Шарнір
Шарні́р (фр.: charnière, ад лац.: cardo — кручок, пятля) — рухомае злучэнне дэталей, якое ўтварае кінематычную вярчальную пару і дазваляе вярчэнне толькі вакол агульнай восі (цыліндрычны шарнір) або пункта (шаравы шарнір). Шаравыя шарніры ў машынах часта замяняюць карданнымі шарнірамі.
Шарнірныя механізмы бываюць плоскія (найбольш пашыраныя) і прасторавыя. Яны дазваляюць атрымаць складаны рух рабочага органа машыны без выкарыстання спецыяльных прыстасаванняў (напр., злучальных звёнаў у кулачковых механізмах). Служаць перадатачнымі або накіроўнымі механізмамі ў тэхналагічных машынах, прыладах, сродках робататэхнікі.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).