Чаротаўка звычайная

(Пасля перасылкі з Чарацянка-барсучок)

Чаротаўка звычайная, чарацянка-барсучок[1] (Acrocephalus schoenobaenus) — пеўчая птушка сямейства чаротаўкавых.

Чаротаўка звычайная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Acrocephalus schoenobaenus Linnaeus, 1758

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  558428
NCBI  52609

Апісанне правіць

Даўжыня цела 13 см, размах крылаў 17-21 см. Карычневая галава з цёмнымі палоскамі і белым брывом. Верх цела карычнева-аліўкавы, таксама ў палоскі, надхвосце аднакаляровае. Ніз цела белаваты, бакі цела трошкі карычняватыя. Маладыя больш жаўтаватыя, асабліва на надхвосці і версе галавы.

Рухавыя і шумлівыя птушкі. Песня — набор трыскучых і скрыпучых гукаў у выглядзе скорагаворкі з паўзамі. Часта спявае пад час шлюбнага палёту хрыплым і рваным голасам з трэлямі, якія часам падобныя на галасы іншых птушак. Позыў «цек», асцерагае хрыплым «чэрр» (вельмі падобна, як трысняговая чаротаўка).

Пашырэнне правіць

Арэал: Еўропа, Каўказ, Заходняя Сібір. На Беларусі найбольш масавы на гнездаванні з усіх чаротавак пералётны і транзітна мігрыруючы від. Месца зімовак: трапічная Афрыка на поўдзень ад Сахары.

Насяляе вільготныя і добра праграваемыя сонцам адкрытыя тэрыторыі з высокай расліннасцю (тарфянікі, якія параслі асакой і невялікімі кустамі); высокія асокі на забалочаных або абалонных мясцінах, ускрайкі надводных зараснікаў трыснягу і рагозу з боку сушы, нізкі надрэчны вярбняк з буйна развітай кронай. Пазбягае дрэў, густых і высокіх кустоў, скал і адкрытых мясцін; корміцца звычайна ад 10-150 см над зямлёй. Сустракаецца таксама на сухіх тэрыторыях, якія гарантуюць стабільнае развіццё раслін, напр., запушчаныя сады, жывая агароджа вакол ферм, рысавыя, ячменныя палі і іншыя збожжавыя, пасевы гароху, канюшыны і рапсу, і нават у маладых лесапасадках сасны, калі вышыня дрэў не перавышае 2 м.

Асаблівасці біялогіі правіць

Спрытна лазіць у зарасніках прыбярэжных раслін. Корміцца дробнымі насякомымі, іх лічынкамі, чарвякамі.

Гняздо «ўціснутае» ў ніжнюю частку куста, праз які расце густая травяністая расліннасць або ў купіне асакі на зямлі ці да 50 см над ёй. Яно глыбокае, у выглядзе куля без верху ці эліптычнае (над вадой). Знешняя частка з шырокіх, выгнутых лістоў травы або асакі, сцёблаў, моху (у ніжняй частцы), часта з павуцінай; высцілка з сухіх травінак, часта з прымессю суквецця трыснягу, шэрсці або расліннага пуху.

Яйкі (4-6, часам 3-8), крыху падоўжаныя, светла-аліўкава-зялёныя, аліўкава-жаўтаватыя або аліўкава-шэрыя, пакрытыя вельмі дробнымі і густымі, карычнева-аліўкавымі плямкамі, якія могуць маскіраваць колер фону. Памеры: 18 × 13,5 мм.

Зноскі

  1. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.

Літаратура правіць

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.