Інтэрніраванне японцаў у ЗША
Інтэрніраванне японцаў у ЗША — гэта тэрмін, якім апісваюць прымусовае перасяленне японскіх, карэйскіх і тайваньскіх імігрантаў, грамадзян ЗША японскага, карэйскага і кітайскага паходжання, а таксама асоб экстрадыраваных з краін Лацінскай Амерыкі ў месцах масавага зняволення грамадзян на тэрыторыі Злучаных Штатаў падчас Другой сусветнай вайны. Усяго было інтэрніравана больш за 100 тыс. японцаў на падставе іх патэнцыяльнай магчымасці супрацоўнічаць з Японіяй у форме шпіянажу, тэрарыстычнай дзейнасці ці сабатажу. Інтэрніраваныя японцы былі поўнасцю рэабілітаваны ў 1980-х гг.
Сітуацыя напярэдадні інтэрніравання
правіцьЯпонскае насельніцтва ЗША
правіцьНа канец 1941 г. ў ЗША жылі 127 тыс. японцаў, з іх 112 тыс. — на заходнім узбярэжжы[1] Прыкладна 80 тыс. японцаў у ЗША былі амерыканскімі грамадзянамі[2].
Адносіны да японцаў пасля налёту на Перл Харбар
правіць7 снежня 1941 г. японская авіяцыя нанесла раптоўны налёт на амерыканскую ваенную базу ў Перл Харбар. Паколькі японская армія паспяхова дзейнічала ў Азіі ў папярэднія гады, сярод амерыканцаў узніклі апаскі, што японцы могуць напасці на кантынентальную тэрыторыю ЗША. Напярэдадні вайны з Японіяй адносіны да японскіх імігрантаў сярод грамадзян ЗША былі рознымі і многія амерыканцы не бачылі ў іх патэнцыяльнага ворага.[3], але пасля налёту на Перл Харбар у грамадстве Злучаных Штатаў узрасла нянавісць да японцаў, як і ўвогуле да асоб мангалоіднай расы. Праблема ўзмацнілася пасля інцыдэнту на востраве Нііхаў неўзабаве пасля налёту на Перл Харбар: тры мясцовых японца вызвалілі з палону японскага ваеннага лётчыка з прымяненнем сілы супраць жыхароў вострава, якія трымалі палоннага[4].
Заканадаўчая база інтэрніравання японцаў і іншых "патэнцыяльна небяспечных чужынцаў"
правіцьПасля нападу на Перл Харбар прэзідэнт ЗША Франклін Дэлана Рузвельт падпісаў тры пракламацыі: 2525, 2526 і 2527, якія аб'яўлялі эмігрантаў з Японіі, Германіі і Італіі «патэнцыяльна небяспечнымі чужынцамі» (літ.: alien enemies — «імігранты ворагі»), правы якіх на тэрыторыі ЗША значна абмяжоўваліся. Так Пракламацыя 2525, якая распаўсюджвала сваё дзеянне на японцаў ва ўзросце ад 14 год, змяшчала наступныя абмежаванні:
(1) Ніхто з патэнцыяльна небяспечных чужынцаў не можа знаходзіцца на тэрыторыі Зоны Канала і ніхто з іх не можа ні прыехаць на Гавайскія ці Філіпінскія а-вы ні пакінуць іх без адпаведнай пастановы міністра юстыцыі. Пры парушэнні гэтага абмежавання патэнцыяльна небяспечным чужынцам ці пры знаходжанні такога чужынца ў забароненай мясцовым ваенным камандаваннем для наведвання зоне ў Зоне Канала, на Гаваях і Філіпінах, патэнцыяльна небяспечны чужынец падлягае затрыманню уладай мясцовага ваеннага губернатара ці непасрэдна ваеннага міністра, і такі чужынец будзе ўтрымлівацца пакуль распараджэннем ваеннага міністра не будзе вызначана, ці ўтрымліваць яго ў зняволенні далей, ці вызваліць, ці вызваліць пад заклад, згодна з абставінамі.
(2) Улада вызначаць тэрыторыі, абмежаваныя для наведвання, і затрымліваць патэнцыяльна небяспечных чужынцаў на тэрыторыі Зоны Канала, Гавайскіх астравоў ці Філіпінскіх астравоў знаходзіцца ў юрысдыкцыі мясцовага ваеннага кіраўніцтва, якое мусіць дзейнічаць ў згодзе з вышэйазначанымі пастановамі пад кіраўніцтвам ваеннага міністра.
(3) Ніхто з патэнцыяльна небяспечных чужынцаў не можа прыехаць на Аляску, у Пуэрта Рыка ці на Віргінскія астравы альбо пакінуць іх без адпаведнай пастановы міністра юстыцыі. Пры парушэнні гэтага абмежавання патэнцыяльна небяспечным чужынцам ці пры знаходжанні такога чужынца ў забароненай мясцовым камандаваннем арміі і флоту для наведвання зоне ў Алясцы, Пуэрта Рыка і на Філіпінах, патэнцыяльна небяспечны чужынец падлягае затрыманню уладай міністра юстыцыі, які будзе ажыццяўляць сваю ўладу ў супрацоўніцтве з федэральным атарнэям, і такі чужынец будзе ўтрымлівацца пакуль распараджэннем ваеннага міністра не будзе вызначана, ці ўтрымліваць яго ў зняволенні далей, ці вызваліць, ці вызваліць пад заклад, згодна з абставінамі.
(4) Ваеннае камандаванне Аляскі і Пуэрта Рыка, а таксама камандаванне флоту Віргінскіх астравоў маюць права вызначаць тэрыторыі, абмежаваныя для наведвання.
(5) Ніхто з патэнцыяльна небяспечных чужынцаў не можа ніколі і нідзе валодаць ці карыстацца наступнымі рэчамі:
а. Агнястрэльнай зброяй.
б. Іншымі відамі ваеннай зброі, ці дэталямі да пэўнага віду ваеннай зброі.
в. Боепрыпасамі.
г. Бомбамі.
д. Выбуховымі рэчывамі ці матэрыяламі, з якіх магчыма рабіць выбуховыя рэчывы.
е. Караткахвалевымі радыёпрыёмнікамі.
ж. Радыёперадатчыкамі.
з. Сігнальнымі прыборамі.
і. Кодамі альбо шыфрамі.
к. Фотаапаратамі.
л. Дакументамі, матэрыяламі ці кнігамі, у якіх могуць знаходзіцца нябачныя надпісы; фатаграфіі, эскізы, замалёўкі, карты, ці графічныя выявы пэўнага ваенных ці ваенна-марскіх прыбораў, абсталявання, зброі, боепрыпасаў і іншых рэчаў, якімі карыстаюцца армія і флот ЗША падчас правядзення баявых дзеянняў, на баявых пастах і ў вайсковым размяшчэнні. Калі нешта з вышэйазначаных рэчаў будзе знойдзена ў патэнцыяльна небяспечных чужынцаў, яно павінна быць канфіскавана.
(6) Ніхто з патэнцыяльна небяспечных чужынцаў не можа карыстацца самалётам ці паветраным шарам, знаходзячымся ва ўласнасці дзяржавы, камерцыйнай структуры альбо прыватнай асобы без спецыяльнага дазволу[5]...
14 студзеня 1942 г. Ф. Д. Рузвельт падпісаў Пракламацыю 2537, якая накладала на патэнцыяльна небяспечных чужынцаў абавязак паведамляць пра змену імя, прозвішча, месца жыхарства ці працы ў Федэральнае бюро расследаванняў.
Наступным крокам стала прыняцце 19 лютага 1942 г. прэзідэнтам ЗША спецыяльнага распараджэння аб дазволу ваенным вызначыць спецыяльныя зоны, якія былі б забароненымі для наведвання «патэнцыяльна небяспечным чужынцам». У гісторыю гэта распараджэнне ўвайшло як Загад 9066. З гэтага пачалося масавае адсяленне «патэнцыяльна небяспечных чужынцаў», ў тым ліку і грамадзян ЗША, ў спецыяльна размеркаваныя для іх месцы[6]. Таксама гэта датычылася асоб, якія толькі напалову былі японцамі альбо мелі японцаў сярод далёкіх продкаў[7].
