Цыміхе́ты (малаг.: tsimihety, літаральна «доўгавалосыя») — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць паўночную і цэнтральную часткі Мадагаскара. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 266 000 чал.[1]

Цыміхеты
(tsimihety)
Філібер Цыранана
Агульная колькасць 2266000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Мадагаскар
Мова малагасійская
Рэлігія культ продкаў, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя малагасійцы

Гісторыя

правіць

Цыміхеты пачалі вылучацца як самастойная этнічная група ў XVIII — XIX стст. у выніку бегства з паўднёва-ўсходняга і паўднёва-заходняга ўзбярэжжаў і далейшага супраціўлення заваёўнікам з груп сакалава, мерына і бецымісарака.

Назва паходзіць ад звычаю насіць доўгія валасы. Па легендзе, мужчыны-цыміхеты адмовіліся галіцца ці то ў знак непадпарадкавання пасля смерці чарговага ўладара-сакалава, ці то ў выніку нязгоды з рэформамі каралёў-мерына. Але ў XIX ст. былі заваяваны Радамам I (1823 г.) і фармальна ўвайшлі ў склад агульнай малагасійскай дзяржавы. У канцы XIX — пачатку XX ст. аказвалі моцны супраціў французскай каланізацыі.

З цыміхеты паходзіў першы прэзідэнт незалежнага Мадагаскара, Філібер Цыранана (19101978).

Асаблівасці культуры

правіць

Землі, населеныя цыміхеты, лічацца найменш урадлівымі на Мадагаскары, да таго ж вельмі ізаляванымі. Дзякуючы гэтай ізаляванасці цыміхеты да нашых дзён мала закранутыя сацыяльна-эканамічнымі зменамі, якія адбываюцца на востраве, і здолелі лепш за астатніх малагасійцаў захаваць традыцыйныя культуру і звычаі.

Галоўны эканамічны занятак — земляробства, якое вядзецца ў вузкіх далінах і на ўзбярэжжы рэк. Асабліва важную ролю мае вырошчванне мурожнага рысу. Малыя дзялянкі адводзяцца для атрымання садавіны і гародніны, а таксама некаторых камерцыйных культур (кавы, гваздзіковага дрэва, ванілі). Трымаюць шмат зебу, але мяса ўжываюць рэдка, толькі ў святочныя дні. Дадатковыя эканамічныя заняткі — збіральніцтва і паляванне.

Дамінуюць вясковыя тыпы паселішчаў з 10 — 12 хацін. Галоўныя будаўнічыя матэрыялы — дрэва, а таксама сумесь рачной гразі з гноем хатняй жывёлы. У мінулым для супраціўлення суседзям будавалі вялікія каменныя ўмацаванні. Распаўсюджаны кавальскае і разьбярскае рамёствы.

У адрозненне ад суседзяў, у цыміхеты не мелася дзяржаўных утварэнняў і не склалася замкнёнага пласту сацыяльнай эліты. У аснове традыцыйных грамадскіх адносінаў знаходзяцца патрылінейныя сваяцкія сувязі фукундрай і культ адзіных продкаў-таніндразана, якія пахаваны ў магільнях фасана. Менавіта продкам належыць зямля. Яна не можа перадавацца ў карыстанне або ў маёмасць чужынцам-вахіні. Вылучаюцца сваяцкія абшчыны зафінтані, што складаюцца з нашчадкаў адзіных продкаў і валодаюць правам пераразмеркавання або асваення новых земляў.

У мінулым пераважалі вялікія пашыраныя сем’і, але ў выніку каланізацыі новых тэрыторый у канцы XIX — XX стст. пачалі актыўна вылучацца малыя нуклеарныя. Згодна з традыцыяй, жаніх павінен перадаць сваякам нявесты выкуп (галоўным чынам, свойскай жывёлай, да 5 галоў зебу). Але і да гэтай падзеі маладыя могуць жыць разам каля года. Нявеста ўносіць пасаг, які з’яўляецца яе асабістай маёмасцю. Развод лічыцца асабістай справай мужа і жонкі і не суправаджаецца афіцыйнымі цырымоніямі. Фармальна дазволены палігінія і паліандрыя, але практыкуюцца рэдка.

Асновай традыцыйных рэлігійных вераванняў з’яўляецца культ продкаў, з якім звязаныя шматлікія цырымоніі і ахвярапрынашэнні. Праводзяцца шаманскія рытуалы ўвядзення ў транс для больш цесных зносінаў з таніндразана. Распаўсюджваецца хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі

правіць