Энцыклапедыя Юнлэ

Энцыклапедыя гадоў кіравання пад дэвізам Юнлэ (кіт.: 永樂大典, Юнлэ дадзянь) — найбольшая[1] неэлектронная энцыклапедыя у гісторыі чалавецтва. Створана па загадзе кітайскага імператара Юнлэ ў 1403—1408 гадах, уключала змест усіх кніг, што былі ў імператарскай бібліятэцы, у тым ліку кананічныя, гістарычныя, філасофскія, мастацкія творы. Выканана ў даведкавым жанры лэйшу, разнастайны матэрыял размяшчаўся не па тэматычных катэгорыях (як звычайна ў лэйшу), а ў парадку іерогліфаў слоўніка Хуну чжэн'юнь: кожны раздзел уяўляў сабою зборнік вытрымак, часам цэлых раздзелаў ці трактатаў на адну агульную тэму, пазначаную іерогліфам-назвай раздзела[2].

Энцыклапедыя Юнлэ
Выява
Жанр энцыклапедыя
Выданне Chapters 10,110 to 10,112 of the Great encyclopaedia of the Yongle Reign (CBL C 1757)[d]
Аўтар розныя аўтары[d]
Краіна паходжання
Мова твора або назвы кітайская мова
Дата публікацыі 1408
Статус аўтарскага права 🅮 і 🅮
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Разварот Юнлэ дадянь. Тэкст запісаны падвойнымі слупкамі па 28 іерогліфаў у кожным.

Да складання энцыклапедыі было прыцягнута некалькі тысяч навукоўцаў з акадэміі Ханьлінь. Энцыклапедыя налічвала 22 877 цзюаней (не лічачы 60 цзюаней зместу), якія дзяліліся на 11 095 тамоў-цэ. Сумарны аб’ём збору па ацэнках кітаязнаўцаў — каля 510 000 старонак і 300 000 000 іерогліфаў[3]. У наш час захавалася не больш чым 797 цзюаней (4 % выточнага тэксту), перавыдадзеных у рамках міжнароднага праекта.

Гісторыя стварэння і захавання правіць

 
Вокладка тома, што ўключае цзюані 2535—2536.

У 1403 годзе імператар Юнлэ утварыў камісію з 147 навукоўцаў на чале з Се Цзынем (кіт.: 解縉, 1347—1415) для складання збору ўсіх вядомых на той час сачыненняў па ўсіх тэмах. Пачатковы варыянт энцыклапедыі быў складзены праз 17 месяцаў і прадстаўлены імператару пад назвай «Вялікі літаратурны збор». Аднак амаль адразу быў аддадзены загад пра перапрацоўку выдання, і складзена новая камісія. На чале яе, нароўні з Се Цзынем, усталі Яа Гуансяа і Лю Цзічы, а таксама былі ўключаны 28 вядомых навукоўцаў і больш за 3000 каліграфаў і радавых навукоўцаў з усіх канцоў Кітая. Яны працавалі з матэрыяламі Імператарскай бібліятэкі і адабралі каля 8000 твораў, створаных у перыяд са старажытнасці да падзення дынастыі Юань. Матэрыял энцыклапедыі размяшчаўся не па тэматычных рубрыках, а ў парадку іерогліфаў-рыфм слоўніка «Слушныя рыфмы гадоў Хун’у» (Хунху чжэн’юнь, 1375). Усе працы вяліся ў Нанкіне[2].

Складанне энцыклапедыі пераследавала палітычныя мэты: імператар прыйшоў да ўлады ў выніку грамадзянскай вайны 1399—1403 гадоў і сутыкнуўся з рэзкай апазіцыяй канфуцыянскіх вучоных-чыноўнікаў. Буйным літаратурным праектам ён паспрабаваў прыцягнуць на службу новыя кадры і змякчыць апазіцыю[4].

Канчатковы збор, адзін змест якога займаў 60 цзюаней, быў прадстаўлены гасудару ў 1408 годзе, атрымаў ухвалу і сучасную назву; імператар напісаў да энцыклапедыі прадмову[2]. Збор спачатку захоўваўся ў Нанкіне, а ў 1421 годзе быў перавезены ў Пекін, і змешчаны ў сховішча Вэньлоу. У 1557 годзе ў імператарскім палацы адбыўся пажар, пасля чаго з энцыклапедыі знялі копію, што захоўвалася ў гістарычным архіве Хуаншычэн (які меў каменны будынак). Копія была зроблена ў 1562—1567 гадах сіламі 108 каліграфаў (была ўсталявана норма выпрацоўкі — 3 старонкі ў дзень). Кожны том копіі забяспечваўся ярлыком «паўторна запісана». Звесткі пра трэці камплект энцыклапедыі, пашыраныя ў заходняй літаратуры, памылковыя[5].

