Цэнтральны партыйны архіў Кампартыі Беларусі
Цэнтральны партыйны архіў Камуністычнай партыі Беларусі (ЦПА КПБ) — архіў, які існаваў у 1990—1992 гадах як асобная самастойная ўстанова. У 1992—1995 гадах як комплекс дакументаў разам з Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архівам утвараў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь[1].
Гісторыя
правіцьЦПА КПБ створаны ў адпаведнасці з рашэннем ЦК КПБ ад 24.9.1990 на базе аб’яднання Партыйнага архіва Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ і партархіва Мінскага абкама КПБ. Утварэнне ЦПА ставіла за мэту ўдасканаленне захоўвання і зберажэння дакументаў, павышэнне ўдзельнай вагі архівістаў у распрацоўцы праблем палітычнай і ваеннай гісторыі Беларусі, паляпшэнне экспертна-метадычнай работы і інш[1].
У ЦПА КПБ налічвалася 935 169 архіўных спраў за 1902—1986, сярод якіх дакументы КПБ, ЛКСМБ, КПЗБ, больш як 20 рэвалюцыйна-дэмакратычных партый і арганізацый, Беларускай Народнай Рэспублікі, кантрольных камісій КПБ, неапублічаныя рукапісы прац і ўспамінаў па гісторыі КПБ і БССР, матэрыялы палітычных працэсаў і інш. Па прапанове ЦПА КПБ 25 студзеня і 28 чэрвеня 1991 года прыняты пастановы ЦК КПБ, паводле якіх райкамы КПБ перадалі райвыканкамам права на прызнанне грамадзян удзельнікамі партызанскага руху, распрацаваны меры па выратаванні ад знішчэння дакументаў часовага захоўвання, што змяшчаюць важныя звесткі па гісторыі Заходняй Беларусі, калгаснага і кааператыўнага будаўніцтва ў даваенны перыяд[1].
У 1992—1995 гадах як комплекс дакументаў разам з Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архівам утвараў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. У чэрвені 1995 год фонды ЦПА КПБ зліты з фондамі Беларускага дзяржаўнага архіва (былы Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь) і на іх базе ўтвораны Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь[1].
Зноскі
- ↑ а б в г Яўген Бараноўскі. Цэнтральны партыйны архіў КПБ // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
Літаратура
правіць- Яўген Бараноўскі. Цэнтральны партыйны архіў КПБ // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.