Інтэрніраванне японцаў
правіцьГрамадская падтрымка ўрадавых акцый супраць японцаў
правіцьНягледзячы на тое, што многія амерыканскія грамадзяне, якія не падпадалі пад абмежаванні вышэйзгаданых загадаў і пракламацый прэзідэнта, не падтрымлівалі ідэю ізаляцыі японцаў, гісторыя захавала прыклады падтрымкі і апраўдання такіх рэпрэсій. Вось якая думка была распаўсюджана сярод фермераў:
«Нас абвінавачваюць што мы жадаем пазбавіцца ад япошак з-за эгаістычных прычын. Так і ёсць. Стаіць пытанне ці будзе белы чалавек жыць на ціхаакіянскім узбярэжжы або жоўты. Жоўтыя прыйшлі ў гэтую даліну працаваць і засталіся каб забраць усё сабе... Калі б усіх япошак заўтра вывезлі адсюль, праз пару тыдняў мы б перасталі пра іх сумаваць, бо белыя фермеры занялі б іх месца і расцілі б ўсё тое ж, што і япошкі. Таксама не будуць патрэбны яны нам і калі вайна скончыцца»[8].
А вось словы журналіста Генры Маклемора:
«Я за неадкладную дэпартацыю ўсіх японцаў з заходняга ўзбярэжжа куды-небудзь углыб. Пры гэтым я не маю на ўвазе нейкае добрае месца. Загнаць іх у гурт пагнаць іх прэч і прыгнаць на бясплодныя землі. Асабіста я ненавіджу японцаў. І ўсё, што з імі звязана»[9].
Газета Лос Аджэліс Таймс таксама пісала падобнае:
«Гадзюка застанецца гадзюкай, дзе б ні вылупілася яе яйка.... Такім жа чынам, амерыканскі японец, які нарадзіўся ад бацькоў-японцаў, выхаваны ў японскіх традыцыях перанесеных у Амерыку, жыве ў японскім асяроддзі... хоць і можа фармальна быць амерыканскім грамадзянінам, але за рэдкімі выключэннямі вырастае японцам, а не амерыканцам.... Таму, нават калі гэта можа быць несправядлівым да кагосьці з іх, мы павінны адносіцца да ўсіх іх як да патэнцыяльных ворагаў — я не магу зрабіць іншай высновы — пакуль не скончыцца вайна з іх народам»[10].
Месцы размяшчэння інтэрніраваных японцаў
правіцьІнтэрніраваных японцаў размяшчалі наступным чынам: частку людзей адпраўлялі ў грамадзянскія зборныя цэнтры, якімі кіравала Адміністрацыя кантролю грамадзян у час вайны, частку — ў эвакуацыйныя цэнтры, якія былі пад кіраўніцтвам Ваенна-эвакуацыйнай службы, а тых нямногіх, каго затрымалі ў падазрэнні ў падтрымцы ворага, адпраўляліся лагеры інтэрніраваных пад кіраўніцтвам міністэрства юстыцыі ЗША. Яшчэ некаторыя японцы патрапілі ў ваенныя і федэральныя турмы. Цікава, што ў грамадзянскіх зборных цэнтрах і ў эвакуацыйных цэнтрах знаходзіліся пераважна адны японцы, калі не лічыць асоб іншых нацыянальнасцяў з краін, якія тады былі калоніямі Японіі (Карэя, Тайвань), а ў лагерах інтэрніраваных нярэдка японцы знаходзіліся разам з іншымі патэнцыяльна небяспечнымі чужынцамі — італьянскімі і нямецкімі эмігрантамі (прычым як з ЗША, так і з краін Лацінскай Амерыкі).
Акрамя 7 тыс. японцаў ЗША, накіраваных непасрэдна ў лагеры інтэрніраваных, яшчэ 2264 японскіх эмігранта былі экстрадыраваны ў ЗША з краін Лацінскай Амерыкі, пераважна з Перу, і таксама накіраваны ў тыя ж лагеры[11]. Пазней, у верасні 1943 г. больш за тысячу інтэрніраваных японцаў з ЗША, Канады і Лацінскай Амерыкі абмянялі на неваенных амерыканцаў, якіх у сваю чаргу інтэрніравалі японскія ўлады[12]. Афіцыйна ў Японскую імперыю вярнуліся дабравольцы, але цяпер дакладна вызначыць гэта праблематычна. Некаторыя японцы сапраўды жадалі вярнуцца на сваю Бацькаўшчыну, але маглі быць і тыя, хто згадзіўся на вяртанне ў Японію, як на меншае ліха (бо ў іх быў выбар жыць у лагеры ў адносна дэмакратычнай краіне ці на свабодзе ў аўтарытарнай, якой была тагачасная Японія)[13][14]
Умовы жыцця інтэрніраваных
правіцьЯкасць жыцця ў розных цэнтрах і лагерах была рознай. Асноўнай праблемай была слабая папярэдняя падрыхтоўка да перасялення больш за 100 тыс. чалавек у зборныя і эвакуацыйныя цэнтры. Многія будынкі, у сувязі з іх катастрафічным дэфіцытам, будаваліся паводле тыпавых праектаў вайсковых баракаў. У эвакуацыйных цэнтрах, згодна справаздачы Ваенна-эвакуацыйнай службы за 1943 г. інтэрніраваныя асобы знаходзіліся ў «бараках простай рамкавай канструкцыі без водаправоду, каналізацыі ці кухні». І трэба зазначыць, што ў такіх бараках жылі не ваеннапалонныя салдаты, а сем'і.
Харчаванне інтэрніраваных японцаў у розных лагерах і цэнтрах таксама не было аднолькавым. Так у эвакуацыйным цэнтры «Харт Маўнцін» (паўночы захад штата Вайёмінг) на душу насельніцтва штодзень спажывалі каля 45 цэнтаў[15]. Некаторыя інтэрніраваныя не былі добра падрыхтаваны да пражывання ў зімовых умовах на паўночным захадзе ЗША. Былі выпадкі калі ахова страляла ў інтэрніраваных, якія спрабавалі пакінуць лагер ці цэнтр без дазволу. Але пры гэтым дзецям і падлеткам дазвалялася хадзіць у школу ці каледж за межамі цэнтра ці лагера, многім дарослым таксама дазвалялі працаваць за межамі цэнтраў. У некаторых выпадках японцаў, якія добра трымаліся абмежаванняў у месцах зняволення і даказалі сваю лаяльнасць уладам ЗША, дазвалялі вярнуцца дадому[16].
Медыцынскае абслугоўванне ў лагерах і цэнтрах было слабым, і частка зняволеных памерла, не дачакаўшыся вызвалення ў 1945–46 гг.
Некаторыя з інтэрніраваных японцаў, як ужо было зазначана раней, выказалі пажаданне вярнуцца ў Японію. Такіх японцаў, частка з якіх адмовілася ад амерыканскага грамадзянства, звычайна перасялялі ў лагер «Ц'юлей Лейк», адкуль 1327 з іх дэпартавалі ў Японію. Адзін з японцаў, адмовіўшыхся ад амерыканскага грамадзянства, Мінору Кіёта, пазней успамінаў:
«Мая адмова была выражэннем кароткачасовага эмацыянальнага пратэсту, рэакцыяй на гады цкавання, ад якога пацярпеў як я сам, так і іншыя амерыканскія японцы, у асаблівасці ад зняважлівага допыту з боку агента ФБР ў «Тапазе» і здзекаў ад бандытаў і аховы ў «Ц'юлей Лейк»[17].
Былі і добраахвотнікі даказаць сваю лаяльнасць ЗША. З некаторых інтэрніраваных амерыканскіх японцаў армія ЗША сфарміравала 442-ую палкавую баявую групу, якая ваявала пераважна ў Італіі. Таксама частку японцаў выкарыстоўвалі ў якасці ваенных перакладчыкаў на японскім фронце. Усяго прыкладна 20000 амерыканскіх японцаў — мужчын і жанчын — служылі ў арміі ЗША падчас Другой сусветнай вайны[18]. Пры гэтым нярэдка сем'і гэтых салдат па-ранейшаму знаходзіліся у эвакуацыйных і зборных цэнтрах. Аналагічныя выпадкі былі і ў арміі Канады.
Даволі нязначны працэнт японскага насельніцтва Гаваяў было заключана ў мясцовыя лагеры інтэрніравання. Часткова гэта было звязана з значнай колькасцю японцаў, якіх было праблематычна выселіць з Гавайскіх астравоў бо гэта выклікала б недахоп рабочай сілы і стварыла б транспартныя праблемы, а часткова з прынцыповай пазіцыяй мясцовай ваеннай і цывільнай адміністрацыі, якія не жадалі масавых рэпрэсій на астравах без падставы і пры наяўнасці ваеннага палажэння.
Вызваленне інтэрніраваных японцаў
правіцьЗ 2 студзеня 1945 г. пачалося паступовае вызваленне затрыманых японцаў, якім давалі 25 долараў і білет дадому. Частка інтэрніраваных проста не мела фінансавых магчымасцяў пакінуць лагер ці цэнтр і працягвала жыць там добраахвотна. Яшчэ некаторых трымалі ў «Ц'юлей Лейк» да 1946 г. перад рэпатрыяцыяй ў Японію.
