Эканоміка Егіпта
Егіпет — другая па аб’ёме эканомікі краіна Афрыкі — мае значны патэнцыял для таго каб у ХХІ стагоддзі стаць адной з вядучых эканомік свету. Эканоміка Егіпта, дзе такія сектары, як турызм, сельская гаспадарка, прамысловасць і сфера паслуг, знаходзяцца на амаль адным узроўні, з’яўляецца адной з найбольш разнастайных на Блізкім Усходзе. Значную долю валютных паступленняў у краіну дае збор за праход караблёў па Суэцкім канале. Эканамічная актыўнасць канцэнтруецца ў даліне Ніла і зоне Суэцкага канала.
Агульная характарстыка
правіцьЕгіпет — адна з найбольш эканамічна развітых краін Афрыкі і Блізкага Усходу з параўнальна магутнай і дыверсіфікаванай эканомікай. Мае другі па памерах ВУП на кантыненце пасля Нігерыі і сярод краін Афрыкі вылучаецца адносна высокім ВУП на душу насельніцтва. Прырост ВУП у 2017 годзе склаў 4,2 % супраць 4,3 % у 2016 годзе. Эканамічна актыўнае насельніцтва — 29,95 млн чалавек. Узровень беспрацоўя, па афіцыйных дадзеных, складае 12,2 % (12,7 % у 2016 годзе).[1] У структуры ВУП на вытворчыя галіны прыпадае 52 % (у тым ліку сельская гаспадарка — 14 %, здабыўная і апрацоўчая прамысловасці — 33 %, будаўніцтва — 5 %), сферу фінансаў і паслуг — 48 % (у тым ліку турызм — 12 %, сацыяльныя паслугі — 16 %). Егіпет валодае развітай банкаўскай сістэмай.
За часам прэзідэнцтва Насэра пераважала дзяржаўная форма ўласнасці, аднак пры Садату і Мубараку Егіпет павярнуўся да рынкавых адносін і сёння ўдзельная вага прыватнага сектару ў ВУП складае каля 75 %. У аграрным сектары амаль усе землі знаходзяцца ў прыватным валоданні.
Праблемы
правіцьУ дакладзе ААН па праблемах «чалавечага развіцця» за 2004 год Егіпет па зводнаму паказчыку «узроўню і якасці жыцця» застаўся на 120 месцы сярод 177 дзяржаў, апынуўшыся ў разрадзе «крытычных краін» з пункта гледжання маёмаснага расслаення грамадства. На эканоміцы негатыўна адбіліся падзеі арабскай вясны — у выніку хваляванняў і палітычнай нестабільнасці знізіўся прыток замежных інвестыцый і паменшылася колькасць турыстаў, што вылілася ў скарачэнні валютных рэзерваў і дэвальвацыі фунта.
Фінансы ў 2005
правіцьЕгіпет валодае развітай банкаўскай сістэмай. У краіне функцыянуюць 43 банкі. У 2005 годзе дазволена адкрыццё прамых аддзяленняў замежных банкаў з статутным капіталам не менш за 50 млн долараў ЗША. Забяспечаная ўнутраная канвертавальнасць егіпецкага фунту, у лютым 2003 года абвешчаны яго вольны курс у дачыненні долара ЗША. Абменны курс у 2005 годзе — каля 5,75 фунтаў за долар. Узровень інфляцыі ў 2005 годзе склаў 10,2 %. Дэфіцыт дзяржбюджэту — 10,2 млрд долараў (4,7 млрд долараў — 2004 год). Золатавалютныя рэзервы — 22 млрд долараў ЗША (у 2004 годзе — 15 млрд.). Асноўныя крыніцы паступлення валюты ў 2005 годзе: прыбыткі ад турызму — 6,4 млрд долараў, экспарт вуглевадароднай сыравіны — 5,3 млрд долараў, паступленні ад Суэцкага канала — 3,5 млрд долараў, грашовыя пераводы егіпцян якія працуюць за мяжой — 3 млрд долараў. Эканоміка Егіпта шмат у чым залежыць ад замежнай дапамогі, аб’ём якой склаў у 2005 годзе 3 млрд долараў ЗША. Галоўны донар — ЗША (1,835 млрд долараў ЗША). Назапашаны аб’ём прамых замежных інвестыцый (без нафты) — 6,3 млрд долараў ЗША, у нафтагазавы сектар за перыяд з 1981—2005 гады — 16 млрд долараў.
Прамысловасць
правіцьГалоўнымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца нафтагазаздабыўная і апрацоўчая: харчовая, тэкстыльная, нафтаперапрацоўчая, металургічная і некаторыя галіны машынабудавання.
Здабыўная
правіцьЗапасы нафты — каля 530 млн т. У 2016 было здабыта каля 30 млн тон нафты. Выведаныя запасы газу — 2,2 трлн куб. м. (15-е месца ў свеце), здабыча ў 2016 годзе — 42 млрд куб. м. (у 2004 годзе — 34 млрд куб. м.). Экспартуецца звадкаваны прыродны газ. Нафта і газ здабываюцца на пустынным захадзе, у дэльце Ніла, у Суэцкім заліве. З 2008 года Егіпет ператварыўся ў нета-імпарцёра нафты і рызыкуе стаць нета-імпарцёрам газу, што звязана з ростам эканомікі пры абмежаванасці рэурсаў. Значныя паклады каменнага вугалю маюцца на паўночным усходзе Сіная, штогод здабываецца каля 600 тыс.тон.
