Крыжа́нка звычайная, Крыжанка[1] (Anas platyrhynchos) — птушка сямейства качыных атрада гусепадобных.
Народныя назвы качка, качур, крыжак, крыжная качка, крыжэнь.
Даўжыня да 63 см, маса да 2 кг. У самца вясной галава і шыя цёмна-зялёныя, на крылах сіне-фіялетавае «люстэрка», самка бураватая. Летам самец падобны да самкі. Корміцца расліннасцю, малюскамі, чарвякамі, насякомымі.
Пашырана ў Еўразіі, Паўночнай Амерыцы і Паўночна-Заходняй Афрыцы. Жыве на балотах, поймавых азёрах, лясных рэчках і інш. На Беларусі трапляецца ўсюды. Гавайскі падвід (Anas platyrhynchos wyvilliana) — у Чырвонай кнізе МСАП.
Гнёзды робяць на зямлі, зрэдку на галінах дрэў, у дуплах. Нясуць 6—16 (пераважна 8—12) яец. Птушаняты вывадковыя.
Аб’ект спартыўнага і прамысловага палявання. Ад крыжанкі паходзяць свойскія качкі.