Храмасомная тэорыя спадчыннасці

Храмасо́мная тэо́рыя спа́дчыннасці — тэорыя аб лакалізацыі фактараў спадчыннасці ў храмасомах клетак. Распрацавана нямецкім эмбрыёлагам Тэадорам Боверы  (руск.) (1902—1907) і амерыканскім цытолагам У. Сетанам (1902—1903).

Эксперыментальнае абгрунтаванне лакалізацыі генаў у храмасомах было атрымана пазней Т. Морганам і яго супрацоўнікамі К. Брыджэсам, А. Сцёртэвантам і Г. Мёлерам, якія працавалі з пладовай мушкай Drosophila melanogaster[1]. Асноўныя высновы сфармуляванай імі храмасомнай тэорыі спадчыннасці былі апублікаваны ў 1915 годзе ў кнізе «Механізм мендэлеўскай спадчыннасці»[2].

У 1933 годзе Томасу Моргану за адкрыццё ролі храмасом у спадчыннасці была прысуджана Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне[3].

Храмасомная тэорыя спадчыннасці ўсталёўвае, што пераемнасць адзнак арганізмаў у шэрагу пакаленняў вызначаецца пераемнасцю іх храмасом. Гены, лакалізаваныя ў храмасоме, складаюць групу счаплення і перадаюцца сумесна; колькасць груп счаплення роўная гаплоіднай колькасці храмасом і пастаянная для кожнага віду арганізмаў; адзнакі, што залежаць ад счаплення генаў, таксама наследуюцца сумесна. Счэпленае наследаванне  (руск.) адзнак парушаецца ў выніку перакрыжавання храмасом  (руск.), якое прыводзіць да пераразмеркавання генетычнага матэрыялу паміж гомалагічнымі храмасомамі ў працэсе меёзу.

Храмасомная тэорыя спадчыннасці дазволіла сфармуляваць адзін з найважнейшых прынцыпаў генетыкі аб адзінстве дыскрэтнасці і бесперапыннасці генетычнага матэрыялу.

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. Инге-Вечтомов 2010, с. 153-181.
  2. Morgan T.H., Sturtevant A.H., Muller H.J., Bridges C.B. The mechanism of mendelian heredity. — New York: Henry Holt and Company, 1915. — 262 с.
  3. The Nobel Prize in Physiology or Medicine 1933 (англ.). Nobel Media AB 2013. Праверана 11 снежня 2013.

Літаратура правіць