Электраэнергетыка
правіцьЗ 1964 на дапамогу вуглевадароднаму сектару прыйшла Асуанская ГЭС на Ніле магутнасцю 2100 МВт. Выпрацоўваючы 10 млрд кВт*гадз электрычнасці штогод, паўстагоддзя таму яна забяспечвала палову патрэбаў Егіпта (да таго ж была электрыфікавана сельская мясцовасць), сёння толькі 15 %, астатняе прыходзіцца на ЦЭС. У цяперашні час Егіпет плануе пабудаваць сваю першую атамную электрастанцыю ў горадзе Эль-Дабаа у паўночнай частцы краіны на 25 млрд $ расійскага крэдыту.[2]
Апрацоўчая
правіцьЕгіпет мае найбольшыя ў Афрыцы нафтаперапрацоўчыя магутнасці, якія ў паўтара разы пераўзыходзяць аб’ёмы здабычы сваёй нафты. Развіта чорная металургія, металургічныя заводы працуюць у Александрыі, Садаце і Суэцы. У 2016 годзе Егіпет заняў 27-е месца ў свеце па выплаўцы сталі (5 млн тон), у пікавым 2013 было атрымана 6,8 млн тон. Сельская гаспадарка забяспечваецца ўласнымі азотнымі ўгнаеннямі, палова вытворчасці прыпадае на завод у горадзе Абу-Кір у ваколіцах Александрыі. У Каіры знаходзяцца прадпрыемствы аўтамабілебудаўнічых кампаній Ghabbour Group (150 тыс. легкавых аўто і матацыклаў у год) і MCV (грузавыя аўтамабілі і аўтобусы)
Сельская гаспадарка
правіцьПлошча апрацоўваемых зямель — 4 млн га (4 % тэрыторыі Егіпту), усе яны маюць патрэбу ў арашэнні, для чаго выкарыстоўваюцца нільскія воды. Узвядзенне Асуанскай плаціны палепшыла ірыгацыйную сістэму і павялічыла плошчу арашальных зямель. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па два ўраджаі на год. Аднак не абышлося і без праблем. Якасць глебаў стала катастрафічна падаць — спыніліся штогадовыя разлівы Ніла. Таксама вырасла засоленасць глебаў: у 2011 годзе 25 % ворыва былі ў той ці іншай ступені засолены. Уласнай вытворчасцю Егіпет задавальняе не больш 40 % патрэб у харчаванні (тыповая сітуацыя для краін «трэцяга свету»).
У сельскай гаспадарцы дамінуе раслінаводства. Галоўныя збожжавыя культуры — пшаніца, кукуруза і рыс (пры гэтым пшаніцы не хапае, а рыс экспартуецца). Асабліва вялікае развіццё атрымалі садаводства і агародніцтва, якія маюць экспартны кірунак — Еўропа ў зімова-вяснвы перыяд актыўна спажывае егіпецкую саданіну і агародніну. Егіпет — першы ў свеце вытворца фінікаў, другі — фігаў, чацвёрты — цыбулі і суніц, пяты — баклажанаў і дынь. Таксама вырошчваюцца цытрусавыя і вінаград. Егіпет славіцца сваёй доўгавалакністай бавоўнай, зрэшты, аб’ёмы яе збору зменшыліся і экспарт спыніўся. Асноўныя галіны жывёлагадоўлі — развядзенне птушкі і буйвалаў. Егіпет — адзін з сусветных лідараў па вытворчасці буйвалінага малака.
Сфера паслуг
правіцьТурызм
правіцьАктыўна развіваецца турызм — у 2015 годзе Егіпет, па афіцыйных дадзеных, наведала 9,3 млн замежных турыстаў (у пікавым 2010 годзе — 14,7 млн.). Гэта прынесла Егіпту 6,1 млрд долараў ЗША (у 2010 годзе — 12,5 млрд.). У 2010 у турызме было занята 12 % насельніцтва і створана каля 11 % ВУП. Гасцінічны фонд складалі 155 тыс. нумароў. А вось 2016 аказаўся «чорным» для турызму — Егіпет наведала усяго каля 5,4 млн чалавек. У 2017 колькасць замежных турыстаў вырасла на 155 % і склала 8 млн чал.[3]
Транспарт
правіцьЕгіпет мае густую чыгуначную сетку агульнай даўжынёй больш за 30 000 км, якая ахоплівае ўсе заселеныя рэгіёны краіны: даліну і дэльту Ніла, Сінайскі паўвостраў, заходнія аазісы. Суэцкі канал даўжынёй 161 км з’яўляецца найважнейшай транспартнай артэрыяй, на якую прыходзіцца 10 % сусветных марскіх зносін, і дае эканоміцы Егіпта больш за 5 млрд долараў штогод.
Знешні гандаль
правіцьАб’ём знешнегандлёвага абарачэння ў 2016 годзе дасягнуў 125 млрд долараў, экспарт — 39,1 млрд, імпарт — 85,4 млрд, дэфіцыт — 46 млрд.[4] Пакрыццё імпарту экспартам — меней за 50 %. Асноўныя знешнегандлёвыя партнёры — ЗША, Германія, Францыя, Італія, Кітай, ААЭ. У 1995 годзе парламент Егіпта ратыфікаваў членства Егіпта ў СГА.
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/eg.html Архівавана 24 чэрвеня 2016.
- ↑ https://www.reuters.com/article/us-egypt-russia-nuclear-idUSKCN0YA1G5
- ↑ http://www.atorus.ru/NEWS/PRESS-CENTRE/new/42038.html
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=68&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016