Хамячкоў часта трымаюць у жывых кутках (найбольш пашыраны сірыйскі). Яны добра прыручаюцца і размнажаюцца ў няволі. Выведзены звяркі з рознай афарбоўкай (белыя, ружовыя, пясчана-жоўтыя, плямістыя, чорныя і інш.) і з розным валасяным покрывам.
Хамячкі вельмі рухавыя, мітуслівыя, паводзяць сябе абсалютна незалежна. На чалавека яны звяртаюць увагу толькі тады, калі ў яго руках ёсць ласунак. У цэлым характар хамячкоў даволі міралюбны і дабрадушны, але калі занадта назойліва іх турбаваць, яны могуць і пастаяць за сябе — імгненна ўкусяць за палец.
Трымаюць хамячкоў у спецыяльных тэрарыумах з дробнаячэістай металічнай сеткі і шкла, у клетках ці звычайных акварыумах. Кардонныя ці нават фанерныя скрынкі звярок даволі лёгка прагрызае. Там, куды пасялілі хамячка, павінна быць паілка і хатка памерам 15x15x15 см з бакавым уваходам. Калі дазваляюць памеры, можна паставіць яшчэ і кола, у якім хамячкі з задавальненнем бегаюць.
Кормяць хамячкоў розным зернем, насеннем сланечніку, кукурузы, белым (радзей чорным) хлебам, кашамі, сырой і варанай агароднінай, тварагом, вараным яйцом, малаком, разнастайнай зелянінай. У корм неабходна дабаўляць (асабліва ў перыяд размнажэння і выкормлівання маладняку) рыбін тлушч, дрожджы, касцявую муку і кухонную соль.
Размнажаюцца хамячкі вельмі хутка: за год яны могуць прыносіць некалькі прыплодаў па 4—16 дзіцянят у кожным. Цяжарнасць працягваецца 17—19 сутак. Дзіцяняты нараджаюцца сляпыя, голыя, бездапаможныя, але растуць вельмі хутка і на 11—14-я суткі пачынаюць самастойна есці, а да двухмесячнага ўзросту дасягаюць палавой спеласці. Самцоў у гэты перыяд трымаюць асобна, таму што яны могуць загрызці і з'есці дзіцянят, што з'явіліся на свет. Дарэчы, у іх выкормліванні і выхаванні яны таксама не ўдзельнічаюць. Жывуць хамячкі да трох гадоў, зрэдку крыху больш.
Жыллё звяркоў трэба пастаянна прыбіраць, а прыпасы, створаныя хамячком у гняздзе, пастаянна «рэвізаваць». Трымаць хамячкоў у хаце ў вялікай колькасці не варта: ад іх ідзе даволі моцны непрыемны пах. Купаць хамячкоў нельга.