Vilniaus žinios (бел.: Віленскія весткі) — літоўскамоўная газета, якая выходзіла ў Вільні ў 1904-1909 гг.

Першы нумар газеты

З'явілася 23 снежня 1904 г. як першая газета на літоўскай мове ў Расійскай імперыі, пасля таго як была ліквідавана забарона на друк літоўскай лацінкай. Уладальнікам і выдаўцом выдання быў Пятрас Вілейшыс, часова газета выдавалася Ёнасам Яблонскісам і Повіласам Вышынскісам, пазней Ёнасам Краўчунасам, Ёзасам Тумас-Вайжгантасам, Ёнасам Вілейшысам.

Газета друкавала весткі з Пецербурга, Масквы, карэспандэнцыі з гарадоў і мястэчак Літвы, зацемкі пра жыццё літоўцаў у ЗША, Прусіі, Латвіі, Расіі, артыкулы на грамадска-палітычныя і культурныя тэмы. Публікаваліся мастацкія творы, літаратурная крытыка.

Першы нумар выйшаў накладам у 6000 асобнікаў. На першае паўгоддзе 1905 г. падпісалася 5 613 чытачоў з Вільні, Коўна, Сувалак, Гродзенскай губерні, Сібіры, Латвіі, Польшчы, Фінляндыі, ЗША. Аднак у Вільні прадавалася толькі каля 150 экз. Цікава, што паводле перапісу 1897 г. у Вільні пражывала толькі 2 % літоўцаў (3238 чалавек), толькі 150 з іх мелі адукацыю вышэй за сярэднюю.[1].

Першапачаткова грамадскасць цікавілася газетай. З ёй супрацоўнічалі ўдзельнікі Вялікага віленскага сейма 1905 г. Аднак, хутка інтарэс пачаў змяншацца, бо газета імкнулася быць бесстаронняй і засяроджвалася на навінах з краю. Сяляне-каталікі былі расчараваныя газетай, бо напачатку яна была дастаткова антырэлігійнай. У канцы 1906 г. новы рэдактар Ёзас Тумас-Вайжгантас абяцаў адмовіцца ад секулярысцкай пазіцыі. Аднак, гэта не захавала газету, бо яна павярнулася на пазіцыі ліберальнай інтэлігенцыі. Наклад зменшыўся да 2000 асобнікаў ў пачатку 1907 г. і газета стала банкротам.

У кастрычніку 1907 г. Вілейшыс прадаў газету суполцы Ёнаса Вілейшыса. Vilniaus žinios стала схіляцца да пазіцыі правых сацыял-дэмакратаў. Гэта яшчэ больш адштурхнула ад яе ксяндзоў і сялян-каталікоў, якія чыталі яе ўсё менш. Апошні нумар (1175) з'явіўся на свет 17 сакавіка 1909 г. Выданне газеты было спынена з фінансавых прычын.

Літаратура правіць

  • Urbonas, Vytas (2002). Lietuvos žurnalistikos istorija (2nd ed.). Klaipėda: Klaipėdos universiteto leidykla. pp. 88–90. ISBN 9955-456-49-3. (літ.)

Зноскі

  1. Терешкович П. Этническая история Беларуси XIX - начала XX в. Мн., 2004. С. 187.