З вызваленнем праблемы амерыканскіх японцаў не скончыліся, бо многія з іх згубілі значную частку сваёй рухомай і нерухомай маёмасці ці вымушаны былі яе хутка прадаць пасля вызвалення. Сярод іншых праблем былі дыскрымінацыя з боку белых амерыканцаў і мясцовых адміністрацый. Таксама ў многіх, перажыўшых дрэнныя стасунакі у лагерах і цэнтрах, развілася дэпрэсія[19].
Рэабілітацыя амерыканскіх грамадзян японскага паходжання
правіцьАкрамя некаторай кампенсацыі частцы былых інтэрніраваных асоб ў 1940–50-я гг., большасць амерыканскіх японцаў нічога не атрымалі за страчаную маёмасць, і іх зняволенне не разглядалася як несправядлівае.
У 1960-х гг. ЗША ахапіла хваля пратэстаў, да якой далучыліся маладыя амерыканскія японцы. Яны распачалі «Рух за аднаўленне», мэтай якога была не столькі дзяржаўная кампенсацыя страчанай маёмасці іх бацькоў, колькі прызнанне несправядлівасці самога інтэрніравання амерыканскіх японцаў у 1942–46 гг. Часткова гэта мэта была дасягнута, калі ў 1976 г. прэзідэнт ЗША Джэральд Форд аб'явіў інтэрніраванне амерыканскіх японцаў нацыянальнай памылкай, якую нельга паўтараць[20]. У 1980 г. пад ціскам Лігі амерыканскіх грамадзян японскага паходжання Кангрэс ЗША стварыў Камісію па эвакуацыі і інтэрніраванню цывільнага насельніцтва падчас вайны. 24 лютага 1983 г. Камісія прадставіла справаздачу, якая асудзіла такое інтэрніраванне як несправядлівае[21] і прапанавала выплаціць па 20 тыс. дол. кампенсацыі кожнаму жывому амерыканскаму японцу, які перажыў інтэрніраванне.
У 1988 г. Прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган падпісаў Акт грамадзянскіх свабод, які гарантаваў кампенсацыю ў 20 тыс. дол. кожнаму амерыканскаму японцу, які перажыў інтэрніраванне і быў жывы на момант прыняцця Акта. Таксама прэзідэнт афіцыйна папрасіў прабачэння ў амерыканскіх грамадзян японскага паходжання за несправядлівыя адносіны у 1940-я гг.
7 снежня 1991 г. прэзідэнт ЗША Джордж Буш таксама афіцыйна папрасіў прабачэння ў амерыканскіх японцаў за несправядлівае пазбаўленне свабоды ў 1940-х гг. А ў 1992 г. ў фонд кампенсацыі ахвярам палітыкі інтэрніравання амерыканскіх японцаў дадалі 400 млн дол., каб кожны яшчэ жывы амерыканец японскага паходжання, які перажыў інтэрніраванне, мог атрымаць свае 20 тыс. дол.
Ацэнка амерыканскай палітыкі інтэрніравання ў гісторыі
правіцьТрэба прызнаць, што ў 1930–40-х гг. інтэрніраванне выхадцаў з варожай краіны было звычайнай практыкай. У СССР перасяляліся шматлікія народы, у Польшчы пасля пачатку Другой сусветнай вайны таксама інтэрніравалі мясцовых немцаў, нярэдка ў тыя ж лагеры, дзе знаходзіліся крымінальныя злачынцы, камуністы і ўкраінскія нацыяналісты. Меры, аналагічныя дзеянням ЗША супраць японскіх, нямецкіх і італьянскіх эмігрантаў, праводзіла Канада. У ЗША экстрадыравалі многіх японцаў і немцаў з краін Лацінскай Амерыкі. Шырокія колы амерыканскага грамадства як і многія палітычныя дзеячы падтрымлівалі гэта як ваенную неабходнасць. Некаторыя з апалагетаў інтэрніравання японцаў прыводзілі антыамерыканскую пазіцыю многіх японцаў, зняволеных у «Ц'юлей Лейк», як апраўданне рэпрэсіям.
Цікава, што сучасны расійскі пісьменнік публіцыст А. Бушкоў у сваіх кнігах пра І. Сталіна (у прыватнасці «Ледзяны трон») таксама разглядаў інтэрніраванне японцаў, як практычную і мэтазгодную акцыю ўрада Рузвельта.
