Varpas (бел.: Звон) — літоўская штомесячная газета ліберальнага, а пасля 1900 года — сацыялістычнага кірунку.

Першы нумар часопіса

З-за таго, што выданне было забаронена ў Літве, у тыя часы - частцы Расійскай імперыі, друк адбываўся ў Тыльзіце (цяпер Савецк) і Рагніце (цяпер Нёман) у нямецкай Усходняй Прусіі і кантрабандай дастаўлялася ў край кніганошамі. Varpas, з накладам у 500[1]-1000[2] экзэмпляраў адыграў вялікую ролю ў літоўскім нацыянальным Адраджэнні. Tautiška Giesmė (бел.: Нацыянальная песьня), адна з паэм, напісаных заснавальнікам і выдаўцом выдання Вінцасам Кудзіркай да 10-й гадавіны з дня з'яўлення Varpasа, стала літоўскім нацыянальным гімнам. Рэдакцыя Varpas-а пазней распачала два больш спецыялізаваныя выданні: больш практычны Ūkininkas (бел.: Гаспадар), 1890–1905) для малаадукаваных сялян і апалітычную газету Naujienos (бел.: Навіны, 1901–1903) для шырэйшых колаў чытачоў.[3]

Выходзіў у 18891905 гг. У першым нумары часопіса упершыню было прапанавана увесці чэшскія літары š и č ў літоўскую арфаграфію. Прапанова была ўспрынята літоўскай дыяспарай у ЗША, і ў пачатку XX стагоддзя гэтыя літары ўвайшлі ў літоўскі алфавіт.

Гісторыя правіць

Пасля таго, як першая нацыянальная газета Aušra спыніла выхад у 1886 годзе з-за фінансавых цяжкасцяў, літоўскія актывісты думалі пра тое, як яе адрадзіць ці чымсьці замяніць. Гурток літоўскіх студэнтаў у Маскве арганізаваў публікацыю недаўгавечнай Šviesa, каталіцкага штомесячніка, які не задаволіў ліберальных актывістаў.[3] Літоўскія студэнты ў Варшаве, на чале з Вінцасам Кудзіркай, Ёнасам Гайдамавічусам, і Ёзасам Адамайціс-Шэрнасам, арганізавалі таварыства Lietuva (бел.: Літва). Першапачаткова таварыства думала над тым, як адрадзіць свецкую "Аўшру", але вырашыла гэтага не рабіць, каб не ўзнаўляць спрэчак з ксяндзамі.[4] Гэтак у студзені 1889 з'явілася цалкам новае выданне Varpas. Яно намагалася аб'яднаць ліберальную, сацыялістычную і каталіцкую фракцыі літоўскага нацыянальнага Адраджэння. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці (фінансавыя, дастаўку кніганошамі) выданне існавала больш за ўсе астатнія літоўскія перыёдыкі гэтага часу. Varpas адыграў вялікую ролю, фарміруючы ідэі нацыянальнага Адраджэння і стандартызуючы літоўскую мову. Напрыклад, у 1890 г. Кудзірка апублікаваў рэкамендацыі наконт літоўскай арфаграфіі: ён прапанаваў замяніць "sz" і "cz", запазычаныя з польскай, новымі "š" і "č", узятымі з чэшскай.[5] Гэтыя новыя літары цяпер з'яўляюцца інтэгральнай часткай сучаснай літоўскай.

Змест правіць

Varpas быў разлічаны на інтэлігенцыю і меў першапачатковую мэту ўзняць літоўскую нацыянальную свядомасць і ,урэшце рэшт, дасягнуць аўтаноміі ўнутры Расійскай імперыі.[6] Знаходзячыся пад уплывам польскага пазітывізму, Varpas даводзіў, што літоўцы могуць дасягнуць гэтага праз працу, эканамічнае развіццё, адукацыю і іншыя негвалтоўныя сродкі.[6] Таму многія артыкулы ўтрымоўвалі абмеркаванні наконт зямельнай рэформы, паляпшэння школьнай сістэмы, медыцынскага забеспячэння, сістэмы перавозак.[2] Некаторыя артыкулы былі дастаткова практычнымі, утрымлівалі ўказанні як і што трэба рабіць, але большасць заставаліся тэарэтычнымі настаўленнямі і абмеркаваннямі.[6] Амаль чвэрць зместа Varpas-а была прысвечана гісторыі.[7] Аднак, у адрозненні ад Аўшры, выданне адмаўлялася ад рамантычнай ідэалізацыі гераічнага мінулага (якое прывяло да дзвюх прайграных паўстанняў у 1830-31 і 1863-1864 гг.) і канцэнтравалася на больш практычнай і карыснай сучаснай гісторыі. Аўтары допісаў верылі ў тое, што разуменне сучаснай еўрапейскай палітыкі прынясе больш карысці, чым услаўленне старога ВКЛ.[7]