Арыгінал энцыклапедыі, мабыць, быў згублены ўжо пад канец кіравання дынастыі Мін, ніякіх слядоў арыгінала не было вядома ўжо ў XVII стагоддзі. У кіраванне імператара Юнчжэна копія, з якой ужо была згублена дзясятая частка тамоў, была перададзена ў акадэмію Ханьлінь[5][4]. Паколькі да XVIII стагоддзя вялікая частка сачыненняў, уключаных у Юнлэ дадзянь, была ўжо згублена, энцыклапедыяй сталі шырока карыстацца філолагі і выдаўцы эпохі Цяньлун. У час складання Сыку цюаньшу па ініцыятыве Чжу Юня было распачата сістэматычнае выбіранне з энцыклапедыі розных сачыненняў, але далёка не ўсё было ўключана. Страты Юнлэ дадзянь працягваліся: да 1875 года заставаліся каля 5000 тамоў (менш за палову), з-за паўстанняў і войн да 1893 года было ўлічана не намнога больш чым 600 тамоў. Знішчэнне завяршылася ў час паўстанні іхэтуаняў[4]. Частка тамоў была вывезена ў Еўропу, ЗША і Японію. Мяркуючы па каталогах 1926 і 1933 гадоў, захаваліся 349 тамоў (663 цзюані), з якіх у Кітаі засталося 285. Кітайскія даследчыкі заснавалі міжнародны праект і да 2009 года выявілі, сабралі і перавыдалі 797 цзюаней мінскай энцыклапедыі[5].

Тамы Юнлэ дадзянь за межамі Кітая правіць

У бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта і Акадэміі навук захоўваліся 11 тамоў Юнлэ дадзянь (25 цзюаней), 10 з якіх паступілі ў 1912 годзе з Пекінскай духоўнай місіі ў Азіяцкі музей Акадэміі навук, а адзін — у 1935 годзе з Далёкаўсходняга аддзялення АН СССР[6][7]. Тамы зусім разрозненыя (з выключэннем двух): 16, 28, 49, 95, 231, 232, у астатніх згублены наклейкі з нумарам тома і ў аднаго — вокладка[8]. Адмысловае іх даследаванне распачаў у канцы 1930-х гадоў У. М. Казін, які адзначыў што захаванасць ва ўсіх тамоў цудоўная, туш не збялела, не пацярпелі тамы і ад паводкі 23 верасня 1924 года[9]. У 1958 годзе рашэннем савецкага кіраўніцтва ўсе гэтыя матэрыялы былі вернуты Кітайскай Народнай Рэспубліцы[10].

Найбуйнейшыя калекцыі тамоў Юнлэ дадянь захоўваюцца ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША (40 тамоў), у розных бібліятэках Вялікабрытаніі — 51 том, у розных бібліятэках Германіі — 5 тамоў, некаторая колькасць тамоў у Японіі. У Тайванскай нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца 62 тамы энцыклапедыі. Сумарна захавалася не больш за 4 % яе першапачатковага аб’ёму.

Апісанне тамоў правіць

 
Прыклад пабудовы тэксту. Вялікімі іерогліфамі прыведзена назва рубрыкі Кочжай. Чырвонай тушшу выведзены імёны ўласныя і знакі прыпынку.

Фармат тома Юнлэ дадзянь вялікі для кітайскай кніжнай традыцыі: 50 × 29,5 см, таму тамы складаліся ў цвёрдую кардонную вокладку, абклееную жоўтым шоўкам, што рабіла іх падобнымі на еўрапейскія. На карэньчыку ляпіўся цэтлік (27 × 6,5 см), на якім пісаўся загаловак кнігі і нумара першага і апошняга цюаня ў дадзеным томе. Нумарацыя цзюаней — агульная для ўсяго сачынення. Тамы перапісваліся на шчыльнай тоўстай белай паперы, якая выкарыстоўвалася для малярства, а не друкарства. Лісты сшываліся папяровымі жгутамі, прапушчанымі праз адтуліны на палях ліста каля карэньчыка. Рамкі, лінейкі і слупкі на лісце палінеены чырвонай тушшу, чырвонай тушшу выкананы загалоўкі і знакі прыпынку, а таксама імёны аўтараў. Памер тэксту на лісце — 35 × 23 см. Зверху пакінуты палі па 9 см, унізе — па 5,5 см. Кожная старонка палінеена на 8 слупкоў, водступ тэксту ад верхняй рамкі — 2,5 см[11].

Шрыфтоў два — буйны: адным радком у слупку па 14 іерогліфаў, і дробны — двайны радок у слупку па 28 іерогліфаў. Адзін буйны знак займае месца чатырох дробных. Буйным шрыфтам напісаны загалоўныя знакі і выразы, іншыя тэксты — дробным. Увесь тэкст забяспечаны знакамі прыпынку, а таксама паказальнікамі тонаў для знакаў, што маюць некалькі чытанняў. У адным томе ўтрымваюцца найчасцей 2 цзюані, але бывала, што 1 ці 3. Пад канец кожнага тома ёсць нешта падобнае да нахзаца, шырынёй 16—18 см. Там паказваліся імёны галоўных карэктараў перапіскі і імёны тых, хто ставіў знакі прыпынку[12].

