Фінбош
Фінбош (афр.: fynbos) — тып хмызняковай расліннасці, пераважны на тэрыторыі Капскай вобласці ПАР, самага багатага відамі фларыстычнага царства планеты. Займае плошчу 46 000 км². Падобны, але менш разнастайны відамі тып расліннасці сустракаецца ў Міжземнамор'і (дзе ён называецца маквіс), цэнтральным Чылі, паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе Аўстраліі, у амерыканскім штаце Каліфорнія, дзе як і ў месцах вырастання фінбоша пераважае міжземнаморскі клімат (субтропікі).
Гісторыя
правіцьТакую назву фінбошу далі першыя галандскія перасяленцы Капскай калоніі. Так яны назвалі незвычайную для Нідэрландаў расліннасць, якая пераважала ў раёне Кейптаўна. На мове афрыкаанс слова «фінбош» азначае «дробны хмызняк» або «дробналессе».
Геаграфія
правіцьЯк і сама Капская вобласць, фінбош, які ўваходзіць у яе склад цягнецца ў прыбярэжнай паласе шырынёй 100—200 км уздоўж узбярэжжа Атлантычнага і Індыйскага акіянаў ад г. Кланвільям на захадзе да Порт-Элізабэт на ўсходзе, займаючы 50 % плошчы Капскай вобласці і змяшчае 80 % яе відаў раслін. Відавая разнастайнасць зніжаецца па меры руху з захаду на ўсход вобласці. Фінбош змяшчае да 9000 відаў раслін, 6200 з якіх — эндэмікі, і з'яўляецца самым разнастайным біёмам свету. Да прыкладу, толькі ў раёне Кейптаўна і Сталовай гары сустракаецца 2200 відаў раслін, гэта значыць больш, чым ва ўсёй Вялікабрытаніі ці Галандыі (1400 відаў). Фінбош займае толькі 6 % тэрыторыі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі і 0,5 % тэрыторыі Афрыкі, але ў ім расце каля 20 % афрыканскіх відаў раслін.
Батаніка
правіцьЯк і маквіс, фінбош складаецца пераважна з вечназялёных жорсткалісцевых раслін, якія халадастойкія зімой і жарастойкія летам. Дамінуюць віды з сямействаў пратэйныя (Proteaceae), верасовыя (Ericaceae), Restionaceae. Распаўсюджаныя гладыёлусы (Gladiolus), лілейныя (Liliaceae) (у тым ліку Lachenalia). Маецца больш за 1400 відаў цыбульных раслін.
Біяабнаўленне
правіцьЗ пункту гледжання чалавека, кусты фінбоша надзвычай пажаранебяспечныя, аднак агонь для фінбоша — натуральная крыніца абнаўлення расліннасці і ўзбагачэння глебы мінераламі, неабходнымі для прарастання новага насення. У апошні час фінбош моцна пакутуе ад уздзеяння чалавека, у тым ліку ад акліматызаваных відаў тыпу хвоі і акацыі. Для абароны фінбоша ў многіх месцах створаны запаведнікі.