Hrodna.life — гродзенскае гарадское недзяржаўнае анлайн-медыя. Пачало працу 10 кастрычніка 2016 года ў выніку рэбрэндынгу ранейшага выдання «Твой стыль»[1]. Выходзіць на беларускай і рускай мовах, піша на грамадска-палітычную, культурніцкую, краязнаўчую тэматыку.

Hrodna.life
Hrodna.life
URL hrodna.life
Тып сайта СМІ
Мова(-ы) беларуская, руская
Пачатак працы 10 кастрычніка 2016
Бягучы статус працуе
Слоган Hrodna.life — выданне для ўсіх, хто любіць Гродна, дзе б яны і мы не былі.

Гісторыя

правіць

Сайт Hrodna.life быў створаны камандай, якая ў 2007—2016 гадах працавала ў выданні «Твой стыль». Першыя думкі пра рэбрэндынг з’явіліся яшчэ ў 2012 годзе, калі стала зразумела, што ранейшая платформа для моладзевай журналістыкі і практыкі маладых журналістаў ужо перарасла ранейшыя мэты і планы[2].

Выданне ставіць сваёй мэтай асвятляць дасягненні і праблемы Гродна і гродзенцаў, публікаваць ідэі і дыскусіі, як зрабіць горад лепшым, публікаваць унікальныя гістарычныя і краязнаўчыя матэрыялы, а таксама ствараць «супольнасць неабыякавых гродзенцаў»[3]. На сайце публікуюцца аўтарскія навіны і кампіляцыі, артыкулы, рэпартажы, інтэрв’ю, агляды і г. д[4].

Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі“». У 2019 годзе ў конкурсе, арганізаваным асацыяцыяй, Hrodna.life быў названы найлепшым рэгіянальным сайтам Беларусі[5].У 2020 годзе ў тым жа конкурсе Hrodna.life перамог у намінацыі «Найлепшае рэгіянальнае медыя»[6].

Адным з твараў выдання быў рэпарцёр Руслан Кулевіч, якога называлі «самым хуткім журналістам Гродна»[7]. За свае краязнаўчыя матэрыялы, апублікаваныя на Hrodna.life, у 2020 годзе ён стаў лаўрэатам Прэміі імя Юзафа Ядкоўскага.

Выдавецкая і грамадская дзейнасць

правіць

У 2018—2020 гадах рэдакцыя Hrodna.life выдала ў Гродне тры кнігі:

  • Руслан Кулевіч. Горад адзін, успаміны розныя. Гродна 1930-40-х вачыма жыхароў. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2018[8].
  • Руслан Кулевіч. Гісторыі з гродзенскіх вуліц. Гродна 1930-40-х вачыма жыхароў. Працяг. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2019[9].
  • Ірына Новік, Андрэй Вашкевіч, Гарадзенкі. Жаночы след у гісторыі Гродна. Жаночыя гісторыі сучаснага Гродна. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2020[10].

Выданне эксперыментавала з выданнем папяровага часопіса і настольных гульняў. Выйшаў адзін выпуск часопіса і адна гульня, якія часткова разыйшліся, але частка наклада была канфіскаваная міліцыяй у час агляду ў рэдакцыі[11]. Таксама рэдакцыя праводзіла для чытачоў майстар-класы, экскурсіі[12][13], круглыя сталы і канферэнцыі па грамадска значных тэмах, кінапрагляды, выставы[14][15], дапамагала ствараць аўдыёгід па гродзенскім гета[16]. Рэдакцыя актыўна камунікавала з гарадской адміністрацыяй і арганізоўвала грамадскія кампаніі па важных пытаннях: вяртання гістарычных назваў вуліц, захавання драўлянай архітэктурнай спадчыны і інш[17][18]. Падтрымлівала інфармацыйна грамадскія ініцыятывы і няўрадавыя арганізацыі[19].

Прэзентацыі кніг і іншыя мерапрыемствы рэдакцыі праходзілі ў «Цэнтры гарадскога жыцця», які знаходзіўся па суседстве з офісам выдання ў будынку па вуліцы Кірава, 3.

Палітычны пераслед рэдакцыі

правіць

Журналісты Hrodna.life асвятлялі прэзідэнцкія выбары 2020 года і акцыі пратэсту, што адбываліся пасля іх. У час акцый журналістаў затрымлівалі, а рэпарцёру Руслану Кулевічу паламалі рукі[20][21]. З-за пагроз яму прыйшлося пакінуць Беларусь[22].

Актыўная фаза пераследу рэдакцыі пачалася ў студзені 2021 года, калі ў офісе выдання прайшоў агляд, была канфіскаваная тэхніка, заведзеная справа за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»[11].

30 траўня 2021 года быў затрыманы галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў[23]. У той жа дзень па той жа справе міліцыя прыйшла да рэдактаркі спецпраектаў выдання Ірыны Новік[24]. Юрыдычная асоба і асобныя журналісты былі аштрафаваныя за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП у рэдакцыі 2003 г. і арт. 19.11 КаАП у рэдакцыі 2021 года) на агульную 27 550 рублёў[25]. За 2021—2022 гг. сацыяльныя сеткі выдання былі прызнаныя судамі экстрэмісцкімі матэрыяламі, сайт заблакаваны ў Беларусі, юрыдычная асоба выдання ТАА «Гродна Лайф Медыя» ліквідаваная па ініцыятыве пракуратуры[26][25][27].

