Адкрыць галоўнае меню

Цэнтральныя раўніны

Цэнтральныя раўніны размешчаны ў Паўночнай Амерыцы (на тэрыторыі ЗША і Канады) паміж Апалачамі на ўсходзе, Вялікімі раўнінамі на захадзе, Лаўрэнційскім узвышшам на поўначы і паўночным усходзе і Прымексіканскай нізінай на поўдні.

Пераважаюць вышыні 150—500 м. Цэнтральныя раўніны адпавядаюць паўднёвай частцы Паўночна-Амерыканскай платформы. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, нафты, газу, кухоннай солі, свінцова-цынкавых руд і барыту. Паўночная частка Цэнтральных раўнін фарміравалася пад уздзеяннем антрапагенавых зледзяненняў. Тут пашыраны марэнна-ўзгорысты рэльеф са шматлікімі азёрамі тэктона-ледавіковага паходжання (Вялікія азёры, Вініпег, Вініпегосіс, Манітоба і інш.). На поўдні ад мяжы старажытных зледзяненняў распасціраюцца зандравая раўніна, укрытая лёсамі, парэзаная ярамі, і ўзвышаная раўніна, дзе выхады вапнякоў на паверхню ўтвараюць сталовыя плато (напр., Озарк) з эразійнымі і карставымі формамі. На поўдні плато Озарк горы Бостан (выш. да 825 м).

Клімат умерана кантынентальны, на крайнім поўдні — субтрапічны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -20°С на поўначы да 4°С на поўдні, ліпеня адпаведна 19 і 26°С. Ападкаў 400—1200 мм за год.

Большая частка тэрыторыі раўнін ляжыць у межах басейна р. Місісіпі, якая разам з прытокамі ўтварае разгалінаваную сістэму водных шляхоў. На поўначы працякаюць рэкі Святога Лаўрэнція і Нельсан.

Глебы рэгіёна бурыя, лясныя і чарназёмападобныя. На поўначы сустракаюцца ўчасткі мяшаных лясоў з дуба, клёна, ліпы, гемлока, елкі і хвоі. На марэнных узгорках растуць ялова-піхтавыя лясы, па далінах рэк — дубова-гікорыевыя зараснікі. На поўдні Цэнтральных раўнін знаходзіцца зона высакатраўных прэрый, якія амаль што зведзены ў выніку разворвання і засялення тэрыторыі.

Цэнтральныя раўніны — адзін з галоўных сельскагаспадарчых раёнаў ЗША і Канады (збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля), больш за 3/4 тэрыторыі пад ворывам і пашамі.

ЛітаратураПравіць

  • Лаўрыновіч М. Цэнтральныя раўніны // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003.