Ільза Канстанцінаўна Лакштанава

Ільза Канстанцінаўна Лакшта́нава (31 студзеня 1923, Камышын, Валгаградская вобласць — ?) — беларуская актрыса. Заслужаная артыстка БССР (1954).

Ільза Канстанцінаўна Лакштанава
Дата нараджэння 31 студзеня 1923(1923-01-31)
Месца нараджэння
Дата смерці невядома
Грамадзянства
Муж Іосіф Пятровіч Лакштанаў
Адукацыя
Прафесія тэатральная актрыса
Тэатр
Член у
Узнагароды
Заслужаны артыст Беларускай ССР

Біяграфія правіць

Нарадзілася 31 студзеня 1923 года ў г. Камышын Валгаградскай вобласці (Расія). Пасля заканчэння Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага ў Маскве (1944, курс М. Тарханава, У. Белакурава) была напраўлена ў Таганрогскі тэатр імя А. Чэхава. У 1952 г. актрысу запрасілі ў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР, дзе яна працавала да 1990 г., увасобіўшы на сцэне шэраг запамінальных лірыка-драматычных і характарных роляў.

З 1991 г. актрыса жыве ў Ізраілі.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1952 года.

Творчасць правіць

Імкненнем да стварэння шматпланавых вобразаў былі адзначаны ўжо самыя першыя крокі ў мастацтве, якія рабіла маладая актрыса. Кожны з іх уражваў не толькі багаццем адценняў, але і шматграннасцю характару. Вобразы гераінь І. Лакштанавай былі вельмі сапраўднымі, нібы выхапленымі святлом рампы з самога жыцця. Рэальнасць іх у спалучэнні з паэтычным падтэкстам, які несла актрыса, стварала асаблівую, лірычную атмасферу, калі нават вельмі зямное не зазямляецца, а грубае не выглядае вульгарным. Бездакорны густ і пачуццё меры ніколі не здраджвалі ёй.

На сцэне Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР І. Лакштанава дэбютавала бліскучым выкананнем ролі Фенісы ў спектаклі «Хітрамудрая закаханая[es]» Лопэ дэ Вэгі. Гераіня была чароўнай і дасціпнай, пяшчотнай і рашучай, вясёлай і сумнай, гарэзлівай і вынаходлівай, нястомнай у барацьбе за каханага. У 1953 г. у тэатры быў пастаўлены спектакль «Кароль Лір» У. Шэкспіра, які стаў буйной падзеяй у тэатральным жыцці краіны. Дырэктар Каралеўскай акадэміі драматычнага мастацтва ў Лондане Дж. Ферналд пісаў аб спектаклі[1]:

  Для англійскага рэжысёра, які глядзеў спектакль Рускага драматычнага тэатра Беларускай ССР, найбольш надзвычайнай у гэтай пастаноўцы была яе вернасць Шэкспіру. Гэта быў наш англійскі Лір… Кароль Лір у выкананні пана Кістава цудоўны… Місіс Лакштанава, несумненна, была лепшай Кардэліяй, якую я бачыў калі-небудзь раней. У Англіі мы звычайна даём гэтую ролю вельмі маладой актрысе, якая, як правіла, занадта маладая, каб мець жыццёвы вопыт, неабходны для перадачы ўсёй глыбіні гэтай цяжкай ролі. Місіс Лакштанава выглядала прыгожай і вельмі маладой. Аднак яна была дастаткова сталай і дастаткова добрай актрысай, каб паказаць сапраўдную душэўную пакуту… дачкі, якая шкадуе свайго няшчаснага бацьку.  

Важкімі мастацкімі каштоўнасцямі вылучалася пастаноўка п’есы «Каменнае гняздо» Х. Вуаліёкі (1956). Ільза Лакштанава стварыла абаяльны вобраз Ілоны Алгрэн — прыгожай, сумленнай, захопленай. Чароўную «жанчыну-цукерку» Клару сыграла І. Лакштанава ў спектаклі «Доктар» Б. Нушыча (1956): вытачаная фігурка, жаноцкасць, графічная выразнасць сцэнічнага малюнка… Так складалася пэўнае акрэсленае амплуа актрысы. Шчырасць і чысціня вылучалі Катрын у выкананні І. Лакштанавай у спектаклі «Матухна Кураж і яе дзеці[ru]» Б. Брэхта (1962). Роля яе без адзінага слова (Катрын нямая), але ўсё нешчаслівае жыццё абяздоленай жанчыны, увесь яе боль, крушэнне надзей і мужнасць зрабілі вялікае ўражанне на гледачоў.

Іграючы каралеву Лізавету ў спектаклі «Марыя Сцюарт» Ф. Шылера (1970), І. Лакштанава здолела з уласцівай ёй паслядоўнасцю пранікнуць у тайнікі душы жанчыны і каралевы, адшукаць пабуджальныя матывы ўчынкаў, велічы і нізасці, здолела пранікнуцца спагадай і агідай. Актрыса не столькі паказала нам вынікі, колькі зрабіла сам працэс аналізу бачным і захапляючым. Гэта была нечаканая грань творчасці І. Лакштанавай. Скупы на пахвалу малдаўскі драматург І. Друцэ напісаў на праграмцы спектакля па сваёй п’есе «Птушкі нашай маладосці» (1972): «Лепшай Арціне». Ільза Лакштанава, па агульным меркаванні, артыстка ніяк не бытавога плана, сыграла цярплівую, рана пастарэлую малдаўскую сялянку з такой сілай спагады, пранікнення ў няхітры жаночы лёс, што ціхая, сціплая Арціна стала высокім сімвалам.

У спектаклі «Рэтра» А. Галіна (1980) І. Лакштанава сыграла ролю былой балерыны Розы Аляксандраўны Песачынскай. Вобраз быццам вышыты найтанчэйшай строчкай. Інтанацыя, мімалётная ўсмешка, позірк, жэст — усё так тонка, нібыта гэта і ёсць галоўная задача актрысы — захапіць гледача прыгажосцю і мудрагелістасцю ўзора. Але ж разам з тым актрыса імкнецца выявіць назапашанае, захаванае ў душы, прагне абуджаць спачуванне, спагадлівасць, чалавечнасць. Вылучаюцца такія ролі актрысы, як Ганна, Алена, Ліза («Варвары», «Мяшчане[ru]», «Дзеці сонца» М. Горкага), Клаўдзія («Дзеці Ванюшына» С. Найдзёнава), Калугіна («Саслужыўцы» Э. Брагінскага[ru] і Э. Разанава), старая Ганна («Апошні тэрмін» паводле В. Распуціна), Вольга («Нашэсце» Л. Лявонава[ru]), Марта Боль («Фізікі» Ф. Дзюрэнмата) і інш.

Індывідуальнасці І. Лакштанавай уласцівы спалучэнне рэальнасці з паэтычным светам, імкненне раскрыць ва ўсёй глыбіні псіхалогію вобраза, выявіць найтанчэйшыя душэўныя зрухі складаных чалавечых характараў.

Сям’я правіць

Жонка акцёра і рэжысёра Іосіфа Пятровіча Лакштанава (1911—1986).

Зноскі

  1. Бушко, Т. Святло незабыўных імгненняў / Тамара Бушко. — Мінск, 1985. — С. 136.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць