Іван Стэфанавіч Любачка (1 мая 1915, Магілёўскі павет[1] або Полацкі павет[2]20 ліпеня 1977, Мюрэй, штат Кентукі) — беларускі гісторык.

Іван Любачка
Дата нараджэння 1 мая 1915(1915-05-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 ліпеня 1977(1977-07-20) (62 гады)
Месца смерці
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера гістарыяграфія
Месца працы
Альма-матар

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 1 мая 1915 года на Полаччыне.

У 1939 годзе скончыў матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і скіраваны на працу ў Галоўчынскую дзесяцігодку. У 1940 годзе мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны спаткаў у чыне капітана каля Брэста, адкуль адступаў да Палтаўшчыны і дзе трапіў у палон. Паводле ягоных расповедаў, быў вызвалены дзякуючы аднаму селяніну, які засведчыў, што той ягоны сын. Вярнуўся ў Галоўчын і спрабаваў аднавіць школьную працу, аднак гэта не атрымалася і ён вярнуўся да бацькоў. Працаваў у вёсцы на бацькоўскай гаспадарцы нядоўга, бо быў арыштаваны немцамі нібыта за сувязь з партызанамі, хаця адмовіўся далучыцца да іх. Праз некалькі тыдняў быў вызвалены і выправіўся сам або быў прымусова вывезены на працы ў Германію (1943). Пасля канца Другой сусветнай вайны застаўся ў Германіі, у лагерах для перамешчаных асоб працаваў настаўнікам у беларускіх школах, у гімназіі ў Гібельштаце і ў Бакнангу.

У пачатку 1950-х гадоў эміграваў у ЗША. Спачатку жыў у Нью-Джэрсі, працаваў на фабрыцы. Потым вучыўся на аддзяленні гісторыі ва Універсітэце штата Агая ў Калумбусе. Паводле іншых звестак, скончыў Калумбійскі ўніверсітэт[2]. У 1956 годзе атрымаў амерыканскае грамадзянства. У 1964 годзе атрымаў ступень доктара гісторыі (PhD) ва Універсітэце штата Індыяна ў Блумінгтане (тэма: Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1939), дзе працаваў цягам некалькіх гадоў[1]. Пасля атрымаў кафедру гісторыі ў Мюрэйскім універсітэце ў Кентукі, дзе і працаваў да канца жыцця.

Аўтар многіх публікацый, у т.л. «Беларусь пад савецкай уладай, 1917—1957»[3]. Цягам апошніх гадоў свайго жыцця працаваў над вялікай працай па гісторыі Беларусі, якую не скончыў.

18 ліпеня 1977 года падчас ранішняй лекцыі ў Івана Любачкі здарыўся сардэчны прыступ. 20 ліпеня ўжо ў шпіталі здарыўся паўторны прыступ, ад якога ён памёр. Пахаваны на каталіцкіх могілках у горадзе Мюрэй (Murray). Не меў сям’і, таму ашчаджаныя за жыццё сродкі запісаў на заснаванне стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства (Фонд імя І. Любачкі). Паводле тастаменту архіў мусіў быць перададзены ў Лонданскую Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны.

Зноскі

  1. а б Максімюк Я., Беларуская Гімназія…
  2. а б Гардзіенка А., Асобы і рэаліі…
  3. Bielorussia under Soviet Rule, 1917—1957; Ivan S. Lubachko, 1972 by University Press of Kentacky
  • Belorussia under Soviet rule, 1917―1957. Lexington: The University Press of Kentucky, 1972. - 219 p.

Літаратура

правіць
  • Максімюк Я., Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, 1945—1950. Нью-Ёрк — Беласток, 1994. — 196 с.
  • Гардзіенка А., Асобы й рэаліі // Літаратурны рух на эміграцыі / Уклад. Юрэвіч Л. — Мн: БГА, 2002.
  • Любачка Іван Стафанавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 182–183.
  • Любачка Іван Стафанавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 108.
  • Любачка Іван Стафанавіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 642.
  • Любачка Іван Стафанавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 411.