Афіцыйная амерыканская гістарыяграфія звычайна прысвячае гэтай праблеме некалькі радкоў: інтэрніраванне было несправядлівым, былі пацярпелыя сярод японцаў, яны атрымалі кампенсацыю і ў іх папрасілі прабачэння[22]. У савецкай і пост-савецкай гістарыяграфіі гэта тэма малараспрацавана, магчыма, па прычыне большай цікаўнасці вучоных і грамадства да рэпрэсій ў СССР.
Тым не менш, у мемуарнай літаратуры былых інтэрніраваных японцаў і ў кнігах амерыканскіх даследчыкаў праблемы тэма інтэрніравання амерыканскіх японцаў распрацавана даволі грунтоўна. Тэма інтэрніравання японцаў закранута ў музычнай творчасці Амерыкі (песня «Манзанар» Тома Расела і інш). Таксама ў Акказасе працуе музей інтэрніравання амерыканскіх грамадзян японскага паходжання.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Okihiro, Gary Y. The Columbia Guide to Asian American History. 2005, page 104
- ↑ Nash, Gary B., Julie Roy Jeffrey, John R. Howe, Peter J. Frederick, Allen F. Davis, Allan M. Winkler, Charlene Mires, and Carla Gardina Pestana. The American People, Concise Edition Creating a Nation and a Society, Combined Volume (6th Edition). New York: Longman, 2007
- ↑ Irons, Peter. Justice At War: The Story of the Japanese American Internment Cases. University of Washington Press, 1993, pр. 7-9
- ↑ Prange, Gordon W. December 7, 1941: The Day the Japanese Attacked Pearl Harbor. McGraw Hill, New York, 1962, pp. 375–77
- ↑ Гісторыя ЗША ў дакументах: Пераклады на беларускую А. Берастоўскі і інш., Мн., 2014
- ↑ WWII Enemy Alien Control Overview Архівавана 13 верасня 2016. from archives.gov Retrieved January 8, 2007
- ↑ Ellen Clare Kennedy. The Japanese-American Renunciants: Due Process and the Danger of Making Laws During Times of Fear. Japan Policy Research Institute, Кастрычнік 2006 г. Архівавана 15 жніўня 2009.
- ↑ Korematsu v. United States dissent by Justice Frank Murphy, footnote 12, reproduced at findlaw.com. Retrieved September 11, 2006
- ↑ Neiwert, David. The Eliminationists: How Hate Talk Radicalized the American Right. 2009, page 195
- ↑ Niiya, Brian. Japanese American History. 1993, page 54
- ↑ Connel, Thomas. America's Japanese Hostages. 2002, page 145-8
- ↑ Connell, Thomas. (2002). America's Japanese Hostages: The US Plan For A Japanese Free Hemisphere. Table 13-1 [1] Westport: Praeger-Greenwood. ISBN 9780275975357; OCLC 606835431
- ↑ А. Берастоўскі. Эпоха «таварыша» Рузвельта. Частка 1(недаступная спасылка) Сайт «Историческая правда»
- ↑ Цікава, што пасля вайны частка японцаў, экстрадыраваных падчас вайны ў ЗША, не магла вярнуцца ў Перу, бо ім адмовілі ў аднаўленні грамадзянства. Гэта выклікала новую хвалю рэпатрыяцыі ў Японію. Таксама частка з былых экстрадыраваных японцаў атрымала грамадзянства ЗША.
- ↑ Dillon S. Myer. "Work of the War Relocation Authority, An Anniversary Statement". The Harry S. Truman Library & Museum, March 1943 Архівавана 11 жніўня 2015.
- ↑ Mikiso Hane. "Wartime Internment". Organizer of American Historians 1990
- ↑ Kiyota, Minoru and Keenan, Linda Klepinger. Beyond Loyalty. 1997, page 129
- ↑ Japanese American women in World World II
- ↑ Brian Niiya. "Japanese American history : an A-to-Z reference from 1868 to the present". NY, Facts On File, 1993, page 143
- ↑ Stone, Geoffrey R. Perilous Times. 2004, page 305
- ↑ title=Personal Justice Denied
- ↑ Гл. напрыклад падручнік па гісторыі ЗША, які распаўсюджваецца амерыканскімі пасольствамі: An Outline of American History. Published by US Information Agency, p. 269