Varpas таксама была палітычнай газетай, якая крытыкавала царскую палітыку, патрабавала адмены забароны літоўскага друку і іншых русіфікатарскіх дзеянняў, роўных культурных і палітычных правоў для усіх нацый у Расійскай імперыі.[2] Varpas таксама стаяў на антыпольскіх пазіцыях, але амовіўся ад некаторых спрошчаных стэрэатыпаў у адносінах да палякаў і спаланізаваных літоўцаў, што былі прысутныя ў Аўшры.[8] Напрыклад, замест таго, каб абвінавачваць чужынцаў (палякаў і рускіх) за "смерць" ВКЛ, выдаўцы шукалі унутраныя прычыны гістарычных паражэнняў.[6] Аднак, часопіс ўсё яшчэ заклікаў да развіцця і ўзмацнення асобнай ад польскай літоўскай культуры. Палітычныя патрабаванні ўключалі патрабаванне аўтаноміі для Літвы, але не аднаўлення польска-літоўскай дзяржавы.[9] Пад канец свайго існавання і падчас рэвалюцыі 1905 - 1907 гг., Varpas стаў больш сацыялістычным,[10] уключаючы яго сурэдактара Вінцаса Міцкявічуса-Капсукаса, будучага кіраўніка Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1918-1919).[11]

У цэлым, змест Varpas-а быў вельмі разнастайны.[11] Газета спрабавала аб'яднаць розныя палітычныя групоўкі, намаганні рабіліся, каб друкаваць ліберальныя, сацыялістычныя, артыкулы рэлігійнага зместу.[2] Адна калонка магла супярэчыць другой.[11]

Рэдактары і распаўсюджвальнікі правіць

Нягледзячы натое, што Вінцас Кудзірка афіцыйна выдаў тоькі пяць першых нумароў Varpas-а, ён паўсюдна прызнаецца накіроўваючай сілай па-за выданнем. Да сваёй смерці ў 1899 г., ён пісаў і рэдагаваў уплывовую калонку пад назвай Tėvynės varpai (бел.: Званы Радзімы), дзе публікаваў артыкулы на розныя тэмы: абараняючы еднасць розных сацыяльных груп і палітычных фракцый для большай карысці цэлай нацыі, кароткія сатырычныя гісторыі, якія высмейвалі рускіх чыноўнікаў, тэарэтычныя матэрыялы на тэму журналістыкі і літаратуры і г. д.[12] Іншымі рэдактарамі былі Юозас Адамайціс-Шэрнас, Юргіс Шайліс, Антанас Мілюкас, Пятрас Мікалайніс, Марцінас Янкус, Ёзас Багдонас, Повілас Вышынскіс.[2]

У газеце, у адпаведнасці са сваёй мэтай падтрымліваць літоўскую мову і літаратуру, таксама друкавалася шмат мастацкіх твораў розных аўтараў: Пранаса Машуотаса, Вінцаса Капсукаса, Габрыэлі Пяткевічайтэ-Бітэ, Ёнаса Вілейшыса, Жэмайтэ, Šatrijos Ragana, Ёнаса Білюнаса, Повіласа Вішынскіса і іншых.[13] Іх работы былі рэдагаваныя Кудзіркай і Стасісам Матулайцісам.[14] Матэрыялы замежных аўтараў таксама перакладаліся і публікаваліся ў Varpas-е. Акадэмічныя артыкулы, якія датычыліся літоўскай мовы і спробаў яе стандартызацыі публікаваліся Ёнасам Яблонскісам. Будучы прэзідэнт Літвы Казіс Грынюс рабіў допісы ў газету.[15] З-за таго, што публікацыі былі нелегальныя, многія аўтары выкарыстоўвалі шматлікія псеўданімы, якія часта мяняліся; некаторыя ўвогуле не былі падпісаныя. З-за гэтага часам цяжка вызначыць сапраўднага аўтара. У цэлым, ад 90[1] да 150[15] чалавек (называных "варпасаўцамі" (літ.: varpininkai)) рабілі допісы ў выданне. Гэтая лічба ўключае пэўную колькасць карэспандэнтаў Аўшры.[15] Варпасаўцы арганізоўвалі штогадовыя сустрэчы і канферэнцыі, каб абмеркаваць кірунак развіцця часопіса.[1]

Зноскі

  1. а б в Kulakauskas
  2. а б в г д Urbonas, p. 60
  3. а б Krapauskas, p. 168
  4. Krapauskas, p. 169
  5. Subačius, p. 190
  6. а б в г Krapauskas, p. 170
  7. а б Krapauskas, p. 171
  8. Krapauskas, p. 172
  9. Krapauskas, pp. 170–171
  10. White, p. 60
  11. а б в Krapauskas, p. 178
  12. Urbonas, 60–62
  13. Urbonas, pp. 60–61
  14. Urbonas, p. 61
  15. а б в Urbonas, p. 63

Літаратура правіць

Спасылкі правіць