Пархавік вялізны, або галавач гіганцкі, або дажджавік гіганцкі (Calvatia gigantea) — базідыяльны грыб сямейства шампіньёнавых.
Пладовае цела грыба вышынёй да 50—60 см, у дыяметры пляската-шарападобнае, сядзячае, каля асновы звужанае, складкаватае, са слаба развітай стэрыльнай тканкай і коранепадобным прыдаткам. Перыдый (абалонка) двухслаёвы. Экзаперыдый (вонкавы слой) тонкі, белы, паступова бурэе, у стадыі спеласці захоўваецца толькі каля асновы. Эндаперыдый (унутраны слой) тоўсты, мяккі, белы або буры, крохкі, абламваецца. Глеба (мякаць) мяккая, мясістая, губчатая, белая, з прыемным пахам і смакам, спелая аліўкава-бурая, парашкаватая. Капіліцый (ніткі для разрыхлення парашкаватай масы спелых спораў) таўстасценны, перагародчаты. Споры 3,5х6 мкм, шарападобныя, гладкія або шурпатыя, бура-карычневыя.
Галарктычны від з еўразійска-амерыканскім арэалам. Пашырэнне: Заходняя і Паўднёвая Еўропа, Усходняя Азія, Паўночная Амерыка. На тэрыторыі Беларусі рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Месцы росту: узлескі лісцевых і мяшаных лясоў, паркі, палі, выганы, лугі. Расце на ўрадлівай глебе ва ўмовах умеранага ўвільгатнення.
Грыбніца шматгадовая, пладовыя целы развіваюцца ў ліпені—верасні. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі, вельмі рэдка па 2—3 у адным месцы
Малавядомы ядомы грыб (маладыя пладовыя целы), мае антыбластычныя якасці.
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5