Паводле рашэння КДБ Беларусі ад 11 лістапада 2022 года выданне Hrodna.life было прызнана экстрэмісцкім фармаваннем[28]. Рэдакцыя працягвае працу, знаходзячыся ў эміграцыі.

Крыніцы

правіць
  1. «Твой стыль» закрываецца. Цяпер будзе Hrodna.life . Наша Ніва. Праверана 7 студзеня 2024.
  2. “Твой стыль” закрываецца. Цяпер мы – Hrodna.life! – Твой стыль  (9 кастрычніка 2016). Праверана 7 студзеня 2024.
  3. «Вы з «Hrodna.life»? Можна паціснуць вам руку?» Як працуюць рэгіянальныя журналісты, якіх выціскаюць з Беларусі . belsat.eu. Праверана 7 студзеня 2024.
  4. Пра нас . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  5. Названыя лепшыя рэгіянальныя СМІ па версіі Асацыяцыі выдаўцоў ШМАТ ФОТА . baj.media. Праверана 7 студзеня 2024.
  6. Вынікі конкурса «Найлепшае рэгіянальнае медыя» | Press Club Belarus (руск.). Press Club Belarus | Прастора для прафесійнага росту медыясупольнасці (9 лістапада 2020). Праверана 7 студзеня 2024.
  7. Восем лайфхакаў ад самага хуткага гарадзенскага журналіста Руслана Кулевіча . baj.media. Праверана 7 студзеня 2024.
  8. "Столькі людзей прыходзіла толькі на Вольскага". Пры поўным аншлагу прайшла прэзентацыя кнігі Руслана Кулевіча з успамінамі гродзенцаў . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  9. Выйшла з друку новая кніга Руслана Кулевіча: першыя асобнікі атрымліваюць героі . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  10. У Гродне прэзентавалі кнігу «Гарадзенкі», якую можна чытаць з двух бакоў (руск.). Hrodna.life - русская версия (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  11. а б К, А.. Агляд у рэдакцыі Hrodna.life скончыўся. Канфіскавалі тэхніку, кнігі і гульні . Hrodna.life (29 студзеня 2021). Праверана 7 студзеня 2024.
  12. Па гета з Русланам Кулевічам: гродзенцы прайшлі слядамі ахвяр Халакоста . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  13. Па Гродне з завязанымі вачыма — рэдакцыя Hrodna.life правяла незвычайную экскурсію для журналістаў . baj.media. Праверана 7 студзеня 2024.
  14. Что волнует мам, велосипедистов и инвалидов? В Гродно обсудили тему инклюзии (руск.). Hrodna.life - русская версия (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  15. “Гродна, які мы бачым і не бачым”. Hrodna.life і арт-студыя Кацярыны Забелінай прэзентавалі сумесны праект . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  16. ВИМІРЮЮЧИ ГЕТТО. ghettos.digital. Праверана 7 студзеня 2024.
  17. Мм. У Горадні зьявіліся першыя шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц . Радыё Свабода (16 лютага 2017). Праверана 7 студзеня 2024.
  18. Новы цмок для дома з цмокамі. Што намалявала мастачка за тыдзень арт-марафону ў Новым Свеце . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  19. Hrodna.life — Пресса под прессом | Press Club Belarus (руск.). Press Club Belarus | Прастора для прафесійнага росту медыясупольнасці (22 верасня 2021). Праверана 7 студзеня 2024.
  20. «Я быў пазначаным». Руслан Кулевіч распавёў ўсё пра затрыманне, суд і цкаванне пасля "сутак" . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  21. «ОМОНовец орал, что расстрелял бы таких как мы». Жена репортера Hrodna.Life, — о жестком задержании, «помеченных» ОМОНом и беременности . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  22. «Мая новая місія – запісваць гісторыі беларусаў, якія з'ехалі». Руслан Кулевіч запускае свой відэапраект . Hrodna.life (7 студзеня 2024). Праверана 7 студзеня 2024.
  23. Свабода, Радыё. Затрымалі галоўнага рэдактара Hrodna.life. Відэа пра затрыманьне выклалі на два дні раней . Радыё Свабода (30 мая 2021). Праверана 7 студзеня 2024.
  24. Свабода, Радыё. Да рэдактаркі спэцпраектаў Hrodna.life Ірыны Новік прыйшлі сілавікі . Радыё Свабода (30 мая 2021). Праверана 7 студзеня 2024.
  25. а б К, А.. У Гродне задаволілі іск аб ліквідацыі ТАА "Гродна Лайф Медыя" . Hrodna.life (26 жніўня 2021). Праверана 7 студзеня 2024.
  26. Рэдактарка Hrodna.Life Ірына Новік: Цяпер у медыях працуюць энтузіясты, якія могуць дазволіць сабе такую раскошу . belsat.eu. Праверана 7 студзеня 2024.
  27. СМИ в Беларуси в 2021 году (руск.). baj.media. Праверана 7 студзеня 2024.
  28. Издание Hrodna.life признали «экстремистским формированием» (руск.). Зеркало (22 лістапада 2022). Праверана 7 студзеня 2024.

Спасылкі

правіць