Чыпеўян (англ.: Chipewyan), саманазва дэнэ-сулінэ́ (Dënë Sųłınë́, літаральна «сапраўдныя людзі») — паўночны атабаскі народ, карэнныя жыхары Канады. Агульная колькасць (2016 г.) — 30 910 чал.

Чыпеўян
(Dënë Sųłınë́)
Агульная колькасць 30910 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання Канада
Мова чыпеўян
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы славі, догрыб

Гісторыя правіць

Верагодна, продкі чыпеўян з’явіліся на поўначы Канады ў 1 тысячагоддзі да н. э. Яны займалі субарктычную зону тундры і паўночных лясоў, вялі вандроўны лад жыцця і насялялі значныя тэрыторыі сучасных правінцый Саскачэван, Альберта, Брытанская Калумбія, Паўночна-Заходнія тэрыторыі. Французскія місіянеры, якія непасрэдна не кантактавалі з чыпеўян, але чулі пра іх ад іншых індзейцаў, блыталі іх з іну.

З 1717 г. частка чыпеўян была ўцягнута ў футравы гандаль з еўрапейцамі. Здабыча футра стала важным заняткам у XIX ст., што выклікала адступленне груп паляўнічых з тундры ў лясную зону. Кантакты з еўрапейцамі прывялі да пашырэння эпідэмічных захворванняў. Так, насельніцтва значна скарацілася ўжо падчас першай эпідэміі воспы ў 17811782 гг. Чыпеўян таксама неслі страты ў сутычках з іншымі плямёнамі, асабліва кры. Узнаўленне і рост насельніцтва адбыліся толькі пасля I Сусветнай вайны.

З 1876 г. канадскі ўрад імкнуўся прыцягнуць чыпеўян да супрацоўніцтва праз сістэму дагавораў. У нашы дні ў Канадзе існуе каля 20 рэгіянальных аўтаномных аб’яднанняў «першасных нацый», што злучаюць чыпеўян.

Культура правіць

Чыпеўян здаўна з’яўляліся мабільнымі паляўнічымі і рыбаловамі. Яны здабывалі розных жывёл, аднак галоўным заняткам лічылася паляванне на карыбу. Сушанае ці замарожанае мяса паўночных аленяў было асноўнай ежай. Паляўнічыя чыпеўян адрозніваліся выдатнымі ведамі мясцовых рэсурсаў. Матэрыяльная культура была скіравана на выраб функцыянальных, але пераважна аднаразовых прадметаў. Гандаль з еўрапейцамі значна змяніў эканоміку вандроўных груп. Яны пачалі здабычу футра і пасрэдніцкі гандаль для забеспячэння сябе шматразовымі трывалымі прадметамі, пашырылі арэал пасялення. Найбольш паўднёвыя групы ўдзельнічалі ў паляванні на лясных бізонаў.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай да кантактаў з еўрапейцамі была пашыраная сям'я. Звычайна яна складалася з некалькіх сваякоў, што туліліся ў адным разборным тыпі. У некаторых выпадках паспяховыя паляўнічыя практыкавалі палігінію і жылі разам з некалькімі жонкамі, часцяком сваячніцамі. Жанчыны аказвалі дапамогу мужчынам, займаліся хатняй гаспадаркай, адказвалі за пабудову і пераноску жытла. Кантакты з іншымі групамі стала падтрымліваліся праз абмен і гандаль, арганізацыю сумесных рытуалаў, шлюбы, ваеннае супрацьстаянне з іншымі плямёнамі. У XX ст. аб’яднанню спрыялі стварэнне супольных рэгіянальных арганізацый, агульная барацьба за зямельныя правы і рэсурсы.

Фальклор чыпеўян адметны вуснай творчасцю. Захоўваюцца шматлікія музычныя традыцыі.

Мова правіць

Родная мова чыпеўян мае атабаскае паходжанне. Распаўсюджаны 2 групы гаворак, «к» і «т». У нашы дні ў паўсядзённым побыце роднай мовай карыстаецца толькі палова насельніцтва. Робяцца захады для яе адраджэння праз школьную адукацыю.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія чыпеўян заснавана на веры ў шматлікіх духаў. Асабліва важнымі лічыліся кантакты з духамі звяроў. Значную сацыяльную ролю адыгрываў шаман. Ён займаўся лекаваннем і арганізацыяй супольных рытуалаў. Хрысціянізацыя амаль не закранула групы паляўнічых, таму многія абрады практыкуюцца і ў нашы дні.

Спасылкі правіць