамя Факунды ў сям'і былі дачкі Аля і Ядвіга, а таксама сын Юзаф. У 1947 г. сям'я першая пайшла ў калгас пад пагрозай высылкі ў Сібір праз тое, што ў іх было шмат зямлі.

Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, дзе пазнаёміўся з Расціславам Лапіцкім, пад уплывам якога далучыўся да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху. Арганізацыя Расціслава Лапіцкага ў асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, у будучыні планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў. Факунда Несцяровіч удзельнічаў у распаўсюдзе антысавецкіх улётак і здабыванні зброі для арганізацыі. Пасля заканчэння 7-га класа паступіў у Мінскі палітэхнікум вучыцца на архітэктара, але не перапыняў сувязі з паплечнікамі, прыязджаў у Смаргонь, дзе збіраў новыя ўлёткі для распаўсюду ў Мінску.

У лютым 1950 г. арыштаваны савецкімі карнымі органамі, калі прыехаў да бацькоў на канікулы. Пры ператрусе на Мядзельшчыне ў яго была знойдзена зброя і выбуховыя рэчывы. На працэсе ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падполля, які адбыўся ў Маладзечне ў ліпені 1950, ваенны трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі прыгаварыў Факунду Несцяровіча да расстрэлу, бо следства лічыла Факунду Несцяровіча намеснікам кіраўніка арганізацыі. Але на думку сябраў арганізацыі гэта адбылося таму, што ён быў ужо ў палітэхніцы ў Мінску, пайшоў у навуку і таму быў асабліва небяспечны для ўладаў. Пазней смяротны прысуд быў заменены на 25 гадоў зняволення ў канцлагерах: уначы з 27 на 28 кастрычніка яго разам з Расціславам Лапіцкім вывезлі ў лес на расстрэл, дзе над выкапанай ямай зачыталі пастанову Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР аб замене смяротнага пакарання, а Лапіцкі ж быў тут жа расстраляны. Пакаранне адбываў пераважна ў Варкуце, на розных работах, у тым ліку будаўнічых.

Пад канец 50-х вызвалены. Адразу ж разам з бацькамі выехаў у Польшчу. Там скончыў будаўнічы інстытут, працаваў, ажаніўся з перасяленкай з Мядзельшчыны.

Памёр 14 лістапада 1987 г. падчас службы ў касцёле з прычыны хворага сэрца. Пахаваны ў Баляслаўцу ў Польшчы.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154867.html Біяграфія Факунды Несцяровіча

Літаратура правіць

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.