Юдыцін мост (чэшск.: Juditin most) — колішні каменны мост у Празе праз раку Влтава, пабудаваны ў другой палове XII стагоддзя, папярэднік Карлава моста. Названы ў гонар каралевы Чэхіі Юты (Юдыты) Цюрынгскай, жонкі караля Уладзіслава II. Юдыцін мост быў знішчаны падчас паводкі 1342 года, пасля чаго не аднаўляўся, на некалькі дзясяткаў метраў вышэй па цячэнні ад яго быў пабудаваны Карлаў мост.

Юдыцін мост
Юдыцін мост
Каардынаты: 50°05′11″ пн. ш. 14°24′43″ у. д.HGЯO
Перасякае Влтава
Месца размяшчэння
Канструкцыя
Тып канструкцыі арачны мост
Агульная даўжыня каля 514 м
Шырыня моста каля 6,8 м
Эксплуатацыя
Адкрыццё 1172 год
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Стварэнне моста правіць

Самым старым спосабам пераправы праз раку Влтава быў брод пад Пражскім замкам. Пазней каля яго быў пабудаваны драўляны мост, які ў 1157 годзе падчас паводкі быў разбураны. Паўстала задача будаўніцтва новага моста. Біскуп пражскі Данііл, натхнёны каменнымі мастамі ў Італіі, вырашыў запрасіць італьянскага спецыяліста і пабудаваць новы мост з каменя. Яго ідэю падтрымаў кароль Уладзіслаў, які вылучыў на будаўніцтва немалыя грошы. Асаблівае заступніцтва будаўніцтву моста аказвала каралева Юдыта, у чый гонар мост і быў названы.

Будаўніцтва моста было распачата ў 1158 годзе, а завершана ў 1172 годзе. Мост быў пабудаваны ў раманскім стылі, прататыпам, верагодна, паслужыў каменны мост у Рэгенсбургу. Даўжыня моста складала каля 514 метраў, шырыня яго была каля 10 метраў, аднак у кірунку да раёна Мала Страна ён звужаўся. Мост падтрымліваўся з дапамогай 27 арак. Гэта быў першы каменны мост у Чэхіі і адзін з самых доўгіх мастоў у Еўропе таго часу. Усталявана, што мост быў абліцаваны блокамі пясчаніку, якія змацоўваліся з дапамогай металічных клямак. Мост быў упрыгожаны скульптурамі, якія, верагодна, адлюстроўвалі каранацыю Уладзіслава чэшскай каронай, праведзеную ў студзені 1158 года па загадзе імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле здагадак археолагаў, мост не быў прамым, а меў выгін. Яго маставое палатно было на 3-4 метра ніжэй, чым палатно Карлава моста. Мост меў важнае стратэгічнае значэнне, паколькі быў адзіным мостам, які злучаў абодва берагі.

У 1253 годзе кіраванне мостам перайшло ў рукі Ордэна крыжакоў, заснаванага Анежкай, сястрой караля Вацлава I. У задачу ордэна ўваходзіла сачыць за яго тэхнічным станам, паколькі ён нямала пакутаваў ад частых паводак. Тады ж паабапал моста будаўнічым брацтвам цыстэрцыянцаў з Бургундыі былі створаны вежы з брамай. Іх пілоны мелі выгляд шасцігранніка. Акрамя таго, крыжакі паднялі палатно на метр, што зрабіла яго больш шырокім. Для фінансавання рамонтных прац за праезд па мосце бралі мыту.

3 лютага 1342 года падчас крыгаходу аркі моста апынуліся закаркаваны, у выніку чаго ён быў цалкам разбураны.

У 1357 годзе імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі і кароль Чэхіі Карл IV загадаў пачаць будаўніцтва новага каменнага моста, пазней названага Карлавым. Яго пабудовай кіраваў Пётр Парлер. Мост быў зроблены вышэйшым і шырэйшым і быў ссунуты на поўдзень ад рэштак Юдыцінага моста.

 
Рэшткі моста ў сутарэннях Крыжацкага кляштара

У сутарэннях некаторых дамоў у Празе захаваліся рэшткі арак ад Юдыцінага моста. Напрыклад, адна з арак размяшчаецца ў падзямеллі Крыжацкага кляштара на беразе Старога Горада. Акрамя таго, на дне Влтавы захаваліся падмуркі апор. Захавалася і так званая Малая маставая вежа, адна з Маластранскіх маставых веж, вядомая таксама пад назвай «Юдыціна вежа». У наш час яна з’яўляецца часткай Музея Карлава моста[1].

Археалагічныя даследаванні на месцы моста правіць

Рэшткі моста былі выяўлены ў 2009 годзе вадалазамі[2]. Археолагі абследавалі выяўленыя рэшткі моста, склаўшы на іх падставе мадэль.

Зноскі

  1. Карлаў мост. Праверана 14 сакавіка 2014.
  2. Фатаграфіі і схемы моста

Літаратура правіць

  • Streit Jiří. Divy staré Prahy. — Praha: Mladá fronta, 1960. — P. 19–35.

Спасылкі правіць