Тамы захоўваліся ў футлярах па 10, усяго іх было 1100, але ніводзін з футляраў не ўцалеў. Сярэдняя таўшчыня аднаго тома ў вокладцы — 16 см[13].

Змест правіць

Юнлэ дадзянь не мае ўласнага тэксту, у яго склад увайшлі ўсе творы кітайскай літаратуры, што былі ў мінскай імператарскай бібліятэцы, у тым ліку страчаныя на цяперашні час сунскія і юаньскія творы[14]. Тамы падзелены па загалоўных іерогліфах, пад кожным з іх маглі размяшчацца артыкулы наступных відаў:

  1. Слоўнікавае вызначэнне — вельмі кароткае, сустракаецца ва ўсіх выпадках без выключэння;
  2. Узоры напісання знака рознымі почыркамі;
  3. Агульная прадмова — развага пра паняцце, што абазначаецца дадзеным іерогліфам;
  4. Фразеалогія — назвы і выразы, у склад якіх уваходзіў дадзены знак;
  5. Вершы і проза — паэтычныя і празаічныя прыклады выкарыстання дадзенага знака;
  6. Энцыклапедычны артыкул — самая разнастайная катэгорыя. Сюды маглі ўваходзіць дынастыйныя гісторыі, цэлыя біяграфіі, раздзелы класічных кніг, будыйскія і даоскія трактаты — цалкам, геаграфічныя артыкулы[15].

Прынцып размеркавання тэкстаў па артыкулах наступны:

  1. Канфуцыянскія класікі з каментарыямі, творы заснавальнікаў даасізму і некаторыя іншыя сачыненні часткамі размяркоўваліся па раздзелах і змяшчаліся пад апошнім са знакаў загалоўка;
  2. Гістарычныя хронікі падзяляліся, летапісныя раздзелы (бэньцзі) ішлі пад загалоўкам дынастыі, біяграфіі — пад іерогліфамі адпаведных прозвішчаў, агляды і юрыдычныя раздзелы — пад знакамі адпаведных інстытутаў, і г.д.;
  3. Адміністрацыйныя адзінкі ўключалі часткі з геаграфічных сачыненняў пад імем уласным кожнай з іх без намінальнай прыстаўкі (чжоу, сянь і інш.). Артыкулы пра азёры, рэкі, грабніцы знакамітасцей, пабудовы ішлі пад імем агульным кожнага з іх;
  4. Слоўнікі размяркоўваліся па першым раздзеле кожнага артыкула — вызначэнне;
  5. Медыцына — па асноўных катэгорыях хвароб;
  6. Матэматыка — усе матэрыялы па ёй былі апублікаваны пад адзіным знакам «падлік» (кіт.: )
  7. Даоскую і будыйскую літаратуру ўключалі цэлымі трактатамі ці нават раздзеламі канонаў пад адным са знакаў загалоўка;
  8. У прыгожым пісьменстве ўлічвалі не толькі класічную, яе разбівалі часткова па жанрах (тады тэксты ішлі пад знакам адпаведнага жанру), часткова па тэмах, і тады тэкст мог трапіць у любы раздзел энцыклапедыі.

Зноскі

  1. Юнлэ дадянь в Британской энциклопедии
  2. а б в Попова 2009, с. 831.
  3. Казин 2011, с. 171.
  4. а б в Казин 2011, с. 186.
  5. а б в Попова 2009, с. 832.
  6. Казин 2011, с. 156,177.
  7. Пумпян Г. З. Из истории Отдела литературы стран Азии и Африки БАН // Петербургская библиотечная школа. — 2013. — № 1. — С. 929—944.
  8. Казин 2011, с. 157.
  9. Казин 2011, с. 158.
  10. Рукописи и ксилографы на восточных языках в Научной библиотеке им. М. Горького СПбГУ / Под ред. В. Л. Успенского. — СПб : Филологический факультет СПбГУ, 2014. — С. 94—95. — 175 с. — ISBN 978-5-8465-1450-8.
  11. Казин 2011, с. 154—155.
  12. Казин 2011, с. 155—156.
  13. Казин 2011, с. 156.
  14. Казин 2011, с. 188.
  15. Казин 2011, с. 187.

Літаратура правіць

  • Казин В. Н. «Юн-лэ да дянь»: рукопись библиотеки ЛГУ // Труды востоковедов в годы блокады Ленинграда (1941—1944). — М.: Восточная литература, 2011. — В. 1. — С. 151—191. — ISBN 978-5-02-036466-0.
  • Попова И. Ф. Юн-лэ да дянь // Духовная культура Китая: энциклопедия: в 5 т. / Гл. ред. М. Л. Титаренко; Ин-т Дальнего Востока РАН. — М.: Вост. лит., 2009. — Т. 4. Историческая мысль. Политическая и правовая культура / ред. М. Л. Титаренко и др.. — С. 831—832.

Спасылкі правіць