Іхэтуаньскае паўстанне
Іхэтуа́ньскае паўста́нне, ці Баксёрскае паўстанне — паўстанне пераважна супраць засілля іншаземцаў у Паўночным Кітаі ў 1898—1901 гадах.
Ініцыіравана тайным рэлігійным таварыствам Іхэцюань («Кулак у імя справядлівасці і згоды»), пазней былі перайменаваны ў Іхэтуані («Атрады справядлівасці і згоды» — адсюль назва) у правінцыі Шаньдун.
У 1900 паўстанцы (100 тыс.; сяляне і гарадскія беднякі), якіх не здолелі спыніць урадавыя войскі, накіраваліся ў Пекін, знішчаючы замежныя місіі і прадстаўніцтвы. 14 чэрвеня 1900 г. іхэтуані ўступілі ў Пекін і разам з урадавымі войскамі 56 дзён вялі аблогу пасольскага квартала. Пасля сумеснай ноты кітайскаму ўраду Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Расія, Францыя, Італія і Аўстра-Венгрыя пачалі ўзброеную інтэрвенцыю. 21 чэрвеня кітайскі ўрад абвясціў вайну дзяржавам-інтэрвентам, аднак іх аб'яднаная армія на чале з нямецкім фельдмаршалам А. фон Вальдэрзэе 14 жніўня заняла Пекін. 7 верасня кітайскі ўрад, які перабраўся ў г. Сіянь, абвясціў іхэтуаняў па-за законам. У 1901 г. замежныя і кітайскія войскі задушылі паўстанне. 7 верасня 1901 г. Кітай падпісаў навязаны яму «Заключны пратакол», які фактычна зводзіў краіну да становішча паўкалоніі.
Літаратура
правіць- Іхэтуаньскае паўстанне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. С. 369.
- Калюжная Н. М. Восстание ихэтуаней (1898—1901). М., 1978.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іхэтуаньскае паўстанне