Ян Зумбах (польск.: Jan Zumbach; 14 красавіка 1915[К 1]3 студзеня 1986), таксама вядомы пад мянушкамі «Дональд Дак», «Ёхан»[1] і Джоні «Камікадзэ» Браўн[2] — польскі лётчык і найміт швейцарскага паходжання, удзельнік трох ваенных канфліктаў.

Ян Зумбах
польск.: Jan Eugeniusz Ludwig Zumbach
Дата нараджэння 14 красавіка 1915(1915-04-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 студзеня 1986(1986-01-03) (70 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Грамадзянства
Род войскаў ваенна-паветраныя сілы, найміты
Званне падпалкоўнік
Камандаваў No. 303 Polish Fighter Squadron[d] і 3rd Polish Fighter Wing[d]
Бітвы/войны Другая сусветная вайна
Кангалезскі крызіс
Грамадзянская вайна ў Нігерыі
Узнагароды і званні
зорка «1939—1945» Distinguished Flying Cross Defence Medal War Medal 1939–1945 Крыж Храбрых сярэбраны крыж ордэна Virtuti Militari Medal Lotniczy
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ранняе жыццё правіць

Быў унукам швейцарскага імігранта. Бацька меў падвойнае грамадзянства: польскае і швейцарскае. Маці паходзіла з ваколіц Плоцка, са старога памешчыцкага роду[3].

У 1922–1935 гадах сям’я Зумбаха пражывала ў Баброве каля Брадніцы (Паморскае ваяводства), дзе яго бацька набыў маёнтак. У 1935 годзе юнак скончыў у Плоцку гімназію імя маршалка Станіслава Малахоўскага. У 1936 годзе Зумбах пайшоў добраахвотнікам у ваенна-паветраныя сілы, куды трапіў праз мухлярства, бо ў войска маглі ісці людзі выключна з польскім грамадзянствам, а ён меў толькі швейцарскае.

У 1938 годзе скончыў авіяцыйнае кадэцкае вучылішча ў Дэмбліне, атрымаў званне лейтэнанта. Да Другой сусветнай вайны служыў у 111-й знішчальнай эскадрыллі. У маі 1939 года пры прызямленні самалёта сутыкнуўся з аўтамабілем тэхабслугоўвання. Падчас здарэння атрымаў траўмы і трапіў у шпіталь, затым праходзіў рэабілітацыю.

Другая сусветная вайна правіць

У хаосе пры нямецкім ўварванні не знайшоў сваю часць і 17 верасня прабіўся з Польшчы ў Румынію. Затым морам праз Бейрут дабраўся да Францыі.

У Францыі накіраваны ў польскі авіяцыйны навучальны цэнтр на базе Ліён-Брон. 13 мая 1940 года прызначаны ў авіяатрад пад камандаваннем маёра Краснадэмбскага ў складзе французскай эскадрыллі GCD I/55. Сутыкненні з праціўнікам былі рэдкімі, і Зумбах не дамогся там баявых поспехаў. У канцы французскай кампаніі пілот перанакіраваны ў атрад Скібы. 16 чэрвеня эвакуіраваўся ў Бардо, а затым 21 чэрвеня на караблі «Кмічыц» адправіўся ў Вялікабрытанію.

2 жніўня 1940 года залічаны ў 303-ю польскую знішчальную эскадрыллю, якая лётала на знішчальніках Hawker Hurricane Mk I. Падраздзяленне ўдзельнічала ў апошняй фазе бітвы за Брытанію. Тут, 7 верасня, Зумбах збіў свае першыя варожыя самалёты — два Dornier Do 17.

9 мая 1941 года пілот быў падбіты і здзейсніў вымушаную пасадку. У сакавіку 1942 года стаў камандзірам 303-й эскадрыллі. На гэтай пасадзе прабыў да снежня.

15 красавіка 1943 года стаў камандзірам 3-га польскага знішчальнага крыла. У гэты ж перыяд ён скончыў Вышэйшае авіяцыйнае вучылішча. З 4 жніўня 1944 года па 30 студзеня 1945 года камандаваў 133-м польскім знішчальным крылом. 30 студзеня 1945 года пераведзены ў 84-ю паляўнічую групу. 7 красавіка ўзяты ў кароткачасовы палон. Вызвалены 12 мая.

За гады вайны, паводле афіцыйных звестак, Зумбах збіў 13 самалётаў праціўніка. Яшчэ пяць паветраных перамог не былі пацверджаны[4].

Пасляваенны час правіць

У кастрычніку 1946 г. пакінуў вайсковую службу і пасяліўся ў Швейцарыі. На «грамадзянцы» Зумбах стаў суўладальнікам кампаніі аэратаксі, якая займалася кантрабанднай дзейнасцю[2].

У 1962 годзе далучыўся да катангскіх сепаратыстаў у былым Бельгійскім Конга. Узначальваў ВПС Катангі, арганізаваў закупку самалётаў, набраў замежных пілотаў і механікаў. Пасля паражэння сепаратыстаў збег у Анголу[5].

У 1967 годзе ўзначаліў ваенна-паветраныя сілы Біяфры ў Нігерыі. Зумбах асабіста ўдзельнічаў у рэйдах супраць федэральнай арміі. Так, напрыклад, кіруючы бамбардзіроўшчыкам A-26 Invader, ён пашкодзіў флагманскі ўрадавы фрэгат «Нігерыя»[6]. Падчас авіяўдару па аэрапорце Макурдзі ён забіў начальніка штаба нігерыйскіх войск. Пасля паражэння біяфрыйцаў пакінуў Афрыку[5].

Памёр пры нявысветленых абставінах 3 студзеня 1986 года ў Францыі, пахаваны ў Польшчы на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве (участак D 4 рад 3 м. 2)[7]. Французскія ўлады спынілі расследаванне яго смерці без указання прычын.

Мемуары правіць

  • Zumbach Jan, Ostatnia walka: Moje życie jako lotnika, przemytnika i poszukiwacza przygód, Oficyna Wydawnicza Echo, Espadon Publishing Sp. z o.o., Warszawa, 2007, s. 299, ISBN 978-83-60786-16-1.

Заўвагі правіць

Каментарыі

  1. У аўтабіяграфіі датай нараджэння названа 15 красавіка.

Крыніцы

  1. Pseudonimy polskich pilotów myśliwskich (польск.). Serwis „Myśliwcy”.
  2. а б Sterling Seagrave: Soldiers of Fortune, Time-Life Books, Alexandria, VA 1985, ISBN 0-8094-3326-5.
  3. Wiele dusz w piersi. W: Jan Zumbach: Ostatnia walka. Warszawa: Oficyna Wydawnicza Echo, 2007, s. 38. ISBN 978-83-6078-616-1.
  4. Jan Zumbach. polishairforce.pl.
  5. а б Biskup M."B.", Śladami zapomnianych bohaterów w rozdziale: Najemnik z dywizjonu 303, Poznań: Vesper, 2011, s. 461-468, ISBN 978-83-7731-052-6.
  6. Daniel Kowalczuk. Biafra. Operacje desantowe i działania na morzu w trakcie nigeryjskiej wojny domowej 1967-1970. „Morze, statki i okręty”. 3-4/2017. XXII (179), s. 60-63, marzec-kwiecień 2017. Magnum X. ISSN 1426-529X.
  7. Wyszukiwarka cmentarna – Warszawskie cmentarze

Спасылкі правіць